epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Тумаш

Дыпляматычная кантравэрсыя 1646 году за беларускую мову

Агульна ведама, што ўрадавай мовай Вялікага Княства Літоўскага аж да ХVІІ стагодзьдзя была мова беларуская. Шырака яна тады тарнавалася ў дзяржаўным ды судова-юрыдычным справаводзтве ня толькі на тэрыторыі этнічна беларускай, але й на ўсіх землях Вялікага Княства. Ёю былі пісаныя граматы, актавыя запісы, дакумэнты й на прасторы не беларускай Жамойці. Беларускай мовай былі пісаныя ведамыя кодэксы законаў Княства, Літоўскія Статуты. Ёю карысталіся тады асьвечаныя слаі народу ў пісьменнасьці характару сьвецкага - у ліставаньні ў справах прыватных і гандлёвых, у палемічнай і мэмуарнай літаратуры, у летапісах, у творах вершаваных.

У асабліва шырокім практычным ужытку была беларуская пісьмовая мова ў жыцьці тагачаснае праваслаўнае царквы Беларусі, да якое належыла тады больш 80% усіх падданых дзяржавы. Толькі кнігі характару літургічнага, дый некаторыя іншыя царкоўныя кнігі па старой традыцыі перапісваліся, а пазьней і друкаваліся мовай царкоўнаславянскай. Ды й гэтая царкоўна-славянская мова праз стагодзьдзі яе ўжытку на землях Беларусі ўвабрала столькі беларускіх асаблівасьцяў, што некаторыя моваведы выдзяляюць яе, і на гэта маюць дастаткова падставаў, у спэцыфічную яе адмену - царкоўнаславянскую мову «беларускае рэдакцыі».

Мову беларускую, побач лацінскае, доўгі час ужывала й каталіцкае духавенства Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ ў першай палове ХVІ стагодзьдзя пабеларуску свае лісты й граматы пісалі каталіцкія біскупы сталічнае Вільні. Ад ХV стагодзьдзя беларуская мова стала моваю рэлігійных кнігаў, «Аль-Кітабаў», і невялікае лікам часткі жыхарства Беларусі мусульманскае веры - нашчадкаў колішніх татарскіх перасяленцаў. Кнігі гэтыя хоць і пісаныя літарамі арабскімі, арабіцай, але мовай беларускай.

Сяньня ўсе гэтыя факты ў навуковай літаратуры агульна ведамыя, але стагодзьдзямі былі яны блізу зусім забытыя. Патрэбная была крапатлівая праца дасьледнікаў, каб гэтую ў віры падзеяў гісторыі загубленую праўду на аснове старое пісьменнасьці ды архіўных матарыялаў раскрыць ды падаць да шырэйшага ведама і, парадокс гісторыі, да ведама найперш самых беларусаў.

Выдатны засноўнік беларускае філялёгіі Аўхім Карскі ў рэфэраце, што быў чытаны на Дзевятым Археалягічным зьезьдзе Расейскае імпэрыі, у 1893 годзе ў Вільні, гістарычную ролю старое беларускае літаратурнае мовы ўняў формулай: «на працягу колькіх стагодзьдзяў была яна ворганам разумовага, духовага й палітычнага жыцьця народу ў Вялікім Княстве Літоўскім» [1].

Ня шмат хто, аднак, яшчэ й цяпер усьведамляе, што старая беларуская мова стагодзьдзямі спаўняла й важную міжнародную функцыю. Ейнае высокае разьвіцьцё ў практычным ужытку цягам стагодзьдзяў, пры дамінуючай тады на ўсходзе Эўропы культурнай, а ці раз і палітычнай ролі Вялікага Княства, давяло да гэтага, што ў шырокім карыстаньні беларуская пісьмовая мова была й далёка за межамі Княства.

У другой палове ХV стагодзьдзя, на ўзвышшах тэрытарыяльнае экспансыі за панаваньня вялікага князя Казіміра Ягайлавіча, Вялікае Княства Літоўскае ахоплівала вялізныя прасторы ад Балтыйскага мора на Поўначы да Чорнага на Паўдні. На ўсходзе-ж дзяржаўная мяжа зь Вялікім Княствам Маскоўскім праходзіла тады 130 км ад Масквы.

Пабеларуску, кірыліцай, пісалі тады на ўсходзе Эўропы дыпляматычныя граматы, мірныя ўгоды, гандлёвыя ўмовы. Беларускай мовай карысталіся князі, валадары Вялікага Княства, ды іхняя вялікакняжая канцылярыя ў сталічнай Вільні пры ліставаньні з валадарамі краёў і незалежных местаў усходу - Масквы, Вялікага Ноўгараду, Цьверу, Пскова, нямецкае Рыгі, Польшчы, Малдавіі, Валахіі, Татарскіх ордаў. Беларускай мовай, як правіла, пісалі тады свае граматы да вялікага князя ў Вільні й валадары гэтых краёў ды местаў, улучна з татарскімі ханамі. Толькі дыпляматычная перапіска з краямі й валадарамі Захаду вялася ў мове лацінскай.

Дык у стагодзьдзях ХІV-ХVІ беларуская пісьмовая мова спаўняла ў міжнародных дачыненьнях на ўсходзе Эўропы функцыю падобную, як мова лацінская тады-ж на захадзе. Унікальную ролю беларускае пісьмовае мовы тае пары можна яскравей усьведаміць, калі зьвернем увагу на тое, што ні ў гэных часох, ды й ніколі пасьля, падобнае ролі ў міжнародных дачыненьнях ня мела суседняя мове беларускай мова польская.

Калі пасьля дынастычнае Крэўскае вуніі 1385 году Літвы з Польшчай вялікія князі літоўскія сталі й каралямі Польшчы, яны як валадары Польшчы, ды часта й у справах самое толькі Польшчы, пры ліставаньні з валадарамі ўсходу Эўропы карысталіся мовай беларускай. Дзівіцца гэтаму й ня трэба, бо быў гэта час, калі польская пісьмовая мова практычна яшчэ не існавала, калі папольску ня пісалі яшчэ й у самой Польшчы. У юрыдычна-ўрадавым ужытку панавала там тады яшчэ скрозь не зразумелая для народу мова лацінская. Толькі месты з большым пікам нямецкага мяшчанства, у гэтым ліку й сталічны Кракаў, у сваім юрыдычна-самаўрадавым жыцьці карысталіся тады шырака, побач мовы лацінскай, мовай нямецкай.

Асаблівую ды ўнікальную ролю на ўсходзе Эўропы мовы старое беларускае пісьменнасьці яшчэ ў мінулым стагодзьдзі добра ўсьведаміў выдатны расейскі славісты й беларусавед Пётра Бяссонаў. Свой пагляд Бяссонаў выказаў у 1871 годзе словамі: «У гэную пару, ды доўгі час, на ўсім вялізным прасторы ад Дзьвіны й Дняпра ды ў глыбкі чужых краёў, беларуская пісьмовая мова была адзінаю, адзінаю жывою, цібо роднаю народу, што як-ніяк супадала з мовай гутарковай, а прынамся - на ёй была абаснаваная» [2].

 

* * *

 

Дзеля палянізацыі сацыяльна пануючае ды палітычна кіруючае верхавіны, магнатаў і замажнейшае шляхты, з пачаткам ХVІІ стагодзьдзя беларускую мову з урадавага ўжытку ў Вялікім Княстве Літоўскім пачынаюць паступова выціскаць мовы лацінская ды, асабліва, польская. Не зважаючы ўсё-ж на гэта, у дыпляматычных сувязях Вялікага Княства й Польшчы з Масквой у карыстаньні й далей застаецца мова беларуская. Відаць гэта добра з спрэчкі 1646 году ў Варшаве паслоў Масквы з сэнатарамі Польшчы ў пытаньні, якую мову ўжываць пры дыпляматычным ліставаньні караля Рэчыпаспалітай з маскоўскім царом.

Гістарычныя абставіны, пры якіх да дыпляматычнае кантравэрсыі за беларускую мову дайшло, былі гэткія: у 1632 годзе памёр вялікі князь літоўскі й кароль польскі Жыгімонт Ваза. Першы маскоўскі цар з Раманавых, Міхаіл Фёдаравіч, сьпяшаецца скарыстаць пару бескаралеўя ў Рэчыпаспалітай да часу выбару новага караля ды шле супроць Вялікага Княства Літоўскага даўно для гэткае нагоды падрыхтаванае войска ў сіле 32.000 чалавек ды 168 гарматаў. Галоўная мэта распачатае вайны - захапіць стратэгічна ключавую цьвярдыню Вялікага Княства Смаленск.

З пачаткам сьнежня 1632 году войскі цара падыходзяць пад Смаленск, пачынаецца аблога. Не зважаючы на вялізарныя сілы Масквы, абаронцы места наважана адбіваюць усе наступы ворага. Аблога зацягваецца на дзевяць месяцаў. Увосені-ж году наступнага, з падыходам на водсеч новавыбранага караля Ўладзіслава, самі маскоўскія войскі пападаюць у вакружэньне ды хутка, у верасьні 1633 году, здаюцца.

Цару Міхаілу Фёдаравічу давялося прасіць у караля Ўладзіслава міру, які й быў падпісаны 27 травеня 1634 году ў недалёкім ад Вязьмы Палянаве. Паводле Палянаўскае ўгоды Смаленск з Смаленшчынай, гарады Рослаўль, Белая, Трубчэўск, Невель, Себеж, Старадуб прызнаваліся беззасьцярэжна за Вялікім Княствам Літоўскім, Чарнігаў-жа ды Ноўгарад-Северскі за Польшчай. Кароль Уладзіслаў, з свайго боку, за 20.000 рублёў адступнога зракаўся тытулу маскоўскага цара ды прэтэнзыяў да маскоўскага царскага пасаду, якія ў яго былі ад часоў гэтак званага «смутного времени» ў Маскоўшчыне, калі сваім царом прызнала яго само маскоўскае баярства. Тытул «цара» ўгодаю, безь ніякіх ужо засьцярогаў, замацоўваўся за Міхаілам Фёдаравічам Раманавым. У сувязі з гэтым была складзеная й дамова аб будучых формах абавязваючай тытуляцыі караля Ўладзіслава ды цара пры дыпляматычным між імі ліставаньні.

Адзінаццаць гадоў пасьля Палянаўскае ўгоды, у 1645 годзе, памірае Міхаіл Фёдаравіч. Царскі пасад пераходзіць на ягонага 16-годняга сына Аляксея Міхайлавіча. Цяпер маскоўскія баяры затрывожыліся, каб кароль Уладзіслаў не задумаў скарыстаць нагоду зьмены на царскім пасадзе і асабліва, малады век новага цара ды не пачаў ваенных дзеяньняў супроць Вялікага Княства Маскоўскага. Каб запабегчы гэтаму, было пастаноўлена паслаць «вялікіх паслоў» ад цара да караля пад прэтэкстам патрэбы пацьверджаньня пунктаў Палянаўскае ўгоды ад імя новага валадара. На чале пасольства пастаўленыя былі царскі крэўны баярын Васіль Іванавіч Страшнёў ды акалічны Сьцяпан Мацьвеевіч Праестаў.

Паслом было дадзенае даручэньне спачатку прывітаць ад цара караля Ўладзіслава з нагоды ягонага жанімства зь Людвікай Марыяй Мантуанскай, пасьля пацьвердзіць Палянаўскую ўгоду ды дамагчыся, каб у граматах ад караля да цара была строга тарнаваная, дамоўленая Палянаўскай угодай, тытуляцыя цара, ды старацца дабіцца судзейнасьці ці навет і дапамогі Рэчыпаспалітай у справе абароны перад дакучлівымі наездамі крымскіх татараў. Прабег гэтага пасольства ведамы з справаздачы, якую пасьля павароту да Масквы «вялікія паслы» склалі цару на пісьме [3].

10 сакавіка 1646 году царскіх паслоў у Варшаве прыняў на кароткай аўдыенцыі хворы якраз тады кароль Уладзіслаў. Пасьля таго, як паслы наведалі й каралеву ды перадалі прывітаньні ад цара Аляксея Міхайлавіча й ёй, гутаркі з пасламі вялі ўжо сэнатары каралеўскае рады.

Перамовы маскоўскія паслы пачалі з таго, што нанава ўзьнялі старыя скаргі Масквы на тое, што ў граматах да цара ад караля ды ягоных падуладных не захоўваецца адпаведная «царскай вялікасьці», дамоўленая Палянаўскай угодай, тытуляцыя. Як у граматах да нябожчыка ўжо, цара Міхаіла Фёдаравіча, так і да цара новага дапускаюцца памылкі а навет і абразьлівыя звароты. Маскоўскія паслы дамагаліся, каб вінаватыя за абразу цара неадпаведнай тытуляцыяй былі строга пакараныя за памылкі большыя навет сьмерцяй. Яны вымагалі, каб кароль загадаў запісаць і ў соймавую канстытуцыю справу строгае адказнасьці за тарнаваньне належнае цару тытуляцыі й што вінаватыя за памяншаньне царскага тытулу будуць карацца горлам без усякага апраўдваньня.

Паны каралеўскае рады ў вадказ на гэта сказалі: «Заяўляем па праўдзе ды шчырым сэрцам, што памылкі былі зробленыя не знарок, а толькі таму, што дзячкі пішаць, ня ведаючы рускае мовы. Бог Усемагутны згары бачыць, што апіскі дапушчаныя былі бязь нейкае хітрасьці. І, не зважаючы на гэта, кароль усё-ж загадаў паклікаць вінаватых на сойм, бо-ж самі знаеце, што ні каралю, ні нам ня толькі шляхціча, але й простага чалавека бяз сойму караць ня можна».

На гэта паслы маскоўскія заявілі, што каралю трэ было даўно гэтак зрабіць, ды пры тым паказалі каралеўскую грамату, у ўводным звароце якое заміж самодержцу было напісана самодержцы. На гэта сэнатары сказалі: «Мы вам заяўляем, што ў нашай польскай мове самодержцы й самодержцу - адно й тое, і зьнявагі яго царскай вялікасьці тут ніякае няма, і памылкі таксама няма».

Не згаджаліся, аднак, з гэтым царскія паслы ды з абурэньнем гаварылі: «Як вам, паны радныя, ня стыдна гэта казаць? Ня толькі вам разважыўшы зразумець гэта можна, але й просты чалавек гэта лёгка зразумее: напісаць і сказаць самодержцу - гэта будзе да асобы аднае, калі-ж напісаць самодержцы, гэта будзе да шмат асобаў. На ўсіх вялікіх гаспадарствах Расейскага царства самодержец адзін, другога няма й ніколі ня будзе. Адкладаць да сойму справу гэтую ня можна, бо людзям, якія пішуць тытул, не зважаючы на пасольскія дамовы, трэба чэсьць і маемасьць адбіраць і, з каралеўскага загаду ды соймавае пастановы, караць сьмерцяй».

Паны-рады на гэта: «На Бога прысягаем, што папольску самодержцы й самодержцу адно й тое. Калі-ж паруску ня так, дык на будучыню мы строга дапілнуем, каб памылкі ня былі. Ды ў будучыні гаспадару нашаму й пісаць да царскае вялікасьці ў граматах трэба лепш папольску... тады й памылак ня будзе».

Посул, каб у ліставаньні караля з царом перайсьці на мову польскую, маскоўскія паслы станоўка адкінулі словамі: «Издавна повелось, что грамоты королевские к великому государю пишутся белорусским письмом, и теперь, мимо обычаев, по-польски писать не годится, да у порубежных воевод и переводчиков нет».

Паколькі паслы маскоўскія не згадзіліся, каб у ліставаньні караля з царом перайсьці з мовы беларускай на польскую, справу неадпаведнае тытуляцыі цара Міхаіла Фёдаравіча паны-рады пасулілі пакінуць наагул, бо-ж ня варта прасьледваць людзей за віны, зробленыя супроць валадара, ужо нябожчыка. З свайго боку, яны прыраклі, што ў будучыні дапілнуюць, каб памылак у тытуляцыі цара новага больш ня было. Пасьля гэтага перамовы перайшлі да больш важнае справы - саюзу супроць крымскіх татараў.

Варшаўская спрэчка маскоўскіх «вялікіх паслоў» з панамі польскае каралеўскае рады паказвае нам тое, што ў 1646 годзе, цібо ў палове ХVІІ стагодзьдзя, афіцыйна абавязваючай мовай дыпляматычнага ліставаньня паміж Польшчай і Маскоўшчынай была, па старой традыцыі, усё яшчэ мова беларуская. Мову каралеўскіх граматаў да цара «беларускаю» называлі й самі царскія паслы. Ужыты гэтым разам пасламі Масквы для старабеларускай пісьмовай мовы назоў «белорусское письмо» ня нейкі адзіночны выпадак і ня вынятак. Ведама тысячы маскоўскіх дакумэнтаў і граматаў, ды і маскоўскія кніжныя выданьні тае пары, у якіх мова гэтая называецца «беларускай», хоць побач ці раз сустрэнем і назоў «литовский язык».

Калі ў ходзе спрэчкі за памылкі ў царскай тытуляцыі паны каралеўскае рады тую самую мову называлі не «беларускай», як паслы маскоўскія, але «рускай» (хоць-бы ў звароце «дзячкі пішаць, ня ведаючы добра рускае мовы»), дык таму, што гэтак афіцыйна называлася тады гэтая мова й у самой Беларусі, у дзяржаўных яе навет законах. Як ведама, у кодэксе законаў Вялікага Княства Літоўскага, у Літоўскім Статуце, існаваў параграф, у якім было сказана: «А писар земски мает по руску, литерами и словы рускими, вси листы, выписы, и позвы писати, а не иншым языком и словы».

Вось назову «рускі», які тады быў афіцыйным і ў Беларусі, і ў Польшчы, паны каралеўскае рады й трымаліся. Прыпомніць тут трэба, што «рускаю» беларускую мову называлі таксама Скарына, Будны, Цяпінскі ды ўсе іншыя пісьменьнікі Беларусі тае пары. Ня «рускаю», але «маскоўскай» называлі тады затое ў Беларусі мову Маскоўшчыны, мову расейскую. Прыкладам, «маскоўскай» называў яе Сымон Будны, «ензык москевскі», казалі тады й у Польшчы. У Польшчы назоў гэты пачалі закідаць толькі ад пачаткаў ХІХ стагодзьдзя на вымаганьне расейскіх уладаў. Тады пад расейскім націскам быў заведзены для расейскай мовы назоў «ензык росыйскі».

Чаму пісьмовую мову Вялікага Княства Літоўскага «рускаю» не называлі паслы маскоўскія, прычына тая, што «русскай» у Маскве тады называлі мову сваю, мову расейскую. Паслом маскоўскім, як і ўсім маскоўцам, было ясна, што моваю, якою былі напісаныя каралеўскія граматы, ці Літоўскія Статуты, у Маскве ніхто не гаварыў. Адменнасьць урадавае мовы Вялікага Княства Літоўскага ад свае «русское» мовы маскоўцы й выражалі назовамі «белорусскій язык», «белорусское письмо», назовамі, якія гэным часам у Маскве ўжо шырака тарнаваліся.

Дык, як пераказаны гэтта прабег дыпляматычнае спрэчкі паказвае, у ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях назовы моваў беларускае й расейскае былі на землях Беларусі іншыя ад сучасных. Гэта важна ўсьведамляць усім тым, хто стыкаецца з архіўнымі ды іншымі пісьмовымі памяткамі гэнае пары, каб усьцерагчыся памылковага іх разуменьня ды памылковых выснаваў. Справу камплікуе яшчэ тое, што паймо «руская мова» тады здаралася, асабліва ў чужынцаў, і ў разуменьні сучаснага «мова ўсходнеславянская». У такіх выпадках абыймала яно мовы беларускую, расейскую й украінскую.

Прыведзены тут выпадак дыпляматычнае кантравэрсыі за беларускую мову паловы ХVІІ стагодзьдзя кідае яскравае сьвятло на той парадокс гісторыі, што ўжытковую ролю вонках свае зямлі, у дыпляматычных дачыненьнях, беларуская мова захавала яшчэ й тады, калі ў урадавай, юрыдычнай і справаводнай галіне ў самой Беларусі яна ўжо згубіла сваю пануючую пазыцыю на карысьць мовы польскай.

Гадоў-жа пяцьдзесят пазьней, у 1697 годзе, на сойме Рэчыпаспалітай у Варшаве і на прапанову шляхты самога Вялікага Княства Літоўскага, цібо шляхты найперш Беларусі, прынятая была пастанова, у якой казалася, што «пісар земскі... папольску, а не паруску пісаць» павінен, ды што «ўсе дэкрэты ад гэтага часу маюць быць выдаваныя ў мове польскай» [4].

Пастанова гэтая, як бачым, касавала юрыдычную сілу параграфу Літоўскага Статуту, які казаў, што «А пісар земскі маець паруску, літарамі й словы рускімі, усі лісты, выпісы й позвы пісаці, а ня іншым языком і словы». Касавала чыста фармальна, бо ў жыцьці практычным спалянізаваная шляхта Беларусі параграф гэты ўжо даўно й пагалоўна ламала ды «лісты, выпісы й позвы» пісала папольску. Дык прынятая ў 1697 годзе пастанова была толькі юрыдычным санкцыянаваньнем заіснаваўшага стану.

Калі палянізаваныя магнаты ды багацейшая шляхта ў афіцыйным дзяржаўна-ўрадавым ужытку ад яе й адракаліся, гэта ня значыць, што беларуская мова была цалкам выціснутая з грамадзка-юрыдычнага карыстаньня. Як архіўныя дасьледваньні паказваюць, і пасьля пастановы 1697 году беларуская мова засталася яшчэ ў даволі шырокім юрыдычна-справаводным ужытку калі ўжо ня шляхты, дык местаў Беларусі.

Аж да канца ХVІІІ ст. беларускаю моваю яшчэ пісаліся гандлёвыя ўмовы, тэстамэнты, кнігі нарадзінаў, шлюбаў, актавыя й прыбыткова-выдатковыя кнігі па магістратах, па праваслаўных і вуніяцкіх цэрквах і манастырох Магілева, Мсьціслава, Рэчыцы, Турава, Крычава, Баркулабава, Куцейна ды шмат іншых местаў і мястэчак Беларусі. Акты й дакумэнты пісаліся - побач кірыліцы часта й лацініцай, але пабеларуску, - яшчэ й пасьля ўлучэньня гэтых земляў у склад Расейскай імпэрыі, у Тураве, прыкладам, найменш да 1808 году.

Дык пагляд, што ў ХVІІІ ст. беларуская пісьмовая мова выйшла цалком з грамадзкага ўжытку, памылковы. У паасобных местах яна пратрымалася аж да канца існаваньня Вялікага Княства Літоўскага. І зь юрыдычнага ўжытку выціснула яе канчаткова ня мова польская, але расейская [5].

Прайшло 220 гадоў ад пастановы Варшаўскага сойму 1697 году, пакуль у 1917 годзе Ўсебеларускі Кангрэс у Менску мову беларускую вярнуў ізноў у дзяржаўны ўжытак. Як мову ўрадавую на землях Беларусі практычна нанава яе завёў у годзе наступным урад Беларускае Народнае Рэспублікі. Гэта была пара гістарычнага павароту беларускае мовы да колішняе, часова ўтрачанае, функцыі - афіцыйнага дзяржаўна-ўрадавага ўжытку.

 

Заўвагі

 

1. Е.Ф.Карский. Что такое древнее западнорусское наречие? (Труды Девятого Археологического съезда в Вильне, 1893. Т.ІІ. - Москва, 1897. - Б.62-70).

2. Петр Безсонов. Белорусские песни. - Москва, 1891. - Б.І-ХІІ.

3. Цытаты з дыскусыі маскоўскіх паслоў з панамі каралеўскае рады прыведзеныя тут паводле: Сергей Соловьев. История России древнейших времен. - Москва, 1866. Т.10, б.120-123.

4. Jегzу Осhmаnski. Ніstогіа Litvy. - Wroclaw-Warszawa-Кrakow, 1967. - S.141.

5. Древнерусский язык. Под редакцией П.З.Савочкина. Издат. БГУ. - Минск, 1970. - Б.87-90. Там і прыклады пісаных пабеларуску ў ХVІІІ ст. тэстамэнтаў, гандлёвых умоваў, запісаў у прыбыткова-выдатковыя кнігі.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, No.12, 1974 г. Перадрукоўка: Часопіс «Спадчына», No.2, 1997 г.
Крыніца: скан