epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Замкавая гара

 

 

Раніца была пахмурная і халаднаватая.

Я прачнуўся ў маленькім пакойчыку раённай гасцініцы і адразу пайшоў знаёміцца са старажытным, але новым для мяне горадам.

Браслаў раскінуўся на перашыйку між азёрамі. Адна з дзвюх яго асноўных вуліц — Савецкая — цягнецца па беразе возера Навяты. Другая, паралельная першай, — Ленінская, — уздоўж возера Дрывяты.

Паміж гэтымі вуліцамі высіцца пасярод перашыйка гара, на якой знаходзіўся калісьці замак. Ён быў пабудаваны ў часы панавання тут полацкага князя Брачыслава, між 1001 і 1054 гадамі. Па імені князя горад і называўся раней — Брачыслаўль, а потым — і да нашага часу — Браслаў.

Замак, як відаць, быў вялікі. Магчыма, на гары былі нават два замкі. Цяпер тут нічога няма, акрамя абеліска-помніка, пастаўленага на сродкі мясцовага насельніцтва ў памяць папулярнага на Браслаўшчыне ўрача Нарбута. Унізе захаваліся па схілах нязначныя рэшткі мураванай сцяны, якая апаясвала калісьці ўсю гару. Характэрная сярэдневяковая кладка з камення і цэглы нагадвае рэшткі замка Гедыміна ў Вільнюсе.

У стратэгічных адносінах месца для Браслаўскага замка было выбрана вельмі ўдала. Гара пануе над ваколіцамі. З вышыні замчышча далёка відаць усё наваколле. Подступы да Браслава ў тыя часы лёгка было абараняць. Натуральнай аховай служылі шырокія водныя прасторы.

Вада акружае горад амаль з усіх бакоў. Уражанне такое, быццам знаходзішся на востраве. З вяршыні гары відаць на даляглядзе цэлы ланцуг азёр, малых і вялікіх, даўгіх і круглых. Рэчка Друйка звязвае іх, як пацеркі, у адну агульную водную сістэму. Іх тут каля трохсот. Край сініх азёр — так называюць Браслаўшчыну.

Духам старажытных паданняў веяла ад гэтай мясцовасці. Я стаяў на высокай гары, глядзеў на замчышча, на бліскучыя люстры азёр, і думкі мае пераносіліся ў нейкі казачны свет. У памяці ўзніклі радкі летапісаў, паўсталі вобразы «Слова аб палку Ігаравым», эпізоды напаўміфічнага жыцця князя Усяслава Чарадзея.

Але на гэты раз мяне цікавілі не старадаўнія руіны і звязаныя з імі паданні, не рамантыка гісторыі. Мэта майго падарожжа — андатра. І я спусціўся па вузкай і крутой сцежцы ўніз, на гарадскую вуліцу.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан