epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Свята песні

 

 

На высокім зялёным кургане, які пануе над бязмежным прасторам Нарачы і над усім наваколлем, высіцца помнік-абеліск.

На помніку надпіс:

1941—1945
СЛАВА НАШАМУ ВЯЛІКАМУ НАРОДУ,
НАРОДУ-ПЕРАМОЖЦУ!
ВЕЧНАЯ СЛАВА
ПАРТЫЗАНАМ І ПАРТЫЗАНКАМ,
ЯКІЯ АДДАЛІ СВАЁ ЖЫЦЦЁ ЗА СВАБОДУ І
І НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ НАШАЙ РАДЗІМЫ

Перад абеліскам на шырокай пляцоўцы — сцэна з памостам-эстрадай. Да абеліска вядуць з абодвух бакоў па схілах кургана каменныя лесвіцы. Крыху ніжэй — рады лавак для гледачоў. Тут размясціліся дзеці. За імі стаіць вялікі натоўп. На лугавіне каля кургана цэлае мора галоў.

Каля шматлікіх часовых ларкоў, пабудаваных напярэдадні свята, ідзе бойкі гандаль рознымі рэчамі і прадуктамі. З Маладзечна і Мінска сюды прывезлі шмат усялякіх тавараў.

Тут прадаюцца і некаторыя мясцовыя вырабы — пернікі з яркай глазураванай афарбоўкай, з белымі, ружовымі і зялёнымі ўзорамі. Пернікі маюць форму рыбы, мядзведзя, каня.

За ларкамі стаяць калёсы з узнятымі ўгору аглоблямі, грузавыя машыны, ляжаць складзеныя ў кучу веласіпеды. Яны ў гэтай мясцовасці асабліва распаўсюджаны. На іх ездзяць часта і старыя кабеты з кашолкамі, у якіх ляжаць яйкі ці сядзяць гарластыя пеўні са звязанымі крыламі і нагамі.

Свята пачалося ў адзінаццаць гадзін.

— На гэтым месцы быў вялікі бой партызанаў з фашыстамі, — сказаў мне Радзевіч. — Тут пахаваны партызаны, якія загінулі ў тым баі.

Хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальным адзенні ўскладаюць да падножжа абеліска вянкі і кветкі. Гучыць поўная смутку і жалобы мелодыя «Рэквіема» Шапэна.

Вялікі шматтысячны натоўп некалькі хвілін стаіць моўчкі, зняўшы шапкі.

Потым пачынаюцца выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці. Адзін за адным выходзяць на сцэну хоры, аркестры, танцоры і спевакі.

У яркім, шматкаляровым адзенні ўдзельнікі канцэрта складаюць адно прыгожае, маляўнічае цэлае, цудоўнае відовішча пад сінім небам у натуральным амфітэатры на зялёным схіле кургана.

Звонка і весела гучаць над Нараччу народныя інструменты — гармонікі і скрыпкі, жалейкі і цымбалы. Круцяцца, як віхор, рознакаляровыя спадніцы дзяўчат, віюцца ў паветры светлыя косы з яркімі стужкамі.

Лунаюць над возерам песні пра мір, пра дружбу і каханне, пра шчаслівае жыццё і вольную працу.Высока ў небе, над абеліскам, над вялікім і шумным натоўпам людзей, праляцеў, шырока раскінуўшы магутныя крылы, арлан-белахвост.

Мы праводзім яго вачыма.

— Гэта — добрая адзнака, — задаволена шапнуў Франц Антонавіч. — Гэта — на шчасце, на дабро!

Да позняга вечара зацягнулася народнае гулянне на беразе возера. І да самага вечара кружылі над сінімі водамі Нарачы белакрылыя чайкі, нібы падзяляючы святочную радасць людзей.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан