epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Перад маімі вачыма...

Велізарныя чорныя пацукі насцярожлівымі лупатымі вочкамі паглядаюць на мяне. Яны ведаюць, што Правадыр заявіў перад усімі: забойства пацука - гэта страшнае злачынства супраць чалавецтва, і таму зусім не баяцца мяне. Перашэптваюцца між сабою, шмыгаюць доўгімі насамі, паказваючы вострыя зубы, злавесна пасміхаюцца. Я бачу, як дрыжаць ад усмешак іх маленькія, як і ў Правадыра, вусікі. Нарэшце адзін падбягае да мяне і паспешліва кусае за нагу. Я трываю. Пацук нахабнічае - зноў мяркуе куснуць мяне. Але на гэты раз я нагой б'ю яго па ненавіснай мызе. Чорнае тулава пацука пакацілася па каменнай падлозе, потым раз-другі ў перадсмяротных сутаргах здрыганулася і заціхла. І тут жа пацукі заскавыталі чалавечымі галасамі: «Гвалт! Гвалт! Забіў! Забіў!» - і ўсёй гайнёю пабеглі да мяне. У вачох замільгала ад чорных спінаў і хвастоў. Я ўскочыў з падлогі. Убачыў, як нежывы пацук расплюшчыў адно вока і паглядзеў на мяне. Загнаны ў самы кут каморы, я адбіваўся ад пацукоў. Адзін за адным адляталі ад удараў чорныя звяркі. Мая віна перад чалавецтвам павялічвалася. Так і не адолеўшы мяне, пацукі акружылі кут і цярпліва сталі чакаць, калі я, знясілены сном, апушчуся на падлогу...

Мы любілі яго, мы верылі яму, мы ішлі за ім, мы ганарыліся ягоным сяброўствам. Ён нёс наш Сцяг. Варожыя кулі спявалі нам гімн мужнасці, і многія нашы сябры падалі з працятымі сэрцамі. Ніколі на ягоным твары мы не бачылі жаху. «Уперад, сябры мае, перамога будзе за намі», - увесь час заклікаў ён. І мы ішлі за ім у бой, і мы перамагалі. Калі пілі горкае віно перамогі, ён плакаў ад шчасця. «Сябры, мілыя, што б я без вас рабіў? Гэта вы падтрымлівалі мяне, і ўдары вашых сэрцаў чуў я праз спеў варожых куль. Гэта вы здабылі перамогу». З радасці мы цалаваліся і плакалі. Мы ўсе любілі яго. «Вядзі нас далей. З табою жадаем будаваць Дарогу Шчасця. Будзь нашым Правадыром», - прасілі мы.

- Што вы? Хіба змагу! - аднекваўся ён.

- Зможаш. Хто іншы, калі не ты? - крычалі мы.

Так ён стаў Правадыром. Мы будавалі Дарогу, дзень і ноч, летам і ўзімку, мы не шкадавалі сябе. І ён працаваў з намі. Вечарам мы збіраліся ў ягоным цесным пакойчыку, згадвалі загінуўшых сяброў, спявалі песні сваёй маладосці, марылі аб будучыні. «Сябры, што б я без вас рабіў? Вы мне і апора, і надзея», - часта казаў ён. У гэтыя хвіліны ягоны твар, адухоўлены любоўю да нас, быў як ніколі прыгожы і прывабны.

Мінула колькі гадоў. Будавалася яшчэ Дарога Шчасця, але Правадыр ужо не працаваў з намі з капачом і кайлом у руках, цяпер ён узяў у рукі пяро. Са свайго цеснага пакойчыка перабраўся ў шыкоўныя апартаменты палаца, які належаў некалі Дэспату. Замест простай вопраткі Правадыру пашылі маршальскі мундзір. І нас, сяброў сваіх, рэдка запрашаў да сябе. А калі мы і меліся пабачыць яго, ахова, што вартавала палац, адказвала: «Правадыр вельмі заняты. Ён просіць прабачэння. Як-небудзь іншым разам прыме вас». Але іншы раз так і не надыходзіў.

- Ды што ты, сябра мой, - калі я нарэшце трапіў да Правадыра, шчыра прызнаўся ён, - пра які гонар ты кажаш? Я зусім не змяніўся, - па-сяброўску паляпаў мне па плячы. - Я такі, як і раней. Не шкадую сябе, удзень і ўночы думаю, як лепей будаваць Дарогу Шчасця. Думаеш, гэта проста? Не, сябар, гэта не проста. А гэтыя апартаменты, - ён абвёў вакол рукой, - мундзір... Не бяры да галавы. Гэта для велічнасці нашай мэты, каб паважалі нас. Але хіба нас не паважаюць за нашую працу?

- Ведама, паважаюць і захапляюцца, але для большага ўзвышэння нашага подзвігу патрэбны і гэтыя апартаменты, і гэты мундзір. Вось такая дыялектыка. Я цяпер шмат думаю пра яе. Ты лічыш, мне падабаецца тут. Ведаеш, як мне хочацца вырвацца адсюль да вас, але не магу. Ты не вер тым, хто выдумае, што я заганарыўся.

- А я і не веру, - адказваў я, наракаючы сябе за тое, што і сам думаў так - заганарыўся.

- Не вер. І не ссылаю я былых сяброў за тры моры. Хлусня. Я клапачуся аб іх здароўі. Яны ж лютаверы, гатовыя на ахвярнік будучага жыццё пакласці. Вось я і карыстаюся дадзенай уладай - шлю іх адпачываць у лепшыя лагеры адпачынку. Гэта мае ворагі распускаюць плёткі і наморы, ворагі, - голас яго памацнеў, загучалі сталёвыя ноткі, - не ўсіх мы перамаглі. Многія стаіліся і чакаюць зручнага моманту ўдарыць нам у спіну, - твар яго пасуравеў, вочы насцярожліва прыжмурыліся, нібыта ў куце апартаментаў ён убачыў ворагаў, якія там схаваліся.

У гэты момант дзверы ў пакой шырока расчыніліся і да нас убег ягоны сын.

- Тата! Та-тач-ка! - гучны дзіцячы голас парушыў нежывую цішыню палаца. - Глядзі, я птушачку злавіў, - паказаў ён сінічку. - Мы яе ў клетку пасадзім, - вочкі ў хлопчыка радасна блішчэлі.

Шчаслівая і лагодная ўсмешка на Правадыровых вуснах вярнула мне былога сябра. Цяпер я пазнаваў яго і ў гэтым шытым золатам маршальскім мундзіры. Разгладзіліся суровыя складкі на твары. Перада мною быў той самы сябар, што нёс перад намі Сцяг, будаваў з намі Дарогу, спяваў з намі песні. Правадыр падняўся з канапы, падышоў да сына:

- Сынок, дарагі, давай выпусцім сінічку. Для вольнага жыцця яна жыве.

Бацька і сын падышлі да расчыненага акна. Хлопчык разняў далонькі:

- Ляці, сінічка.

Калі я чытаў у кнігах выраз «твар свяціўся радасцю і шчасцем», то лічыў гэта прыдумкай пісьменнікаў. Але ўбачыўшы, колькі веры і дабра было ў хлопчыкавых вачах, як стоена ён чакаў, калі птушка выпырхне з далоняў, як шчыра ўзрадаваўся, калі яна вылецела ў акно, падумаў: вось што гэта такое - «твар свяціўся радасцю і шчасцем».

- Воля - галоўная каштоўнасць жыцця, - сказаў Правадыр і паклаў сваю руку на сынава плячо.

Воля... А я думаў у тое імгненне, што дабрата - галоўная каштоўнасць жыцця. Правадыр захаваў яе і ў гэтых апартаментах, а таму застаўся самім сабою, тым ранейшым, нашым сябрам, якога мы любілі, якому верылі, якім ганарыліся.

У апошнія гады сталі хадзіць пагалоскі, што Правадыр захварэў. Казалі - ён баяўся сустракацца з людзьмі, страшыўся зірнуць праўдзе ў вочы, палохаўся паднятых у аднадушным вітанні яго асобы рук, уздрыгваў ад гучнага дзіцячага смеху. Усюды яму трызніліся ворагі. Ён перабраўся з палаца ў браніраваную вежу, але і там яму мроіліся жахі. Дактары толькі разводзілі рукамі. І тады з'явіўся чалавек, які паабяцаў вылечыць Правадыра. Невысокага росту, у шэрых заношаных портках і ў пінжачку з латкамі на локцях, ён нічым асаблівым не вылучаўся, і нішто не казала пра ягоныя незвычайныя здольнасці. Хіба толькі пранізлівы, як дзіда, позірк лупатых вочак з-пад нізкага лба.

Правадыр выклікаў яго да сябе. Я магу ўявіць, як прайшла іх сустрэча.

- Вы ўжо чулі аб маёй хваробе? - спытаўся Правадыр.

- Я магу вам дапамагчы, - ціхім даверлівым голасам адказаў чалавек.

- Чым? - каб прыхаваць хваляванне, Правадыр паспрабаваў распаліць люльку, але запалка ў руцэ дрыжэла, і яе ніяк не ўдавалася запаліць.

- Я бачу душы людзей. Варта мне зірнуць на чалавека, і я ведаю, якая ў яго душа - светлая або чорная.

Правадыр, відаць, скурчыўся пад вострым позіркам чалавека, занерваваўся, падняўся з канапы і стаў праходжвацца па пакоі. У цішыні рыпелі ягоныя вайсковыя боты. Трубка ў руках так і не задымілася.

- Я вас слухаю.

- Я магу скласці спіс усіх светлых душаў, высветліць усе шэрыя душы. Яшчэ са школы вы павінны памятаць, што калі пануюць шэрыя, да ўлады прыходзяць чорныя.

Гэты чалавек слушна паставіў дыягназ, як лячыць хваробу, і збіраўся яе вылечыць. Ён не задаваў лішніх пытанняў. Правадыр прызначыў яго Галоўным Лекарам Дарогі.

Год Галоўны Лекар разам са сваімі памагатымі раз'язджаў па Дарозе і складаў спісы светлых душ. Калі сустракаў чорныя - адразу запрашаў да сябе ў хеўру. Усё часцей і часцей у газетах з'яўляліся звесткі аб эпідэміі невядомай хваробы, якая пагражала будаўнікам Дарогі.

Аднойчы Правадыр сабраў набліжаных да сябе людзей, у тым ліку і мяне. Пакуль чакалі прыёму, я ўбачыў сярод памагатых Галоўнага Лекара тых, хто некалі разам са мною крочыў пад Сцягам Правадыра. Трымаліся яны асобна, непрыязна паглядалі на нас, нібыта падазравалі нешта небяспечнае з нашага боку. Іх белыя, як бліскавічная маланка, халаты палохалі нас сваёй чысцінёю. Аднаго я пазнаў. Ён служыў пры Дэспаце пісарам і выдаваў ахове незадаволеных парадкамі. Пасля таго як перамаглі мы, ён першы вітаў нас і выклікаўся складаць звесткі, як і хто працаваў на будаўніцтве Дарогі. Ён зрабіў выгляд, што не пазнаў мяне, я таксама.

Правадыр запрасіў нас да сябе. Шмат што мяне ўразіла ў ім. Пастарэлы маршчыністы твар, падазроны позірк пабляклых вачэй. Замест маршальскага мундзіра ён апрануў жалезны панцыр, на якім золатам блішчэла «Галоўны сярод усіх», «Герой з герояў», «Вялікі з найвялікшых», «Мудры з наймудрэйшых». Сам панцыр і надпісы здзівілі мяне. Навошта ўсё гэта Правадыру? Ён баіцца здрадніцкага кінжала? Але ўсе мы любім яго. Палохаецца, каб Галоўны Лекар не ўбачыў яго душы? Але ўсе мы ведалі: у Правадыра яна светлая, як нашая святая мэта. І адкуль раптам такая нясціпласць? Галоўны, герой, вялікі, наймудрэйшы? Пытанні заставаліся без адказу. Замест таго каб запрасіць прысесці за стол, Правадыр выстраіў нас перад сабою. У пакой таропкаю хадою ўвайшоў Галоўны Лекар, апрануты ў маршальскі мундзір. Ён уладарным голасам крыкнуў нам: «Зважай!» Але, відаць, мы выканалі загад не так, як яму заманулася, ці галовы неадначасова павярнулі, ці падбародкі не прыўзнялі высока, ці яшчэ што, але Галоўны Лекар скрывіў твар і незадаволена прамовіў: «Адставіць».

- Што, сябры, - зняважліва вымавіў ён гэтае слова, нібы здзекаваўся з нас, і мы прамаўчалі, - так і не навучыліся зважаць нашага горача любімага Правадыра? - Галоўны, заклаўшы рукі за спіну, праходжваўся ўздоўж шыхту, працінаючы кожнага сваім колкім позіркам.

- Перад вамі Герой з герояў, Вялікі з найвялікшых, Мудрэйшы з наймудрэйшых, а вы ніякай яму павагі. Вучыцеся ў Лекараў, як яны паважаюць нашага любага Правадыра, як аддана пазіраюць на яго, як цягнуцца падбародачкамі да яго, - вось яна, шчырасць пачуцця, не тое што вы.

А Правадыр убаку моўчкі хмурыў бровы і дыміў трубкаю, рабіў выгляд, што нічога не бачыць.

- Зважай! - рэзка ўсклікнуў Галоўны Лекар, і мы рэзка, прыўзняўшы падбародкі ўгору, павярнулі твары да Правадыра. У нашых вачах было столькі любові і адданасці, што Галоўны не стаў адмяняць свой загад. - Раўняйся на Правадыра! - гаўкнуў ён і, высока ўздымаючы ногі, парадным крокам падышоў да яго: - Дарагі наш Правадыр, Галоўны сярод галоўных, Герой з герояў, Вялікі з найвялікшых, Мудрэйшы з наймудрэйшых, народ чакае Вашага мудрага слова!

- Навошта, навошта гэткая ўрачыстасць? - Правадыр нахмурыў бровы. - Не трэба адрывацца ад народа, трэба быць з ім.

- Так, але гэта воля народа, - адказаў за ўсіх нас Галоўны Лекар.

- Ну, калі гэта воля народа, - Правадыр развёў рукамі. - Я падначальваюся народнай волі. Хачу, - звярнуўся ён да нас, а я адзначыў, што з яго вуснаў знікла слова «сябры», - каб вы не здзіўляліся таму, што будзе адбывацца ў хуткім часе. Так трэба. Вы ведаеце, што лютуе эпідэмія, як яе...

- Альба Рутэнія, - падказаў Галоўны.

- Вось-вось, яна нявечыць кволыя душы, адымае памкненні да будаўніцтва Дарогі Шчасця, а гэта на карысць нашым ворагам. Трэба правесці санітарную прафілактыку. Як думае Галоўны Лекар?

- Так, так, Правадыр, трэба неадкладная санітарная прафілактыка.

У гэты момант адчыніліся дзверы і ў пакой убег хлопчык. Вялікія залатыя літары, выбітыя на панцыры, што замураваў дзіцячае тулава ў жалеза, абвяшчалі - «Сын Правадыра». Убачыўшы нас, хлопчык спуджана залыпаў вачыма з доўгімі веямі. Ён рос цяпер без сяброў, быў пазбаўлены шумлівых дзіцячых гульняў, не ведаў шчырай радасці смеху, не купаўся летам у рэчцы, не збіраў у лесе грыбоў, не катаўся зімою на санках, не пускаў караблікаў па вясновых раўчуках... Я здагадаўся, што хлопчык марыць скінуць панцыр, які адбіраў у яго апошнюю магчымасць свабодна рухацца.

- Чаго табе? - незадаволена і сурова спытаўся Правадыр у сына. Але хлопчык не адказаў яму. Ён палахліва пазіраў на бацьку і нясмела адступаў да дзвярэй. І я тады звярнуўся да Правадыра:

- Я думаю, лепш зняць з хлопчыка панцыр.

- Я сам ведаю, што мне рабіць, - рэзка адказаў ён.

Галоўны Лекар занепакоена зірнуў на мяне, і ў ягоных вачах я прачытаў прысуд.

...Пацукі чакаюць, калі я засну. А я каб і хацеў заснуць, дык не змог бы. Перад маімі вачыма стаіць хлопчык. Ён умольна паглядае на мяне. Але чым я магу дапамагчы?


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая