epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Вярнуліся з лову

 

 

У вячэрнім паветры запахла свежай рыбай.

— Вярнуліся!.. Вярнуліся!.. — крычалі хлапчукі, акружаючы чорныя прасмоленыя лодкі.

Рыбакі выйшлі з лодак на бераг.

Усе яны ў кепках і ватоўках. На нагах высокія гумавыя боты вышэй каленяў і чорныя цыратовыя фартухі. На некаторых цыратовыя курткі з капюшонамі.

Па драўляным насціле да лодак пад’ехала фурманка, і рыбакі пачалі выгружаць улоў.

Спачатку яны паставілі на фурманку вялізны кораб са шчупакамі, потым такі ж кораб з акунямі і яшчэ адзін — з сялявай.

— Рыбакі разбіраюць рыбу па гатунках адразу пасля лову і здаюць прыёмшчыку на вагу, — сказаў мне галоўны інжынер.

Баркас, які вярнуўся зноў на сярэдзіну возера, прывёў тым часам яшчэ тры лодкі.

Адзін з рыбакоў, дужы і прысадзісты мужчына ў куртцы з капюшонам, стаў перад лодкай, на якой зложаны сеці.

Фартух ён павесіў ззаду, а сам, павярнуўшыся тварам да берага, схіліў галаву і падставіў сагнутую спіну.

Астатнія рыбакі выцягваюць з лодкі і кладуць яму на спіну сеці. Яны робяць гэта павольна і акуратна.

Калі сеці былі выцягнуты, рыбак з мокрым і цяжкім грузам на спіне павольна пайшоў па лугавіне між двух радоў колляў. Два другія рыбакі асцярожна, метр за метрам, знімаюць з яго спіны сеці. Распраўляючы іх і разблытваючы, яны рассцілаюць сеці па зямлі.

У сецях дзе-нідзе пабліскваюць серабрыстыя рыбкі.

За рыбакамі, як гракі за аратым, спяшаюцца басаногія хлапчукі. Яны ўважліва аглядаюць разасланыя сеці.

У кожнага з хлапчукоў палатняная торбачка.

Стараючыся апярэдзіць адзін аднаго, яны спрытнымі пальцамі выбіраюць з ячэек дробную рыбу, якая там завязла, і кідаюць у свае торбачкі.

Гэта іх законная здабыча.

Дайшоўшы да канца першага рада, рыбакі прывязваюць канцы сеці да двух крайніх калоў і, вяртаючыся назад, расцягваюць сець між абодвума радамі.

Рыбак, які нёс сеці, выпрастаў нарэшце спіну і паварушыў плячыма. З яго цыратовай курткі і фартуха струменьчыкамі сцякае вада.

Рыбакі з другой змены моўчкі наглядаюць за ім.

— Здаровы дзядзька! — кажу я.

— Былі калісьці і мы здаровыя, — уздыхнуў стары Радзевіч. — Усяму свой час. Вось толькі невядома, хто нас падменіць.

— Як хто? — здзівіўся я. — Моладзь!

— Нешта не відаць яе ў нас, — запярэчыў Франц Антонавіч. — Самі бачыце, амаль усе нашы рыбакі людзі старыя ды пажылыя, маладых сярод нас няма.

— А я? — высунуўся наперад Ясюня.

— Ты не ў лік, бо адзін.

Стары рыбак павярнуўся да мяне і растлумачыў:

— Адзін толькі ён і пайшоў з нашай вёскі ў рыбакі. Больш ахвотнікаў не знайшлося.

— Вы, дзядзька Пранук, сёння, мусіць, з левай нагі ўсталі ці з цёткай пасварыліся, бо ўсё вам нешта не падабаецца, усім вы нездаволены, — пасмейваўся Ясюня.

— Не любіць моладзь нашу справу, — стаяў на сваім Радзевіч, не звяртаючы ўвагі на словы Ясюні. — Мусіць, не падабаецца ёй рыбацкае жыццё. Усе на працу ў горад імкнуцца, ніхто заставацца дома не хоча. Мы, старыя, век дажываем, а маладыя мала цікавяцца. Няма каго вучыць, няма каму вопыт перадаць, які нам ад бацькоў і дзядоў дастаўся.

Франц Антонавіч змоўк і задумаўся.

— Крыўдуе стары, што пляменнік яго не захацеў быць рыбаком. Працуе пасля арміі ў Паставах шафёрам, — ціха шапнуў мне Ясюня і падняўся з месца.

Рыбакі другой змены ўсталі і, развітаўшыся са мною, пайшлі да сваіх лодак.

Рыбу адвезлі ў халадзільнік. Хлапчукі даўно ўжо зніклі. Лугавіна каля пуні апусцела.

На возеры было ціха і спакойна.

У бледным небе з’явіўся месяц і адлюстраваўся ў такой жа бледнай і нерухомай вадзе.

Запасныя рыбацкія лодкі чарнелі каля светлай паласы пясчанага берага.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан