epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Як стаць маршалам

Зборнік гістарычных дакументаў

Таямніцы старажытных сховішчаў часта дораць нам нечаканыя адкрыцці. Матэрыялы, якія складальнік прапаноўвае шаноўнаму чытачу, здадуцца некаму малаверагоднымі, але тым не менш усё тое, пра што яны распавядуць, і сапраўды адбывалася ў Крайсветным лесе.

Складальнік

 

* * *

 

Спачатку мне хацелася б трохі давесці шаноўнаму чытачу пра Крайсветны лес.

Крайсветны лес, які раскінуўся на ўсе чатыры бакі (захад, усход, поўдзень, поўнач), знаходзіцца за далёкімі морамі-акіянамі (далей, чым нам гэта ўяўляецца). На тэрыторыі Крайсветнага лесу можна размясціць Англію, Францыю, Бельгію, Іспанію, разам узятыя, або Якуцкую рэспубліку. Клімат там спрыяльны для развядзення буйной і парнакапытнай жывёлы, і рознай іншай. (Звестка ўзята з даведніка братоў-энцыклапедыстаў Падгаўзаў.) Палітычны статус. Крайсветны лес - агульназвярыная рэспубліка, дзе заяц можа лічыць сябе львом, а леў запісацца ў пашпарце зайцам (Энцыклапедыя Крайсветнага лесу).

Трохі гісторыі.

Працяглы час у Крайсветным лесе панавала дынастыя жорсткіх прыгнятальнікаў звярынага пагалоўя Таптыгіных (Мядзведзяў). Пра тыранію гэтай дынастыі падрабязней глядзіце фундаментальную працу М.Я.Салтыкова, які таксама Шчадрын, «Мядзведзь на ваяводстве». Гляк народнага цярпення перапоўніўся і гневам забурапеніўся праз бераг. Народ абвясціў лес рэспублікай. Першым яе бацькам быў выбраны паўлін Даздраперма (Да здравствует Первое мая) (Даведка ўзята з «Гісторыі Крайсветнага лесу», якую напісала белая варона Ляля Чорная).

Стэнаграма пасяджэння мудрых галоў Крайсветнага лесу

Сава-Афіна: У гэтае гістарычнае для ўсяго нашага звяр'я імгненне мне выпала адказная місія абвясціць народную волю. А яна такая - першым нашым прэзідэнтам будзе паўлін Даздраперма.

Леў-Эканамайзер: А чаму не я?

Сава-Афіна: Паўлін тэлегенічны, не сорам і людзям паказаць. Паходзіць з простага птушынага саслоўя, курынай крыві, а ты, Леў, царскай крыві і для рэспублікі не падыходзіш. У паўліна няма іклаў, вострай дзюбы і кіпцюроў - простае звяр'ё такіх любіць. І галоўнае: у паўліна курыны розум, курыная слепата і, як усялякая курыца, ён грабе ад сябе.

Міністр культуры і асветы крот - Задзьме-Загасі: Зірніце, які ў паўліна хвост. Гэта ж натхненне для нашых паэтаў, пісьменнікаў і мастакоў. Нас чакае небывалы росквіт мастацтва і культуры. Падумайце, якое шчасце!

Леў-Эканамайзер: А мая грыва - хіба не натхненне?

Перапялёсая тыгра - Антры-кот Шарханавіч Дунай: Прапаноўваю ўсімі намі паважанага Льва-Эканамайзера выбраць вялікім маршалам нашага славутага воінства, што дзень і ноч стаіць на абароне заваёў рэспублікі. (Усе пляскаюць у ладкі, пасля ўстаюць, абдымаюцца, цалуюцца, плачуць ад шчасця.)

З інтэрв'ю паўліна Даздрапермы агенцтву «Вокны Рэйтар»

Карэспандэнт. Што чакае Крайсветны лес у гады Вашага мудрага праўлення?

Прэзідэнт рэспублікі. Думаю, шмат чаго і перш за ўсё разгул дэмакратыі.

К. А што такое разгул дэмакратыі?

П.Р. Гэта вецер перамен, які зашаманіць у верхавінах нашых дрэў.

К. А што такое вецер перамен?

П.Р. Кожны вецер ёсць подых прыроды.

К. Што Вы пажадаеце звярынаму пагалоўю?

П.Р. Каб штодня ім жылося весялей. Чакайце - можа, чаго-небудзь і дачакаецеся.

Выступленне паўліна Даздрапермы на юбілейным вечары, прысвечаным утварэнню рэспублікі

У гэтую гістарычную хвіліну, якую будуць памятаць праз гады, праз дзесяцігоддзі, сотні дзесяцігоддзяў, з пачуццём гонару азіраемся мы ўсе назад (усе азіраюцца назад) і бачым, як многа мы здзейснілі за гэты час у параўнанні з эпохай рэліктавага гуманоіда. Дастаткова нагадаць, што нашыя слаўныя рыбы ўсё глыбей і глыбей апускаюцца на рачное дно, а нашыя слаўныя птушкі абляталі ўсе куткі свету, на роўных спаборнічаюць з «Аэрафлотам», ну, а нашыя гераічныя краты ўжо прарылі не адзін падземны ход, так што па падземных хадах на душу насельніцтва мы на чале сусветнага прагрэсу. (Покліч з месца: «Пад мудрым кіраўніцтвам дарагога Даздрапермы». Апладысменты. Усе ўстаюць. Бурныя апладысменты, якія пераходзяць у авацыі. Крыкі: «Вялікаму кавалю ўсіх нашых перамог Даздраперме - слава! Няхай жыве змычка лес - неба - вада!» Усе абдымаюцца і не могуць схаваць радасных слёз.) Вырас наш дабрабыт. Зараз не рэдка і кныра ўбачыць у белых шкарпэтках. (Крыкі: «Слава вялікаму Даздраперме!» Доўгія бурныя авацыі.) Усё гэта яскрава сведчыць: штодня нам весялей жыць. Паслухайце, як весела шамаціць вершалінамі наш лес. Гэта вецер перамен разгуляўся.

(Усе крычаць: Чуем!) А той-сёй за мяжой сцвярджае, што ў нас лес высеклі на паперу для выдання праграм генеральнага развіцця. Цяпер вы ўсе чуеце, што гэта хлусня. (У зале радасны смех, крыкі: «Хлусня, хлусня».) І таму я зноў паўтараю сваю смелую выснову: «Штодня нам весялей жывецца». Дык зробім усё, каб нам яшчэ весялей жылося. (Усе крычаць: «Зробім, зробім!» На вачах зіхацяць слёзы шчасця. Твары рашуча настроены на выкананне грандыёзнай задумы мудрага Паўліна.)

А зараз, шаноўны чытач, час пазнаёміць з галоўным героем нашай гісторыі зайцам Перкосракам (Первая Космическая Ракета). Нарадзіўся ён у сям'і вядомага палясоўшчыка, тралёўшчыка, наватара-авангардыста санітарнай высечкі маладняку Саўкі Рупліварукага, пра гэтую шматгранёную асобу пісала ў свой час газэта «Масанская лажа», друкаваны орган творчага пагалоўя графаскопаў пісьменнікаў-семінарыстаў «Іслач-88».

Постаці

Прасека ў будучыню. Аўтар Роз дэ Масэ (вызначыць, хто хаваўся пад гэтым псеўданімам, складальніку не ўдалося).

 

Сёлета спаўняецца багатагадовы юбілей выдатнага сына Крайсветнага лесу, палясоўшчыка, тралёўшчыка, наватара-авангардыста санітарнай высечкі маладняку зайца Саўкі Рупліварукага. Думаючы пра гэтую шматгранёную і непаўторную асобу, нельга не нагадаць пракаветнае «Ого-го-го, привыкли наши руки к топорам». Так, з самага свайго нараджэння ўзяў маленькі Саўка сякеру ў рукі, каб выканаць высакародную місію санітарнай высечкі лесу ад маладняку.

Што за эпоха была ў той час? Быў час, быў век, была эпоха. Толькі што ў Крайсветным лесе скончылася панаванне Таптыгіных. Лес зарос да таго, што ў ім з-за маладняку не было «ні сцежак, ні сцен». «Ой бярозы ды сосны, - дадумаў Саўка. - Ой маладняк, ой разросся, і не падняцца за яго дубам ветхазаветным да сонца. Тварь ли я дрожащея или законное право имею? Ну, канечна, законнае, ну, канечна, права. Вось і статут «Аб санітарнай высечцы лесу», зацверджаны Лясгасам. З чаго пачаць? Пачну я з елак». І ссек іх пад самы карэньчык. За выдатную тапорную працу заяц Саўка быў узнагароджаны пуцёўкай за мяжу, у Венскі лес. Менавіта там, за бугром, блукаючы сярод буянай «молодой поросли», адчуваючы сверб працоўных мазалёў, ён быў горды за Крайсветны лес. І нібы пра яго спяваў таварыш з эстрады: «Я ўдзячны лесу, што з усіх лясоў ён выбраў для мяне навекі Крайсветны лес». Вярнуўшыся ў родны лес, заяц прысвяціў усё сваё свядомае і несвядомае жыццё высечцы маладняку.

Як вядома, ягоны сын Перкосрак з маленства марыў быць героем. Усім сэрцам, усёй душой узлюбіў ён слаўнае войска і выправіўся служыць на далёкую заставу, якая знаходзілася на мяжы з лявацкім балотам правага апартунізму. Значных поспехаў у баявой і палітычнай падрыхтоўцы дасягнуў заяц, аб чым сведчыць партрэтны накід у армейскай газеце «Дзень і ноч пільнуем заваёвы рэспублікі».

Харошы камандзер

У Первой Космической Ракеты ў казарме парадак. Як мага лепш размешчаны ложкі. Адзін па-над адным, адзін па-над адным. У два паверхі. Гэткім жа чынам уладкаваны тумбачкі. На кожным ложку, згодна статуту, зацверджанаму Саўмінам, матрац - зверху на матрацы прасціна. Потым яшчэ адна. І толькі тады запраўлена цёплай коўдрай. Кожная падушка, што не дзіўна, схавана ў наўлечку.

Другім домам называюць распалажэнне салдаты Перкосрака.

Радавы джэйран Баймуратаў

Складальнік лічыць, што гэтыя нататкі ёсць плагіят з «Набояк» (Альманаха) вайсковай творчасці, выдадзенай кніжняй жаўнера «Варта», Слонім, 1984 год).

З успамінаў ката ў ботах Ванітуя Шарляперловіча

Напярэданні вялікага свята нашага народа, дня нараджэння мудрага паўліна Даздрапермы, прыслалі зайцу запрашэнне на ўрачысты вечар у губернскі Даздрапермаград. Вось, здаецца, заўважылі з высокіх крэслаў, толькі радавацца, ды занатурыўся ён.

- Вышэй голаў, Заяц, - кажу яму.

- Як жа мне радавацца, калі няма ў чым ехаць на такі ганаровы сход. Як жа я прадстану перад светлымі вачыма ў сваім зашмальцаваным мундуры. Па адзежцы ж сустракаюць...

Па натуры я альтруіст (і гэта нягледзячы на маё цяжкае дзяцінства з ягонымі нястачамі і бедамі) - для мяне духоўная патрэбнасць ашчаслівіць другога. Дай, думаю, дапамагу таварышу баявому. Нагадаў, што кожны ваяка і шавец, і жнец, і на дудзе ігрэц.

- Кладзіся, заяц, спаць. Пераначуем - больш пачуем. Будзе табе што апрануць. Апошні, адчайны крык моды, - параіў я Перкосрака, той паслухаўся мяне і лёг спаць.

З губернскай газеты «Лебядзіны спеў Даздрапермаграда»

Учора ў вялікай і светлай, як наша рэчаіснасць, зале лепшыя прадстаўнікі непарушнай змычкі лес-неба-вада ўрачыста засядалі ў гонар вялікага свята, якое ўсе мы сустрэлі новымі працоўнымі перамогамі, дня нараджэння мудрага і святлазорнага, усімі намі любага, шчырага звера рыба-птушка-казяўкалюбцы паўліна Даздрапермы. Са сваёй прамовай выступіў сам губернатар казёл Бяша Казладоевіч.

У прыватнасці, ён адзначыў: «Вялікі і мудры кучар імклівай таратайкі нашай гісторыі паўлін Даздраперма на ўсіх парах гоніць яе да шчаслівай нашай будучыні». На што раздаліся радасныя воклічы: «Няхай жыве кучар усіх нашых перамог, вялікі Даздраперма!» (Усе доўга абдымаліся і цалаваліся.)

З мемуараў ката ў ботах Ванітуя

Ехаў заяц у губернскі горад на ўрачыстую імпрэзу фартэлям, апранутым па апошняму крыку моды, а вярнуўся адтуль звераняткам зацюканым. Уся ягоная фізічная структура дрыжэла ад жаху, а з грудзей крык адчаю вырываўся:

- Гора мне, гора. Загінуў я ў росквіце духоўных, фізічных і другіх сілаў. Загінуў на ўсе сто працэнтаў. Не здзейсніць мне подзвігу.

Я па натуры чалавек добры, як казаў раней, альтруіст. Дай, думаю, дапамагу касому.

- Супакойся. Толькі час небяспекі - іспыт для мужчын, як Шылер мовіў.

- І пацягнуў мяне д'ябал прызнацца, а цяпер бяды не абярэшся на ўсе сто працэнтаў.

- Мы, таварыш заяц, матэрыялісты-прагматысты-атэісты, і прадстаўнікі дэманіцкага пантэона тут ні пры чым. Распавядай, што здарылася, можа, і дапамагу твайму гору.

- Усё гэты апошні, адчайны крык моды. На свяце ўсе да мяне прычапіліся: «Дзе набыў?» Сорамна прызнацца, што ваякі пашылі мне гарнітур. Маўчу. Ад мяне не адстаюць, скажы ім - і ўсё. Ды ўсё паважаная публіка на ўсе сто працэнтаў, усе паўнакроўныя асобы. Яшчэ могуць пра мяне не так падумаць. Вось і адказаў, што гэта я такі рукадзельны малойца, сам сабе і пашыў. Тут мне і пасыпаліся заказы. І таму пашый, і таму, і гэтаму... Не мог я пакрыўдзіць людзей добрых, усім паабяцаў і цяпер не ведаю, што рабіць.

- Не чухай карак, а чухай пяткі, як кажа мудрэц, альбо пачынай ад ніжэйшай ступені, каб дабрацца да вышэйшага. Чаму нам не дапамагчы добрым людзям. Ты ім дапамог, яны нам. А нашыя рукадзельныя малойцы ўсіх задаволяць апошнім адчайным крыкам моды. Ты толькі, заяц, выконвай мае мэтавыя ўстаноўкі.

(З размоў у губернскім горадзе Даздрапермаградзе)

- Дзе дастаў?

- У зайца.

- Мантана?

- Мантана!

Запіска ўдава Бабылька, якому заяц пашыў гарнітур

Паважаны заяц Перкосрак, паведамляю Вам найрадасную навіну. Да Вас едзе на праверку воўк.

 

Цяпер зноў вернемся да мемуараў ката Ванітуя. Вось як распавядае ён пра нялёгкі для зайца жыццёвы момант.

Крык адчаю вырваўся з зайцавых грудзей: «Гора мне, гора. Ваякі і службу ўжо забылі, гусіным крокам хадзіць развучыліся. Разжалуюць мяне і сашлюць туды, дзе год за тры лічыцца».

І тады я адказаў:

- Гэта не гора - гэта нам на лапу. Нельга абняць неабдымнае, а абдымнае не толькі можна, але і трэба абдымаць. Мудры Паўлін заклікае нас: «Дык зробім усё, каб нам яшчэ весялей жылося». А чаму табе, заяц, не стаць масавіком-зацейнікам масавага руху за вясёлае жыццё? Чаму табе не перабудавацца? Не нагадаць пра звярыны фактар? Кладзіся ты спаць, заяц. Пераначуем - больш пачуем.

З ліста таракана Козьмы свайму сябру Таракашу

«Таракаша, мілы мой сябар, ой што робіцца на свеце, здаецца, едзе да нас рэвізор. Яшчэ з тых часоў залатой вольнасці, калі жыў у краме, памятаю, што прыезд рэвізора смерці быў падобны. І тады выскоблівалі сцены і падлогу, абкладвалі іх мармурам, і нас, тараканаў, нібы падкулачнікаў, высялялі з крамы. Сёння ўвечары кот у ботах перад усіх асабістым саставам ваякаў абвясціў, што павінен прыехаць да нас сам воўк і трэба яму паказаць, як мы змагаемся за вясёлае жыццё, як праяўляем клопат аб зверы. І ваякі - усе гэтыя бабры, яноты, барсукі, лямуры, выдры - прыняліся аздабляць казарму мармурам, чырвоным дрэвам, кафляй. Што нас чакае ад такой перабудовы? Як нам далей жыць, тараканам?»

З роздумаў ваўка Сталёвая сківіца, знойдзеных у архівах Крайсветнага лесу

Дысцыпліна - сірэч усяму зямному і незямному царыца ёсць. Без яе немагчыма казюлькам і звярам зямным сваё існаванне існаваць. Што будзе, калі месяц і сонца - уладары нябесныя - дысцыпліны не стануць прытрымлівацца? Месяц днём, калі спаць яму надабе, паказвацца будзе, а сонца ноччу будзе свяціць. Гэта ўвесь свет перабунтуец ца. Ніхто і ведаць не будзе - дзень ці ноч. А гэта ёсць непатрэбства, якое не ў адным са статусаў не запісана. А што для дысцыпліны перш за ўсё патрэбна? Маці дысціпліны жах ёсць. Скажам, чаму вось авечкі са статка знікаюць? А таму, што жах згубілі. Сабак яны не палохаюцца, а значыць, і дысцыпліны ў іхнім працоўным статку няма. Кожная смачную траўку каларыйную прагне з'есці і ад статка адбіваецца, а пасля і сабакі на ваўкоў спісваюць.

Я ніколі не абвяргаў пагалосак, нібыта я авечкажэрца, нібыта я Чырвоную Шапачку праглынуў і яшчэ шмат чаго. Раблю гэта ў выхаваўчых мэтах, хай палохаюцца звяры мяне, не стануць сваволіць, да дысцыпліны звыкаюць. Вось калі ў мяне маладая генерацыя запытвае, чаму ў мяне такія вялікія вочы, адказваю: «А гэта, дзеткі, каб вас, свавольнікаў, лепей бачыць», а калі яны пытаюцца, чаму ў мяне такія вялікія іклы, адказваю: «А гэта, дзеткі, каб вы ведалі, які я пагрозлівы, і баяліся мяне, бо без жаху няма сусветнага прагрэсу». Калі яны пытаюцца, чаму ў мяне такія вялікія лапы, адказваю: «А гэта, дзеткі, каб вас усіх у жаху трымаць, каб вы і піскнуць не маглі».

Адсутнасць жаху прывяла да такіх негатыўных з'яў у нашым грамадстве, як кошка, якая гуляла сама па сабе, ці зайцы, якія косяць трын-траву. Падумаць толькі, у той час, калі па ўсім лесе ідзе гераічная бітва за сенакос, калі мы нарыхтоўваем кармы на зімовы перыяд для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, яны косяць сабе трын-траву (ці не мафія гэта, якая гандлюе «траўкай»?). Што робяць таварышы з адпаведных органаў? Ды яшчэ прыпяваюць: «Не баімся мы воўка і савы», дальбог, гэта мафія). Вось да чаго даводзіць знікненне жаху перад начальствам, а значыць, страта дысцыпліны. Вось яшчэ прыклад адзін. Дачуўся, што ў мяне заяц абвясціўся, які нібыта гэтак асмялеў, што зусім на службу забыўся і арганізаваў кравецкі кааператыў. Ну, заяц, пачакай! Наскочыў да яго з праверкай. Сустракае касавокі мяне, а сам аж трымціць. Вось што значыць вялікія вочы, іклы ды лапы, плюс слава жэрцы. Я для большага жаху на гэтага прадстаўніка класа грызуноў пагрозліва рыкаў, поўсць падняў. Заяц гэты пэўна ў нагавіцы наклаў. Павёў ён мяне ў казарму. І што я там бачу? - не казарма, а палац. «Э-э, - думка ў мяне з'явілася, - вось тут я тваю дробнапрыватніцкую вантробу і выкрыю». «Хто дазволіў не па статусу казарму прыбіраць?» Гэты заяц усёй сваёй будовай затрымцеў. «Я каб ведаў... Я што... Я не супраць статусу. Я толькі хацеў ініцыятыву праявіць. Звярыны фактар. Заклік мудрага Паўліна выконваў: «Зробім усё, каб нам яшчэ весялей жылося». «Э-э, - вывеў я гэтую думку, - ды ты, касы, палітыку дзяржаўную разумееш, дакументы вывучаеш, у перадавыя пнешся, мяне, ваўка, захацеў падвесці. Не быць гэтаму». Спакуслівыя тут перспектывы на будучыню мне адкрыліся. У сваім палку я павінен быць галоўным ініцыятарам, галоўным масавіком-зацейнікам, галоўным перабудоўшчыкам - словам, галоўным. Прыедзе да мяне генерал важны, убачыць, як я клапачуся пра ваякаў, зразумее, што бацька я ім родны, што ўсім сэрцам, усёй душой успрыняў заклік Паўліна і ўвасабляю, здароўя не шкадуючы, у жыццё. А там Ганну на шыю, чын, перадача «Служу роднаму лесу» здыме пра мой вопыт фільму. Пытаюся, ці зможа заяц усе казармы так адрамантаваць.

- А як жа. У мяне кожны ваяка і шавец, і кравец, і на дудзе ігрэц. Такія рукадзельныя майстры ў мяне, што ўсё выканаюць, усё зробяць. Толькі б далі мне ў дапамогу роту.

Спадабалася мне думка зайцавая. «Хай так і будзе, - вырашыў я, - дам яму роту, а пасля зноў заганю сюды, на мяжу лявацкага балота правага апуртунізму».

З ліста крошкі Янота

«Мілая матуля, ва первых страках пісьма свайго паведамляю, што я жыў-здароў. Наш браняпоезд стаіць на запасным пуці, а нашыя рукі звыкліся да тапароў.

Твой крошка Янот».

Урывак з нялёгкай драмы «Сцэны з жыцця воўчай сямейкі ў трох актах». (Аўтар пладавіты драматург асел І-а-Ман.)

Дзеючыя асобы.

Воўк Сталёвая Сківіца.

Ваўчыха Цыцэра.

Ваўчаняткі-сыночкі.

Дзея адбываецца ў Крайсветным лесе на кватэры дзеючых асоб. Вечар, свеціць лямпа ў стылі позняга рэнесансу, ненавязліва ў вочы гледачам кідаецца сціплая мэбля з набору «Даздраперма». Уся воўчая сямейка сабралася за сямейным сталом.

Воўк (разважае): Што ёсць жах? Задаюся я гэтым зусім не дарэмным пытаннем. Я б дадаў, жах жывёльны. І адказваю, гэты жах сірач такое становішча вантробнае ў некаторых прадстаўнікоў парнакапытных і буйнарагатых, а болей усяго - класа грызуноў, асабліва гэта тычыцца зайца - калі перад імі сваёй велічнай постаццю паўстае воўк. Зараз у гэтых таварышаў падобнага жаху не адшукаеш. А шкада. Вось шмат гавораць пра Таптыгіных. Кажуць пра перагібы, памылкі, злоўжыванні ў іхні час, але ж быў і жывёльны страх, і дысцыпліна была, кожны звер ведаў сваё месца. Заяц сваё, крот - сваё, а мы, ваўкі, - сваё. І былі мы вольнымі, і службай нас не абцяжарвалі, вандравалі ў сваё задавальненне. Пра нас і казалі: «Ваўка ногі кармілі». І былі мы высакароднага паходжання. А цяпер пасквілі пра нас складаюць. Ад гэтых зайцоў ніякага жыцця няма. Вакол адна зайцавая мафія.

Ваўчыха Цыцэра: А што гэта за заяц Перкосрак, які абвясціў сябе масавіком-зацейнікам масавага духу: «Даеш з кожным днём весялейшае жыццё?»

Воўк Сталёвая Сківіца: Дробны кар'ерыст, выскачка, сацыяльна небяспечны элемент лявацкага ўхілу.

Ваўчыха Цыцэра: Тым не меней лісе Алісе ён пабудаваў хатку на самым ускраечку, а кошцы, якая гуляла сама па сабе і не ўступіла ў прафсаіозы, - кошкін дом. Умеюць людзі жыць.

Ваўчаняткі (у адзін голас, г.зн. хорам): Умеюць жа людзі жыць.

Воўк Сталёвая Сківіца: Ах махляр, ах махляр, зусім пра жах забыўся, мафіозі. У той час, калі я, як бацька ваякам, жылаў сваіх не шкадую, ён...

Ваўчыха Цыцэра: А сваім ваўчаняткам, дзеткам няшчасным, крошачкам, ты не бацька?

Ваўчаняткі (няшчасныя дзетачкі, крошачкі, у адзін голас, фальцэтам): Ой, сірацінушкі мы казанскія...

Воўк Сталёвая Сківіца: Сашлю махляра на сельскагаспадарчыя работы, збіраць бульбу на Хадынскім полі.

Ваўчыха Цыцэра: А пра сямейку сваю падумаў?

Ваўчаняткі (сірацінушкі казанскія, паводле сістэмы Станіслаўскага, з трагічным пафасам): А пра нас ты падумаў?

Ваўчыха Цыцэра: Хто ім, няшчасненькім, хатку пабудуе? Дзе ім жыць?

Ваўчаняткі: У бічы пойдзем.

Воўк Сталёвая Сківіца (разгублена): Мой воўчы гонар...

Ваўчыха Цыцэра: Ім сыты не будзеш.

Ваўчаняткі: Няма шчасця ў родным доме, чакаюць нас дарогі.

З пагалосак тых часоў

- Чула, кума-сарока?

- Чула, куманёк-крумкач, заяц ваўку церамок адбудаваў.

- І кожнаму ваўчанятку па хатцы ў лесе на ўскрайку.

- Умеюць жа людзі жыць.

- Дурная ты, кума. Ён заслужыў гэты церамок. Вось ты што зрабіла, каб нам весела жылося? Нічога! Мяшчанка крайлесаўская.

Прадмова, з якой выступаў леапард Леапольд па мянушцы «Ребята, давайте жить мирно» перад асобым мышына-стратэгічным корпусам «Верныя тарпеды Крайсветнага лесу»

Што такое ісціна, якую вы адкрыеце для сябе толькі на дзяржаўнай службе. Вы служыце і не дзьміцё сабе ў вус, а мы падумаем пра вас дзень і ноч, і будзьце спакойнымі - без службы не застанецеся. Словы ўзяты з інструкцыі для герояў сельскагаспадарчых прац. У арыгінале гучаць так: замест службы нагадваецца тэрмін гераічная, стваральная творчая праца.

Леапард Леапольд - сапраўдны драпежнік, мае чатыры лапы з кіпцюрамі, галаву і хвост, харчуецца выключна траўкай і сенам. Усім сэрцам і душой успрыняў заклік паўлінаў: «Зробім усё, каб яшчэ весялей нам жылося». Сувязей, якія б ганьбілі яго, не мае. Мілы, пяшчотны кот. Казюлькі не пакрыўдзіць. На правакацыі не паддаецца. (Са службовай характарыстыкі Леапарда Леапольда.)

Леапард Леапольд - асоба, якая прыехала да ваўка на праверку. З тае нагоды, што за віхраслупавой дзяржаўнай службай леапарду Леапольду некалі было асэнсаваць падзеі пражытага дня, ён і не вёў дзённікаў. Таму, шаноўны чытач, мне цяжка знайсці дакументы, якія маглі б асвятліць леапардаву праверку ваўка. Вядома, што ваўку было прысвоена званне «Руплівы бацька ваякаў», а зайца павысілі да штабс-яфрэйтара і прызначылі галоўным масавіком-зацейнікам масавага руху «Эх, зажывём са спевамі!».

З ліста крошкі Янота

«Дзень добры, матуля. Ва первых страках свайго пісьма паведамляю - жыў-здароў. Наш браняпоезд кот у ботах перарабіў у сокавыціскалку і адкрыў кааперацыю «Сокі - вясёлага жыцця вытокі». Так што, матуля, і ты цісні сокі - і будзеш весела жыць.

Твой сын крошка Янот».

Лепшы бацька салдатам (партрэтны накід, газета «Дзень і ноч пільнуем заваёвы Рэспублікі)

У Леапарда Леапольда ў казармах заўсёды парадак. Як мага быць размешчаны ложкі. Адзін па-над адным, адзін па-над адным. У два паверхі. Гэткім жа чынам уладкаваны тумбачкі. На кожным ложку згодна статуту, зацверджанаму Саўмінам, матрац - зверху на матрацы прасціна. Потым яшчэ адна. І толькі тады запраўлена цёплая коўдра. Кожная падушка, што не дзіўна, схавана ў наўлечку. Сцены ў казармах аздоблены чырвоным дрэвам. На самым ганаровым месцы вісіць партрэт мудрага Паўліна Даздрапермы. Ягоныя мудрыя вочы кажуць: «Я з вамі, слаўныя абаронцы Крайсветнага лесу». Ва ўмывальніку і прыбіральні ўсюды кахля і мармур. Колькі клопатаў аддаў леапард Леапольд, каб казармы сталі родным домам для салдат, каб штодня жылося ім весялей. Нашым лепшым бацькам называюць салдаты леапарда Леапольда.

Радавы, крошка Янот

Данос у штаб генеральных генералаў Крайсветнага войска

Таварышы, не магу маўчаць. Як патрыёт, даводжу да вашага ведама, што ў той час, калі ўсе крайсветныя звяры весела зажылі, вы, нашыя рупліўцы, увесь свой талент, усё сваё каштоўнае здароўе аддаяце нашаму вясёламу жыццю. Дык чаму вы не можаце тым жыццём пажыць? А таму, таварышы, паны генеральныя генералы, што некаторыя прадстаўнікі зайцавага саслоўя страцілі жах і замест таго, каб выконваць Паўлінаў заклік, будуюць леапарду Леапольду палац «Леапольдавае гняздо», забыўшыся не толькі пра народ, але і пра вас - нашых правадыроў да вясёлага жыцця. Гэты заяц Первой Космичной Ракетой называецца.

Патрыёт Крайсветнага лесу

З мемуараў ката ў ботах Ванітуя Шарляпяровіча

Кошкі падобныя адна да другой. Што грывасты леў, што перапялёсая тыгра, што чорная пантэра, што плямісты леапард, што ты, кот у ботах, - усё адно кошкі. Што вам, кашачаму віду, патрэбна? Сыты страўнік, пагрэцца на сонейку дзе-небудзь на марскім беразе ды каб хто пагладзіў па поўсці. «Мне не ведаць кошак?» - так мне прызнаўся пацук Васіль Сымонавіч, які служыў галоўным пісарам у леапардавай канцылярыі. Мог і не гаварыць мне, шматграннай і паўнакроўнай асобе, якая прачытала ўсе тамы «Жыцця жывёл» Брэма. Дыялектыка нас вучыць: «Калі б мы ведалі ўсе дробязі жыцця якой-небудзь казюлькі, мы шмат якіх памылак маглі б пазбегнуць». Таму, калі я ведаю, што трэба леапарду, - я ведаю, што трэба і парапялёсай тыгры. І менавіта з гэтае прычыны абрадавана сустрэў выклік зайца да генеральных генералаў. Час чухаць карак надышоў. І я даў зайцу мэтавыя ўстаноўкі на стратэгічнае разгортванне руху, які пачаў я. Далей, далей і яшчэ далей.

Стэнаграма сакрэтнага пасяджэння генеральных генералаў

Галоўны генеральны генерал тыгр Антры-кот Шэрханавіч Дунай-Задунайскі: Тваё прозвішча, заяц?

Заяц: Первая Космическая Ракета.

Галоўны: Адкуль корань твой?

Заяц: Сын сваіх бацькоў, сумленных і працавітых працаўнікоў аграпрому, зямля-неба-воднай змычкі саслоўя.

Галоўны: Чым займаешся?

Заяц: Зацейваю шырокія масы на рух: «Зробім усё, каб з кожным днём нам весялей жылося».

Абуральныя галасы генеральных генералаў: Як жа ты, заяц, нас забыўся? Пра тых, хто думае пра звяр'ё дзень і ноч. Рускім языком моўлена паўлінам: «...Каб з кожным днём нам весялей жылося. Нам, нам, нам... Чуеш, разумееш - каму? Нам».

Заяц: Шчасцем лічу служыць нашым любімым і гераічным генеральным генералам, але я не ў сілах гэтага зрабіць, не ў сілах і замасіраваць усе шырокія масы асабістага складу доблеснага нашага войска, каб яны рабілі ўсё для вашага вясёлага жыцця.

Генеральныя генералы: Што для гэтага трэба?

Заяц: Прызначыць мяне палкоўнікам, галоўным масавіком-зацейнікам і актывістам-ініцыятарам масавага руху і даць мне дывізію.

Неўзабаве пасля прызначэння зайца Перкосрака палкоўнікам і галоўным масавіком-зацейнікам яго, нечакана для ўсіх, прызначаюць вялікім маршалам. Што ж адбывалася? Звернемся да мемуараў ката ў ботах.

Бурахвалістая праца масавага руху бурапенілася. Усё болей і болей асабістага складу ахопліваў ён, ад нізоў да вярхоў. Але тут нечаканае выпрабаванне чакала нас - дэфіцыт, гэты кляты перажытак феадальна-прыгоннай эканомікі Таптыгіных. Не хапала дрэва, цэглы. Як жа мы маглі ўзводзіць дамы вясёлага жыцця? Тады я вырашыў зрабіць гераічна-смелы крок - разабраць некалькі крэпасцей. Колькі цэглы дарэмна гіне. Я даў зайцу мэтавую ўстаноўку.

Сакрэтная стэнаграма пасяджэння генеральных генералаў

Заяц: Паважаныя і любімыя ўсімі шырокімі масамі асабістага складу доблеснага войска генеральныя генералы! Я хачу зрабіць вам найнепрыемнае паведамленне.

Генеральныя генералы (у адзін голас): Што, да нас едзе рэвізор?

Заяц: Горш. Я не магу забяспечыць вам вясёлага жыцця. Не хапае цэглы.

Генеральныя генералы (у адзін голас): Чорт бы яе ўзяў.

Заяц: Мы, дарагія і паважаныя генеральныя генералы, матэрыялісты-прагматысты-атэісты, і павінны ведаць, што прадстаўнікі дэманічнага пантэона тут ні пры чым. Каб была цэгла, трэба разабраць крэпасці.

Генеральныя генералы (у адзін голас): Дык нас жа - у Сібір.

Заяц: Якая карысць ад гэтых крэпасцяў, калі касмічныя караблі шматразавага карыстання аруць нівы сусвету.

Генеральныя генералы (у адзін голас): Мы з вялікім энтузіязмам, але вось як вялікі леў...

Заяц: Хто ёсць леў? Леў ёсць кансерватар і рэтраград, які не дае маладым дарогі. Апошні з магікан застойнага перыяду. Цяпер час імклівай таратайкі нашай гісторыі, якую вялікі кучар нашых перамог мудры паўлін Даздраперма гоніць на ўсіх парах да вясёлага вашага жыцця. Дарогу ўсяму новаму і свежаму. Выберыце мяне, і заўтра вам будзе весялей, чым сёння.

Галоўны генеральны генерал, тыгр Антры-кот Шарханавіч Дунай-Задунайскі: Я думаю, гэта ў лепшых традыцыях нашай дэмакратыі. Маладым усюды ў нас дарога. Хай вецер перабудовы дыхне і ў нашым лесе.

Генеральныя генералы: Хай дыхне.

 

- Не дазволю, - зарыкаў леў і з намаганнем прыўзняў сваю кіпцястую длань, якая многія гады сцерагла мір і супакой Крайсветнага лесу, ад якой трымцелі нашыя ворагі, длань героя і ваяводы. Зазвінелі на грудзях ордэны і медалі. Аднак ад старасці заслуговы і сівагрывы герой так і не мог падняць лапу. Усе ягоныя сілы былі аддадзены служэнню роднаму лесу, і да самых апошніх сваіх дзён ён збіраўся яму служыць. Смелую місію растлумачыць вялікаму маршалу льву Эканамайзеру неабходнасць расчыніць кабінетнае акно ветру перамен узяў на сябе тыгр Антры-кот, майстра флангавых атак, тонкі тактык і стратэг. «Вялікі маршал, вецер перамен задзьмуў і ў нашым лесе, шырыцца ўшыркі, паглыбляецца ўглыб масавы рух «Даеш нам вясёлае жыццё!». Зараз як ніколі трэба даць дарогу маладым, якія б з гонарам і славай працягвалі вашую гераічную справу», - казаў тыгр.

- Хто гэта там такі малады і нецярплівы? Га? - не, была яшчэ паўнюткая парахаўніца пораху ў вялікага маршала, пагрозлівым і ўладарным быў ягоны голас, гняўліва заблішчэлі ягоныя вочы, якія ён столькі гадоў не стульваў, абараняючы родны лес.

- Заяц.

- За-а-а-а-яц.

Ад здзіўлення ў льва адвісла сківіца. Тыгр пачуў, як нешта ў ёй задрынчэла, пстрыкнула і ўпала на падлогу. Перад ягонымі вачыма прадстала механічная сківіца. «Мадэ ін Марсавае поле» кінулася адразу тыгру ў вочы. Як, патрыёт і герой Крайсветнага лесу карыстаецца зубапратэзнай тэхнікай замежнай вытворчасці? Хіба можна пасля гэтага яго назваць патрыётам, хіба можна з яго браць прыклад падрастаючаму пакаленню?

- Ша - аа - яш, Ну-у-у, па-а-ш-ш-шкадуй, - шамкаў бяззубым ротам леў.

Сівая грыва з'ехала яму на вуха - гэта быў парык - і гладкая лысіна сляпіла майстра флангавых атак. Няшчасны стары плакаў перад ім. Разам з буйнымі слязьмі з вачніц раптам выпала штучнае вока, за ім другое. Буйныя слёзы цяклі па грудзях, па баявых орденах і медалях...

(Урывак узяты з рамана Ворана А.П.Бедна-Багатага «Крах маршала Эканамайзера»)

Вось і ўсё, шаноўны чытач. Зрэшты, на заканчэнне мне хацелася прывесці яшчэ адзін цікавы дакумент, які прывезлі мае сябры з камандзіроўкі ў Крайсветны лес. Гэта ліст крошкі Янота сваёй маці.

«Добры дзень, матуля. Ва первых страках свайго пісьма паведамляю, што жыў-здароў. Наш браняпоезд пераўтвораны ў кааператыўны вагон-кавярню «Эх вухнем». Рукі мае звычныя і да сякеры, і да фуганка, і да кельмы, і да шыла... І да чаго яны не звычныя. Цяпер я і кравец, і шавец, і жнец, і на дудзе дудзец. І ўсё па сумяшчальнасці. Вечарам, у свабодны ад службы час, мы рэпетыруем прыём і паказ гасцям нашай узорна-паказальнай казармы, куды іх заводзіць, адкуль выводзіць. Трэба трэніравацца, каб застою не было. Да нас прызначылі замест зайца Перкосрака, які стаў маршалам, новага капрала, зайца Другая касмічная ракета. Я, як вопытны вой, першы ягоны дарадчык і памочнік. Учора прыслалі яму запрашэнне на ўрачыстую вечарыну з нагоды чарговага дня нараджэння мудрага і вялікага кучара нашых дасягненняў паўліна Даздрапермы, а ён зажурыўся.

Па натуры я альтруіст. Для мяне духоўная патрэбнасць - дапамагчы іншаму. Пытаюся, што здарылася. Высвятляецца - няма чаго моднага апрануць зайцу. Па адзежцы сустракаюць. Як жа яго начальства сустрэне, калі не па-моднаму апранецца. Бяду знайшоў. Кажу: «Кладзіся спаць. Пераначуем - больш пачуем». І пакуль заяц спаў, я яму такі апошні крык моды пашыў, што ў вачах пацямнее і ў вушах зазвініць ад гэтага крыку. Выправіў зайца фартэлем і зараз чакаю яго назад, а пакуль пішу табе, матулька, гэтае пісьмо.

Да пабачэння, мілая матулька».


1988

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая