epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Жнівень

 

 

Яблыкі паспелі...

У ярах глыбокіх

Дацвітае лета

Цветам журавін.

 

Адспявалі жнеі

На палях шырокіх.

Заспяваюць скора

Ў небе журавы.

 

ПЯТРО ГЛЕБКА

Надыходзіць канец лета. На палях скончана жніво. Ідзе абмалот і здача збожжа дзяржаве. У садах спеюць яблыкі, грушы, слівы. У прыродзе адчуваецца набліжэнне восені. Сонечныя праменні ўжо не такія гарачыя. Яны цяпер толькі грэюць, а не пякуць, як у ліпені. Ночы даўжэйшыя і цямнейшыя.

Маладыя шпакі чародкамі пералятаюць з месца на месца, рыхтуючыся да выраю. Чародкі гэтыя злучаюцца ў вялікія шумныя хмары, часам па некалькі тысяч птушак. Трымаючыся паўднёвага напрамку, яны перабіраюцца з лугу на луг, ад рэчкі да рэчкі, усё далей і далей, у цёплыя краі.

Рыхтуюцца да вялікага асенняга падарожжа і іншыя птушкі нашых садоў і лясоў — чыжы, берасцянкі, дразды і шпакі.

Маладыя цецерукі па выгляду і велічыні цяпер не адрозніваюцца ад дарослых. З канца жніўня маладыя і старыя цецерукі таксама пачынаюць збірацца ў чароды. Яны трымаюцца па ўскраінах лесу, адкуль вылятаюць на суседнія палі, асабліва на грэчку. У лесе цецерукі ядуць чарніцы і брусніцы. На зіму яны нікуды не адлятаюць.

Мядзведзі кормяцца ў гэты час пераважна ягадамі, арэхамі, жалудамі, грыбамі, карэннямі. Яны варочаюць старыя трухлявыя калоды ў лясным гушчары і знаходзяць пад імі шмат усялякіх лічынак, чарвякоў і слімакоў. Часам мядзведзь выходзіць уночы на поле, калі яно недалёка ад лесу, садзіцца на зямлю і заграбае лапамі авёс, аб’ядаючы зярняты. За лета мядзведзі добра адкарміліся, зрабіліся тлустыя і гладкія. На іх пачынае расці густая пушыстая поўсць. У цёплым футры ды яшчэ з добрым запасам тлушчу пад скурай не страшна будзе мядзведзю перажыць, лежачы ў бярлозе, халодную зіму з лютымі маразамі.

Ваўкі пачынаюць хадзіць па начах на паляванне разам з маладымі вывадкамі. Шукаючы здабычу, воўк праходзіць па лясах, палях і балотах вялікія адлегласці. Ён умее добра плаваць. На Палессі, дзе многа рэк і рэчак, ваўкі асабліва часта плаваюць, перабіраючыся нават цераз вялікія вадаёмы.

У жніўні 1946 года з парахода, які плыў па Прыпяці з Нароўлі ў Мазыр, заўважылі ў вадзе ваўка. Ён пераплываў Прыпяць зусім блізка ад парахода. На палубе ўсчалася мітусня. Капітан кінуўся ў каюту па стрэльбу. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся на палубу і пачаў страляць па ваўку. Але стрэльба была зараджана дробным шротам, разлічаным на качак.

Воўк плыў пасярэдзіне ракі і толькі вушамі матляў, адмахваючыся ад шрацінак, нібы ад надакучлівых мух. Пасажыры на параходзе бачылі, як воўк даплыў да супрацьлеглага берага, выбег з вады і знік у прыбярэжных кустах.

У жніўні пачынаюць ліняць вавёркі. Летняе ярка-рыжае ўбранне яны паступова змяняюць на зімовае — шэрае.

Лінька ў вавёрак заканчваецца ў лістападзе. Зімовае футра іх цэніцца высока і мае прамысловае значэнне.

Вавёркі кормяцца цяпер арэхамі і рыхтуюць сабе запасы на зіму. Арэхі і жалуды вавёрка хавае ў глыбокім дупле старога дрэва. Прынясе арэх ці жолуд і кіне ў дупло. Робіць яна кладоўкі і пад карэннямі дрэў.

У такіх кладоўках вавёрка трымае толькі добрыя, паўнацэнныя арэхі. Яна ўмее адрозніваць арэх з добрым зернем пад шкарлупкай ад пустога ці чарвівага.

Вавёрка — дбайная і клапатлівая гаспадыня. На зіму яна нарыхтоўвае сабе не толькі запасы з арэхаў і жалудоў. Вавёрка збірае і грыбы.

Вы ідзяце па лесе і раптам бачыце на дрэве апеньку. А вось тырчыць недалёка ад яе на адзінокім голым сучку і другі грыбок!

Якім чынам трапілі яны сюды? Грыбы ж на дрэве не растуць, ды яшчэ так высока над зямлёй!

Хто іх тут прымацаваў?

Гэта работа вавёркі.

Грыбы сохнуць на паветры і зімой спатрэбяцца гаспадыні. Асноўным жа кормам вавёркі з’яўляецца насенне яловых шышак.

У гады, калі шышак многа, вавёркі сустракаюцца ў вялікай колькасці. Калі шышак няма, яны перабіраюцца ў другія мясцовасці, часам вельмі далёка — туды, дзе ўраджай на яловыя шышкі ў лясах багаты.

Падраслі маладыя зайцы першых вывадкаў гэтага года. Іх цяпер цяжка адрозніць ад дарослых. Старыя зайчыхі прыносяць у жніўні дзе-небудзь у пералеску, пад кустом ці ў полі апошні прыплод малых зайчанят. Зайчаняты не патрабуюць ні догляду, ні руплівага і дбайнага выхавання. Дзён шэсць пакорміць іх маці густым і тлустым малаком, а потым пабяжыць па сваіх справах, пакінуўшы малых на тым месцы, дзе яны нарадзіліся. Дні праз два-тры зайчыха вяртаецца і кліча сваіх дзетак, хлопаючы вушамі. Зайчаняты збягаюцца да маці. Яна корміць іх і зноў знікае на некалькі дзён.

Здараецца часам, што старая зайчыха, спяшаючыся да малых, сустрэне па дарозе чужых зайчанят. У такім выпадку яна ніколі іх не міне, абавязкова накорміць, не пакінуўшы малака для ўласных дзетак. Але малыя не бядуюць. Не дачакаўшыся маткі, яны знойдуць чужую зайчыху, і тая ў сваю чаргу дасць ім малака.

На восьмы ці дзесяты дзень зайчаняты пачынаюць скубці траву. Але месяцы два яшчэ, побач з расліннай ежай, яны не прапусцяць выпадку пасмактаць і малака, калі спаткаюць дзе-небудзь старую зайчыху.

З набліжэннем восені зайцы, і старыя і маладыя, пачынаюць наведваць агароды. Часам яны забіраюцца нават у пуні. Скубуць зайцы азімую рунь.

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан