Сонечнае, яснае ранне. Над палямі разыходзіцца туман. Сёння ноччу былі першыя замаразкі.
На досвітку ў сасновым бары каля пасёлка Крайцы вылі ваўкі. Сярод высокіх галасоў маладых вылучаўся хрыплаваты бас старога, мацёрага ваўка.
Воўчая зграя з’яўляецца адной сям’ёй. Яна складаецца з самца і самкі, з ваўчанят, якія нарадзіліся сёлета, і з ваўчанят-пераяркаў, якія нарадзіліся ў мінулым годзе.
Пад восень пераяркі, што жылі і палявалі ў летні час паасобку, далучаюцца да сям’і сваіх бацькоў.
Гэта і ёсць зграя.
Кожная ваўчыная сям’я мае свой уласны паляўнічы ўчастак, радыусам у пятнаццаць і больш кіламетраў ад логава. У межы гэтага ўчастка яны не дапускаюць чужых ваўкоў.
Воўк становіцца дарослы на трэцім годзе жыцця. Ён абзаводзіцца ў гэты час сваёй сям’ёй і сваім участкам для палявання.
Самец і самка жывуць разам на працягу ўсяго жыцця. Калі самка гіне, самец бярэ сабе новую з пераяркаў. У сям’і-зграі бывае часам да чатырнаццаці ваўкоў — бацька, матка, шэсць ваўчанят сёлетніх і шэсць леташніх. Але найчасцей сустракаюцца зграі з шасці — васьмі галоў.
На тэрыторыі запаведніка воўк бязлітасна знішчаецца, як і ўсюды. Яго можна забіваць у любы час года. Адстрэл ваўка з’яўляецца службовым абавязкам егераў, і яны гэта робяць пры кожным зручным выпадку.
Мы паехалі з Леанідам Васільевічам агледзець садок для ваўка, пастаўлены ў лесе каля вёскі Слабада, на паўночнай ускраіне запаведніка.
Мінуўшы знаёмае ўжо сяло Домжарыцы, мы едзем сасняком па дарозе, якая перасякае тракт Бягомль — Лепель.
Каля вёскі Ствольная ўзвышаецца сярод поля даволі вялікая група старадаўніх курганоў У гэтай мясцовасці хлапчукі часта знаходзяць чалавечыя косці, стрэлы, нажы і сякеры з каменя.
Праехалі вёскі Слабаду і Федаркі. У дзесяці кіламетрах ад Федаркоў знаходзяцца Пуцілкавічы, радзіма паэта Петруся Броўкі.
За вёскай Бедзін пачынаецца ўзвышаная мясцовасць. Вакол маляўнічыя ўзгоркі.
Вёска Асецішча размясцілася на беразе возера з той жа назвай. На супрацьлеглым беразе цямнее на даляглядзе лес. Там ужо тэрыторыя Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. З гэтага боку паміж вёскай і возерам шырокі балоцісты луг. Адсюль дваццаць два кіламетры да Лепеля.
Леанід Васільевіч пайшоў у Асецішча. У яго там нейкая справа да лесніка Агапонькі.
Я чакаю яго на беразе.
З высокай травы ўзлятаюць качкі.
Над вёскай плыве ў небе ястраб.
Адсюль мы едзем у вёску Слабаду. Садок для ваўка пастаўлены ў сасновым лесе, за паўтара кіламетра ад вёскі.
Леанід Васільевіч хоча праверыць, ці правільна зроблены садок.
Мы ідзём у лес.
Паветра напоена водарам жывіцы.
Злёгку шумяць вершаліны высокіх хвой.
Садок мы ўбачылі яшчэ здалёку. Гэта — два кругі з высокіх завостраных і шчыльна пастаўленых адзін да аднаго калоў. Адзін круг, меншы па памерах, знаходзіцца ў другім, большым крузе. З аднаго круга ў другі трапіць немагчыма.
Уваход у садок зроблены так, каб звер мог увайсці, але выйсці не мог. Увайшоўшы ў калідор паміж каламі, ён будзе бясконца хадзіць па крузе і не знойдзе ніколі выхаду, бо дзверы зроблены так, што кожны раз самі зачыняюцца, калі воўк падыходзіць да гэтага месца. Ён сам іх закрывае сваім тулавам, а назад павярнуцца не можа.
На ноч, каб прывабіць ваўка, садзяць ва ўнутраны круг казляня ці сабаку. Дабрацца да гэтай прынады воўк усё роўна не зможа.
Леанід Васільевіч аглядае садок і гаворыць, што ён зроблены правільна.
— Ці апраўдваюць сябе такія садкі? — пытаюся я.
— Мы пачынаем карыстацца імі ўпершыню, — адказвае Леанід Васільевіч. — Гэты садок — першы. Есць і больш эфектыўныя сродкі, але супроць ваўка трэба змагацца ўсімі спосабамі.
Адным з найбольш дзейсных сродкаў барацьбы з ваўкамі, асабліва ў мясцовасці з узгоркамі і пералескамі, Леанід Васільевіч лічыць масавыя аблавы. Такія аблавы егеры запаведніка праводзяць у зімовы час пры дапамозе насельніцтва.
Зімой галодныя ваўкі за адну ноч праходзяць у пошуках здабычы некалькі дзесяткаў кіламетраў, але на днёўку часта вяртаюцца ў аблюбаваны імі пералесак.
Для таго каб паспяхова падрыхтаваць аблаву, трэба перш за ўсё даведацца, дзе адпачываюць ваўкі пасля сваёй начной вандроўкі. Гэта можна дакладна ўстанавіць па слядах.
— Уявіце сабе марозны зімовы дзень, — гаворыць Леанід Васільевіч. — Паляўнічыя спыніліся ў бліжэйшым населеным пункце. Адзін з егераў ідзе на лыжах па воўчым следзе. На снезе выразна відаць адбіткі магутных лап ваўка. Па сваім рысунку яны падобны на след сабакі, толькі значна шырэйшыя, а наперадзе больш завостраны, бо кіпцюры ў ваўка даўжэйшыя. Сляды цягнуцца ланцужком, таму што ваўкі ідуць па снезе адзін за адным, нага ў нагу, след у след.
Гэты ланцужок вядзе ў пералесак. Цяпер трэба праверыць, ці няма следу з пералеску. Егер на лыжах асцярожна робіць вакол пералеску круг. След з пералеску не выходзіць. Значыць, звяры знаходзяцца тут. Яны днююць у кустах. Егер адразу паведамляе пра гэта астатнім.
Паляўнічыя абцягваюць участак, дзе знаходзяцца ваўкі, вяроўкай з чырвонымі флажкамі па крузе. Толькі ў адным месцы пакідаецца выхад, «вароты», з акружанай прасторы.
Каля выхаду становяцца стральцы. Яны становяцца так, каб вецер дзьмуў на іх, бо інакш ваўкі пачуюць небяспеку, не выйдуць з пералеску і будуць хавацца ў гушчары.
Кожны паляўнічы ведае сваё месца. Яны хаваюцца ў белых халатах за кустамі, за дрэвамі. Стрэльбы ў іх напагатове, бо воўк можа з’явіцца кожную хвіліну. Цяпер трэба стаяць ціха, не курыць, не кашляць, не варушыцца.
Загоншчыкі ідуць тым часам на супрацьлеглы край пералеску і ўваходзяць з таго боку на ўчастак, абцягнуты вяроўкай з флажкамі. Яны пачынаюць шумець, крычаць, стукаюць палкамі па дрэвах, голасна пераклікаюцца.
Устрывожаныя і занепакоеныя шумам і крыкамі загоншчыкаў, ваўкі кідаюцца наўцёкі. Але ўсюды яны натыкаюцца на вяроўку з яркімі, чырвонымі флажкамі. Хутка яны знаходзяць адзіны выхад з акружанай плошчы. Тут няма ні вяроўкі, ні страшных флажкоў. Усюды шум і крыкі, а тут ціха і спакойна.
Адзін за адным, крадучыся, выскакваюць ваўкі праз адкрытыя «вароты» і падаюць на снег пад трапнымі стрэламі паляўнічых.
— Такая аблава, старанна падрыхтаваная і правільна праведзеная, заўсёды дае добрыя вынікі, — заканчвае свой расказ Леанід Васільевіч.
1947—1948