epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Жыццёвыя клопаты

 

Неба пачало цямнець. На супрацьлеглым баку возера ўсё яшчэ ружавела вячэрняя зара.

Мне ўжо цяжка было бачыць з адлегласці, што робіць андатра ў трысці, але пакідаць занятую пазіцыю і парушаць цішыню азёрнай гладзі я не хацеў.

Праз некалькі хвілін андатра вярнулася. Яна плыла недалёка ад байдаркі, трымаючы ў зубах кавалак трысцінкі. Сваімі вострымі зубамі яна зрэзала сцябло расліны і спяшалася з ім на кармавую пляцоўку.

Падплыўшы да берага, андатра выйшла на невялікі выступ, села на заднія лапы і, трымаючы сцябло пярэднімі, спрытна абгрызла яго з усіх бакоў. Неўзабаве яна пакончыла з гэтай закускай, слізганула ў цёмную ваду і паплыла па новы корм.

Пакуль я наглядаў за вячэрай ці, хутчэй, снеданнем андатры, на спакойнай паверхні возера з’явілася яшчэ некалькі звяркоў.

Усюды чуліся ўсплёскі і шорганне. Сонная і ціхая дагэтуль вада нібы ажыла. Андатры пакінулі свае хаткі, у якіх адпачывалі на працягу дня. Адна за адной з’яўляліся яны ў вадзе сярод трысця і пачыналі сваю начную дзейнасць. Цяпер яны плавалі па ўсіх напрамках, занятыя заўсёднымі жыццёвымі клопатамі, ганяліся адна за адной, гуляючы ў вадзе, і шукалі сабе корм.

Некаторыя з іх вярталіся ў хаткі з пучкамі водарасцей у зубах, з галінамі лазы і сцябламі трысця. Яны рамантавалі і ўдасканальвалі жыллё. Да бліжэйшай хаткі падплыла андатра з даўгім сцяблом рагозу. Крыху затрымаўшыся, звярок узлез на хатку і палажыў сцябло наверсе, пакорпаўся там яшчэ пару хвілін, выгнуўшы спіну, асцярожна спусціўся і знік у вадзе.

Сярод дарослых звяркоў, якія плавалі па ўсіх напрамках, я заўважыў і малых. Яны трымаліся на паверхні вады, як круглыя пушыстыя паплаўкі, куляючыся з боку на бок, і веславалі даволі бездапаможна то адной, то другой лапамі.

Старыя андатры плавалі каля іх, нібы ахоўваючы сваіх дзяцей, але ў сапраўднасці малыя былі пакінуты на волю лёсу. У выпадку сур’ёзнай небяспекі дарослыя нічым не маглі ім дапамагчы. Андатры не маюць моцных сродкаў абароны ад ворагаў у вадзе, на зямлі і ў паветры. У гэтым я неўзабаве пераканаўся ўвачавідкі.

Вада каля малых пакрылася раптам рабізною. Адно з андатранят неяк дзіўна закруцілася і знікла пад вадою. На гэтым месцы ўзнік невялікі вір, па вадзе і разышлося некалькі кругоў. Гэта вострыя зубы разбойніка-шчупака схапілі малога і пацягнулі ў ваду. Яно нават і не піснула. Над вадою мільгануў хвост шчупака, і на гэтым усё скончылася. Андатраня з вады не вярнулася. Астатнія не звярнулі на страту ніякай увагі, быццам нічога і не здарылася. Яны па-ранейшаму былі заняты сваімі справамі. Усюды па вадзе плавалі вузкія лісты асакі, абгрызеныя карнявішчы гарлачыкаў, кавалкі сцяблоў рагозу.

Над сцяною трысця бясшумна з’явіўся балотны лунь. Усе андатры нібы па камандзе зніклі пад вадой, пахаваліся ў трысці. Лунь паляцеў далей, і на паверхні вады зноў, нібы па нейкім таямнічым сігнале, з’явіліся круглыя мокрыя галовы і цёмныя спіны звяркоў.

Ворагаў у андатры шмат, але асабліва церпіць яна ад балотнага луня. Хапаюць андатру з паветра і арлан-белахвост, і коршак, і канюк. У вадзе андатру можа праглынуць тлусты, непаваротлівы сом. Але тут, у Цно, сом для андатры не страшны, тут вялікіх самоў наогул няма. Вусаты сом ляжыць звычайна, як калода, у глыбокай яме на дне, а Цно — возера мелкае. На беразе звярку трэба асцерагацца лісіцы і тхара. Спрытная і злосная норка небяспечна для андатры і на зямлі, і ў вадзе.

Амаль ніколі не дажывае андатра да старасці. Асноўны ратунак гэтага звярка ад поўнага знішчэння, як і ва ўсіх іншых грызуноў, пладавітасць. Андатра размнажаецца вельмі хутка. Некалькі пакаленняў гэтых заморскіх звяркоў нарадзілася і вырасла тут, на Браслаўшчыне. Яны адчуваюць сябе не горш, як іх продкі ў лясных азёрах далёкай Канады.

Непрыкметна насунуўся змрок і запанаваў над возерам. Цяпер цяжка было наглядаць за андатрамі нават і з блізкай адлегласці.

Я павярнуў байдарку і паплыў туды, дзе з водамі Цно зліваецца Друйка. Наперадзе цямнела Замкавая гара.

З возера дзьмуў ветрык, і я доўга яшчэ чуў з усіх бакоў плёскат, шоргат і тузаніну звяркоў у трысці.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан