epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Здарэнне на востраве

 

 

— Гэта было яшчэ пры панскай уладзе, — пачаў Ясюня. — Я тады быў зусім малы. Надумаў неяк адзін пан з маёнтка каля Нарачы трымаць на востраве цялят і авечак без догляду, без пастуха. Вады хапае, трава тут добрая, сакавітая, цяляты і авечкі нікуды ўцячы не могуць, дык няхай сабе пасвяцца круглыя суткі ўсё лета аж да восені... Вось і пераправілі на плыце цялят ды авечак па загаду пана на востраў. Ходзяць яны сабе па востраве ды скубуць траву, а пан задаволена рукі пацірае, выхваляецца: «Вось, — кажа, — якую я штуку прыдумаў. Няхай усе гаспадары з мяне прыклад бяруць». Праз тыдні два ці тры вырашыў пан паехаць на востраў, паглядзець, як там цяляты ды авечкі без пастухоў на волі, пад адкрытым небам, гадуюцца. Сеў ён у лодку і паехаў. Прыехаў на востраў, бачыць — нікога няма. Што такое! Не знайшоў пан ніводнага цяляці, ніводнай авечкі. Адны толькі косці бялеюць у траве, а на пяску ўсюды воўчыя сляды. Схапіўся пан за галаву — столькі жывёлы загубіў нізашто! Ваўкі, значыць, пранюхалі, што на востраве цяляты ды авечкі, ці, можа, пачулі, як яны мыкаюць і бляюць, пераплылі на востраў ды ўсіх і зарэзалі... Так таму пану і трэба! Толькі шкада бедных авечак ды цялят, што загінулі марна, без карысці для людзей, — закончыў Ясюня.

Ён зірнуў на востраў, які выразна вырысоўваўся на фоне светлай вады і яснага неба, і растлумачыў:

— Ваўкі, бачыце, добра плаваюць. Ад берага да вострава з кіламетр будзе, калі не болей. Вада для ваўкоў не перашкода, а пан пра гэта не падумаў. Раней тут ваўкоў многа было, цяпер паменшала.

Ясюня змоўк і падышоў да веласіпеда, што стаяў каля дрэва. Узяўшы мяшок з вугром, ён сеў на свой «ровар» і паехаў у Купу.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан