epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Надзея на апраўданне

Яна радавалася кожнаму свайму кроку. Ногі адчуваюць зямную цвердзь і слухаюцца. Гэта быў цуд. Яна радавалася вясноваму сонцу, свежаму паветру, паху кветак - усяму таму, чаго была пазбаўлена. Тры гады праляжала хворая. І змірылася - дактары асудзілі на смерць. А паднялася гэтаю зімою, стала хадзіць.

Сын, які тры гады даглядаў мацеру, крочыў побач. Так яны дабраліся да парку побач з домам, прыселі на лавіцы, на якой сядзеў, закінуўшы нагу на нагу, мужчына ў бялюткіх нагавіцах і кашулі. Вочы яго хаваліся за цьмяныя шкельцы акуляраў. Ён прыязна ўсміхнуўся тым, хто падышоў да лавіцы. Яны селі. Сын паглядзеў на матчын твар, вельмі падобны на яго твар. Маці хоць і жыла ў горадзе, а па-вясковаму любіла насіць хустку, так і не навучылася размаўляць па-гарадскому. А ён вось навучыўся, ён размаўляе па-гарадскому, і ніхто яго не назаве вяскоўцам.

- Сынуля, - радасна мовіла матуля і з любоўю зірнула на яго. Ён жа ўважлівым позіркам паглядаў на дзяўчыну, што крочыла па алеі. Раптам паказаў рукою ўбок.

- Вавёрка, - мовіў ён.

І сапраўды, непадалёк ад лавіцы бегла вавёрка.

- Вавёрка, - прамовіў і чалавек у акулярах.

Усе ўтраіх глядзелі на звярка. Вавёрка спрытна ўскарабкалася на дрэва і схавалася ў лістоце. Калі сын азірнуўся на маці, дык убачыў яе нежывыя шкляныя вочы. На яе вуснах скамянела ўсмешка шчаслівага прадчування. І сын, разумеючы ўвесь жах таго, што адбылося хвілінаю раней, не мог паверыць у гэта. Ён узяў яе нежывую руку, пратканую сінімі венамі, памацаў пульс і не адчуў яго.

- Я зрабіў тое, што ты заказаў. Ніводны доктар не ўстановіць, што смерць была гвалтоўнай, - прамовіў мужчына, падняўся з лавіцы і пакрочыў па алеі да выхаду з парку.

Маці памерла. Аднак... Так, ён можа прызнацца, што маці дапякала яго сваімі павучаннямі: як яму жыць, з кім сябраваць; надакучыла сваім заўсёдным бурчаннем і згрызоццем: не так зрабіў, не тое ўзяў, не прыбраў за сабой, не схадзіў у краму; ён не мог ужо чуць яе скаргі на лёс, што менавіта ён зламаў яе жыццё: «Правільна мне казалі людзі: зрабі аборт, навошта табе дзеці. Не паслухала, дурная, вось і пакутуй». І як жыць з адчуваннем, што ты ёсць прычына ўсіх няўдач і бедаў маці. Але і яна была прычынай многіх яго няўдач і бедаў. З-за яе ён не мог запрасіць у госці сяброў ці каханую, рабіць тое, што хацеў, жыць так, як падабаецца. Думалася, што яе смерць змяніла б яго жыццё: мог бы хадзіць у паходы, ездзіць у іншыя гарады, выпіваць з сябрамі дома, бавіць час з жанчынамі. Ён бы вярнуў усё, што страціў за тыя гады, калі не адыходзіў ад маці, даглядаючы яе. А страціў ён шмат. Але каб ён жадаў матчынай смерці, наняў бы платнага забойцу... Не, не, ён гэтага не зрабіў. І ўскочыў з лавіцы і пабег услед за мужчынам. Адно яму трэба пачуць: ён не замаўляў гэтага забойства. Ён спыніў некалькі мужчын у белых нагавіцах і кашулях, але яны здзіўлена паглядалі на яго. Да свайго адчаю ён не памятаў твару найміта. Кінуўся ў адзін бок, у другі - і нідзе не знайшоў. Той знік, а з ім знікла і надзея на апраўданне. І цяпер ён не апраўдае сябе. Ён апусціўся на зямлю і заплакаў ад адчаю. Так пачалося яго новае жыццё.


1990

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая