epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

У рыбгасе

 

 

У цэнтры пасёлка стаіць даволі прасторны атынкаваны дом з драўлянымі калонамі перад уваходам. Каля дзвярэй вісіць дошка з паказчыкамі выканання плана рыбнай лоўлі.

Тут знаходзіцца дырэкцыя рыбнай гаспадаркі.

На адной лініі з гэтым домам выцягнуліся між брукаванай дарогай і берагам возера яшчэ некалькі дамоў. Усе яны новыя, яшчэ непафарбаваныя, з бліскучымі цынкавымі дахамі. У гэтых дамах жывуць працаўнікі рыбгаса. Вакол дамоў агароды.

Крыху далей, на другім баку пасёлка, на ўзгорку пад соснамі, знаходзіцца рыбакансервавы завод. Побач з ім высіцца белы будынак халадзільніка.

Забрукаваная роўнымі каменнямі дарога абсаджана, нібы алея, высокімі таполямі. З аднаго боку дарогі — нізкі бераг возера, з другога — сасновы лес на пясчаных узгорках.

Таполі надаюць дарозе паэтычную задумлівасць. Сонца свеціць скрозь густое лісце, пакрываючы брук трапяткою сеткай залацістых плямак.

Я наведаў завод. Тут працуюць цэхі халоднага і гарачага вэнджання, кансервавы і вязальны. У апошнім вяжуць рыбацкія сеці.

Гарачым спосабам вэндзяць вугра і сяляву, якая пад назвай усім вядомых «капчушак» ідзе ў плоскіх фанерных скрынках у рыбныя магазіны. З цэха халоднага вэнджання і вялення выходзіць не менш папулярная «вобла», ці «таранка», — вэнджаная і сухая плотка. Кансервавы цэх выпускае ў бляшанках рыбныя кансервы ў тамаце пад назвай «Дробны часцік», якія вырабляюцца з верхаводак, плотак і маленькіх акунькоў.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан