epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Залаты бераг

 

 

Я стаю на самым высокім месцы паўночнага берага Нарачы, на ўзгорку каля вёскі Купа. Адсюль добра відаць усю гэтую частку возера.

З левага боку цямнее невялікі нізкі востраў. Насупраць мяне, кіламетраў за дзесяць па прамой лініі, на вузкай пясчанай касе — рыбацкая вёска Наносы. Справа, крыху далей за Купай, вёска Сцепянёва. Паміж Купай і Сцяпянёва на высокім беразе возера знаходзіцца біялагічная станцыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Пад нагамі сухая глеба, пакрытая кустамі ядлоўцу, верасам і чаборам. Крыху далей высокі бераг з сасновым лесам пераходзіць у шырокі пясчаны пляж.

Вада каля берага зеленавата-блакітная, чыстая і празрыстая, падобная па колеры на марскую. Далей ад берага, там, дзе глыбей, яна здаецца сіняй.

Уражанне такое, быццам знаходзішся недзе пад Рыгай, на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Той жа колер вады, той жа бязмежны прастор, той жа залаціста-белы пясок на пляжы і тыя ж высокія сосны на ўзгорках. Залаты, бурштынавы бераг!

Мядовы пах чабору і верасу змешваецца з густым настоем нагрэтай сонцам хвоі. У паветры ніводнай пылінкі. Яно проста ап’яняе гарадскога чалавека сваёй чысцінёю і свежасцю. Нідзе яшчэ не даводзілася мне дыхаць такім чыстым паветрам. Грудзі шырацца, лёгкія глыбока ўдыхаюць смалісты водар.

Ніколі мне не забыць уражанняў ад гэтай першай паездкі на Нарач. За ёю была і другая, і трэцяя. Кожны раз я жыў на возеры не менш двух месяцаў і кожны раз заўсёды бачыў і наглядаў тут нешта новае, цікавае. Але першыя ўражанні былі асабліва яркія, асабліва моцныя. Яны запомніліся мне на ўсё жыццё.

Схіл узвышша сінее чаборам. На вяршыні растуць кусты шыпшыны. Кветкі дзікай ружы чырванеюць між дробных зялёных лістоў і калючак.

Белакрылыя чайкі лятаюць над Нараччу, то прыпадаючы да сіняй паверхні вады, то зноў узнімаючыся ўвысь.

Я не магу наглядзецца на гэтую паэтычную карціну. Я думаю: які цудоўны свет і якая прыгожая наша краіна!

Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадою. Вясёлым ручайком струменіць яна ўніз, зліваючыся з вадою возера.

Такіх крыніц тут многа. Вада ў іх гаючая, карысная для здароўя. Піць яе — асалода!

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан