epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Вёска Наносы

 

 

Баркас абмінае край мыса. Перад мысам рэдкія зараснікі чароту.

З высокага берага ля Купы, з боку біялагічнай станцыі, каса выглядае вузкай і нізкай. Цяпер я пераконваюся ў тым, што сярэдняя частка касы не такая ўжо вузкая і зусім не нізкая. Гэта — выцягнуты ўзгорак, пакрыты соснамі.

Абмінуўшы мыс, мы бачым невялікую затоку з пясчаным берагам. Тут размясцілася рыбацкая вёска Наносы. Яе рэдкія хаткі раскіданы даволі далёка адна ад адной сярод пясчаных узгоркаў, між высокіх сосен і кустоў ядлоўцу. Вакол хатак сады і агароды.

Баркас набліжаецца да берага.

Цёмныя хмары шпарка бягуць па небе. Парывісты вецер гоніць іх бясконцымі чародамі.

На пяску ля вады чарнеюць рыбацкія лодкі. Мы адвязваем сваю лодку, бо тут мелка і баркас не можа падысці да берага, і бяромся за вёслы.

Высадзіўшы нас, баркас зноў застукаў маторам. Ён плыве далей, каб адвезці дзяўчат на той бок возера.

Перад вёскай Наносы цягнецца даволі шырокі пляж з амаль белым пяском. Дзе-нідзе растуць крывыя ракіты. На зялёных узгорках высяцца сосны.

Мы шукаем хату знатнага рыбака Міхала Рыгоравіча Роліча.

— Ён жыве на тым канцы, у свайго сына Сымона, — гаворыць нам старая жанчына, якую мы сустрэлі на беразе, і паказвае на адну з хат.

1957 - 1958




Беларуская Палічка: http://knihi.com