epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Варшанскі харунжы (Самуль Кміціч)

Імя Анджэя Кміціца - героя рамана Генрыка Сянкевіча «Патоп» набыло сусветную славу. Створаны літаратурным геніем Сянкевіча вобраз мужнага і смелага шляхціча, харунжага варшанскага Анджэя Кміціца, болей за сто гадоў чаруе чытачоў. Невыпадкова, што «жалезнага» Фелікса Дзяржынскага за ягоную адвагу сябры-равалюцыянеры называлі «чырвоным Кміціцам». Вядома, што «Патопам» зачытваўся Леў Талстой. Але асабліва папулярным стаў Анджэй Кміціц, калі напрыканцы 70-ых гадоў нашага стагоддзя польскія кінематаграфісты экранізавалі «Патоп». Таленавіты акцёр Даніэль Альбрыхскі ўвасобіў вобраз Кміціца на экране. Без перабольшання можна сцвярджаць, што Анджэй Кміціц - адзін з папулярнейшых герояў у сусветнач літаратуры. Як ні дзіўна, але гэта факт: літаратурны герой захінуў сабой рэальную гістарычную асобу - свой правобраз, імя якога ён, дарэчы, атрымаў ад харунжага варшанскага Самуля Кміціча. Часам нават навукоўцы ў сваіх працах Самуля называюць Анджэем, як, напрыклад, польскі гісторык Гадэло.

Пры супастаўленні жыцця Самуля Кміціча з сюжэтам рамана можна прыйсці да высновы, што па волі Сянкевіча ягоны герой не падобны на свой правобраз. Прынамсі, Сянкевіч не апісваў жыццёвы шлях рэальнага Кміціча, а толькі выкарыстаў ягонае імя. У «Патопе» Анджэй Кміціц ідзе сваім пакручастым і драматычным шляхам. І тым не менш, іх абодвух аб'ядноўвае любоў да Бацькаўшчыны, вайсковая доблесць, мужнасць і адвага - абодва ўспрымаюцца за прыклад самаахвярнага служэння роднаму краю. Але не будзем пераказваць змест «Патопа», бо нас больш цікавіць вобраз Самуля Кміціча.

У свой час (а гэта гады вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй і Швецыяй - 1654-1667) слава пра «добрага жаўнера» (паводле выказвання вядомага польскага мемуарыста Яна Пасака) зацьміла славу другіх герояў. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян-Казімір і сойм Рэчы Паспалітай у 1670 годзе высокімі словамі ўхвалілі подзвігі Самуля Кміціча. Гэтак і трапіў ён у гісторыю як «слаўны ваяўнік», а пасля стаў правобразам галоўнага героя рамана Генрыка Сянкевіча.

На жаль, Самуль не пісаў дыярушаў, ды і мемуараў пасля сябе не пакінуў, у адрозненне ад свайго сучасніка д'Артаньяна. Не шмат захавалася і дакументальных сведчанняў ягоных гераічных учынкаў.

Таму сёння цяжка поўнасцю ўявіць вобраз варшанскага харунжага. Можна сказаць, што Самуль Кміціч вызначаўся рэдкай смеласцю і мужнасцю на палях бітваў, быў таленавітым водцам. Менавіта яму вялікі гетман Павел Сапега даручаў самыя складаныя і цяжкія вайсковыя аперацыі і начальства над авангардам.

Карыстаўся ён пашанай і павагай і сярод жаўнераў. Аднойчы яго нават выбралі маршалкам канфедэрацыі. Словам, Кміціч быў сумленным воінам, які прайшоў са сваімі сябрамі ўсе цяжкасці і выпрабаванні войнаў. Паходзіў Самуль з беднай варшанскай шляхты і належаў да герба Радзіч. Мяркуючы па тым, што ягоны старэйшы брат Мікалай быў высокаадукаваным і пісаў лацінскія вершы, дык і Самуль, магчыма, атрымаў добрую адукацыю. Аднак нарадзіўся Кміціч воінам і прысвяціў сябе абароне роднай зямлі.

З самага пачатку вайны Рэчы Паспалітай і Масковіі, у 1654 годзе - Кміціч у войску Януша Радзівіла. У баях з ворагам ён праславіўся геройствам і атрымаў чын паручніка. Слаўнае імя і асабістыя якасці варшанскага шляхціча вылучылі яго сярод іншых водцаў войска Вялікага Княства Літоўскага. Калі ў 1655 годзе вялікі гетман януш Радзівіл прызнаў шведскую пратэкцыю, Кміціч стаў адным з ініцыятараў стварэння антырадзівілаўскай канфедэрацыі. Канфедэраты даверылі яму ўзначаліць пасольства да Яна-Казіміра. Пасольства сустрэлася з манархам у Валборзаве 8 верасня 1655 года. Ян-Казімір абяцаў пасольству выплату жалавання жаўнерам і перадачу ім дабра Януша Радзівіла. За ласкавую паслугу жаўнеры палюбілі Кміціча, а вось Януш Радзівіл узненавідзеў і намерыўся атруціць яго і іншых афіцэраў-канфедэратаў. Дарэчы, захаваўся Радзівілаў ліст да ўрадніка Герасімовіча з просьбай атруціць афіцэраў-канфедэратаў. На шчасце, Герасімовіч не выканаў просьбы Радзівіла.

З гэтага часу Самуль Кміціч становіцца адным з уплывовейшых водцаў войска. Новы вялікі гетман Павел Сапега набліжае яго да сябе. Разам яны вядуць перамовы ў Камянцы з маскоўскім паслом Фёдарам Рцішчавым і дамаўляюцца аб замірэнні. Войска выбірае Кміціча камісарам па падзелу дабра Януша Радзівіла.

Такі імклівы ўзлёт маладога паручніка не закружыў яму галаву. Любоў і давер жаўнераў трэба было апраўдваць, і Кміціч апраўдвае яго. На чале сваёй харугвы (а паводле рэестра 1661 года яна складалася з 200 гусараў і 140 наймітаў-драгунаў) ён ваюе са шведамі і вызначаецца ў бітве каля ракі Сан, удзельнічае ў баях з сяміградскім ваяводам Юрыем Ракашы. За геройства Кміціч 17 красавіка 1658 года атрымлівае чын харунжага варшанскага і такім чынам становіцца правадыром варшанскай шляхты і захавальнікам сцяга Варшанскага павета.

Адразу пасля новага назначэння Кміціч на чале буйнога корпуса быў пасланы Сапегам на Ўкраіну на дапамогу кароннаму войску. Напрыканцы таго ж года харунжы варшанскі з дванаццаццю харугвамі здзейсніў партызанскі рэйд па тылах маскоўскага войска ў раёне ракі Бярэзіны і дайшоў аж да Лукомля, разбіваючы варожыя аддзелы і заставы. А ў жніўні 1659 года Кміціч са сваёй харугвай ужо ў Курляндыі б'ецца супраць шведаў.

Той, хто чытаў раман «Патоп», пэўна, памятае, як польскі шляхціч Кукліноўскі прызнаваўся, што ў Літве ёсць толькі адзін слаўны воін - Кміціч. Сянкевіч у гэтым выпадку меў на ўвазе Анджэя, але не сказаў гістарычнай праўды.

Слава Кміціча давала яму ўладу большую за гетманскую. Ён быў харызматычным правадыром сапежынскай дывізіі, жаўнеры ішлі за ім і ў бой, і... з поля боя. Было такое ў 1660 годзе. Кміціч узбунтаваў дывізію і ўвёў яе з фронта. Тым самым Самуль браў на сябе вялікую адказнасць і выклікаў гетманскі і каралеўскі гнеў. Але ж чалавек, які не раз глядзеў смерці ў вочы, не спужаўся гневу начальства: ягоныя баявыя сябры гібелі ад нястачы і голаду, а ўрад «сумленна» забываўся аб іх патрэбах і не плаціў заслужанае крывёю жалаванне. Кміціч сам быў простым жаўнерам і добра ведаў, што такое жаўнерскі хлеб.

Дывізія ўтварыла канфедэрацыю і выбрала Кміціча яе маршалкам. Далучыцца да канфедэрацыі ён заклікаў і другую дывізію войска Вялікага Княства.

Урад Рэчы Паспалітай на справядлівыя патрабаванні канфедэратаў не рэагаваў. Канфедэраты нават хацелі падацца пад уладу маскоўскага цара. Гэтаму ўспрацівіўся пісар польны Аляксандар Палубінскі, які ўвёў свой полк, а следам за ім канфедэрацыю пакінулі дваццаць тры харугвы. Тым не менш Самуль Кміціч застаўся верным канфедэрацыі.

І ўсё ж, калі ў 1660 годзе царская раць на чале з князем Іванам Хаванскім распачала новы наступ у Заходняй Беларусі, Кміціч паспяшаўся на дапамогу Паўлу Сапегу. 14 траўня 1660 года на генеральным коле ў Заблудаве ён скасаваў канфедэрацыю і павёў жаўнераў на злучэнне з палкамі Сапегі. Вялікі гетман не наракаў на дзёрзкага харунжага, быў абрадаваны яму. Ён ведаў, што за Кміцічам жаўнеры палезуць у самую пашчу небяспекі і здабудуць перамогу.

І Кміціч павёў войска за сабой на ворага. На чале трынаццаці харугваў ён пайшоў насустрач раці Хаванскага.

Каля вёскі Палонка аддзел Кміціча сустрэўся з авангардам маскоўскага войска. Спачатку маскоўскія воіны мелі перавагу, але падыйшлі польскія харугвы Стэфана Чарнецкага і вырашылі вынік бою - маскавіты адступілі. Гналі іх дзве мілі - да вёскі Мыш. Перамога Кміціча падняла баявы дух жаўнераў.

Удзельнічаў харунжы варшанскі і ў пераможнай бітве з раццю Хаванскага 28 чэрвеня 1660 года пад той жа Палонкай. Са сваёй харугвай Кміціч біўся на левым крыле беларуска-польскага войска. Тут жаўнеры пад шквальным агнём пераадолелі балота і выстаялі ў жорсткай сечы. Пасля бітвы Сапега паслаў Кміціча з буйным аддзелам у пагоню за рэшткамі маскоўскага войска. Імклівым маршам Кміціч выйшаў да Міра і разграміў непрыяцельскі полк у 1500 пешцаў. Мірскі гарнізон здаўся на міласць слаўнага воіна.

З Хаванскім Кміцічу давялося скрыжаваць зброю яшчэ раз. У тым жа 1660 годзе Павел Сапега пасля бітвы каля ракі Бася выслаў аддзел Кміціча на Чарэю, дзе стаяў з новым войскам Хаванскі. Каля Друцка аддзел патрапіў на засаду. Маскавіты нечакана ўдарылі з тылу. Аддзел быў амаль цалкам разбіты. Кміціч засеў у нейкім будынку і адчайна абараняўся. Выратаваў яго Стэфан Чарнецкі, які ў гэты час ішоў са сваім палком каля Друцка. Пачуўшы шум бою, палякі пераправіліся цераз Дняпро і наляцелі на маскавітаў. Як успамінае Ян Пасак, Кміціч выбег з будынка і закрычаў: «Дзеля Бога, ратуйце!» Ён быў на валасок ад смерці.

Чарнецкі разбіў маскоўскі полк, толькі восем чалавек і прыбегла ў лагер да Хаванскага.

Даведаўшыся аб паразе, Хаванскі паспяшаўся пад ахову полацкіх сцен. Услед за ім Сапега паслаў тры тысячы жаўнераў на чале са сваім пляменнікам Крыштапам Сапегам і Самулем Кміцічам. Праз дваццаць пяць вёрст яны нагналі толькі моцны заслон, які лёг пад зброяй, але затрымаў пагоню і дазволіў Хаванскаму пазбегнуць разгрому.

Дзень і ноч адступалі маскавіты да Полацка. За дванаццаць вёрст ад горада, каля ракі Суя, харугвы Кміціча і Сапегі зноў напалі на маскоўскае войска, адбілі артылерыю, захапілі ў палон некалькі палкоўнікаў і полацкага ваяводу. Сваю паразу Хаванскі тлумачыў чарадзействам. «Не ведама, ад Бога за наша паграшэнне або яны, ворагі, сваёй злоснай хітрасцю, чарадзействам і валхаваннем жах напусцілі».

Аднак гэта быў псіхалагічны пералом у вайне. Перамогі ліцьвінаў падарвалі ў маскоўскіх воінаў веру ў сваю сілу.

Яшчэ сем гадоў не выпускаў Самуль Кміціч з рук зброю. Ён удзельнічаў у шматлікіх баях і паходах. У 1663 годзе Кміціч па даручэнню гетмана Паўла Сапегі на чале сямнаццаці харугваў хадзіў пад Смаленск. Наступным годам са сваім палком ён удзельнічаў у паходзе войска Вялікага Княства пад Рослаўль і Бранск. Амаль год полк Кміціча трымаў у блакадзе Полацак. У 1666 годзе ён вядзе полк у Польшчу на ўсмірэнне рокашу Юрыя Любамірскага.

Закончыў вайну Самуль Кміціч палкоўнікам, краснасельскім старостам і героем. Вярнуўся ў родную Воршу. Шмат намаганняў давялося аддаць яму на аднаўленне горада ад вайсковых разбурэнняў. Не забываў Кміціч і пра асабістыя ўладанні. У сваіх маёнтках Гарадзеі і Аляшковічах у Варшанскім павеце Кміціч пабудаваў гаці і масты цераз Дзвіну, каб аблегчыць шлях па «Беларускай» дарозе ў Віцебск. Праўда, зрабіў ён гэта не без карысці, бо Ян-Казімір дазволіў яму браць пошліну з купцоў і падарожнікаў.

Увогуле, Кміціч, на здзіўленне іншым, праявіў сябе як дбайны гаспадар і нажыў даволі прыстойны капітал. Сярод тых, каму дапамагаў грашыма Кміціч, быў, напрыклад, полацкі ваявода Казімір Сапега, якому ў 1676 годзе ён падарыў 11000 злотых пад залог Асвеі.

Займаўся Кміціч і палітыкай. Не аднойчы менская і варшанская шляхта выбірала яго паслом на сойм. Прынамсі, ён быў менскім паслом на элекцыйных соймах, на якіх выбіралі манархамі Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага і Яна Сабескага.

У 1676 годзе Кміціч кіраваў левым крылом войска Вялікага Княства пад час паходу Яна Сабескага на Ўкраіну.

Займаў ён і даволі высокія дзяржаўныя пасады стражніка і ляснічага Вялікага Княства Літоўскага.

Памёр славуты герой у 1692 годзе. Пэўна, імя яго і згубілася б у гісторыі, але з'яўленне сянкевічавага «Патопа» выклікала зразумелую цікавасць да правобраза Анджэя Кміціца - рэальнага харунжага варшанскага Самуля Кміціча.

Аднак няясна, чаму Генрык Сянкевіч даў свайму герою прозвішча Кміціц, калі так і не апісаў жыццё і дзейнасць Самуля Кміціча? Чым растлумачыць ягоны выбар?

Самуль Кміціч быў двойчы жанаты. Імя першай ягонай жонкі, ад якой у харунжага нарадзіўся сын Казімір, невядомае. У рамане «Патоп» Анджэй Кміціц жэніцца на Оленьцы Білевіч. Менавіта з гэтага старажытнага беларускага роду паходзіла і жонка Генрыка Сянкевіча. Сямейны архіў трапіў да Сянкевіча. Верагодна, пісьменнік і знайшоў у архіве звесткі аб тым, што славуты варшанскі харунжы Самуль Кміціч быў жанаты на жанчыне з роду Білевічаў. Гэта, хутчэй за ўсё, і вызначыла выбар Сянкевіча. Свайго героя - адчайнага, смелага і зухватага шляхціча аўтар назваў у гонар і памяць варшанскага харунжага Кміціцам. Тым і праславіў яго на ўвесь свет.


1996-1997?

Тэкст падаецца паводле выдання: часопіс «Беларуская Мінуўшчына», No.2, 1997.
Крыніца: невядомая