epub
 
Падключыць
слоўнікі

Вольга Іпатава

«Я абрус памінальны паслала на светлым тым полі...»

Я абрус памінальны паслала на светлым тым полі,

Дзе жаўнеры Касцюшкі лягалі на вечны спачын.

Шалатнула трава, і вятрыска пацвердзіў - «За волю!»

І прарос скрозь тканіну спакойны і мудры палын.

 

Засцяліла я стольнікам слуцкую тую дарогу,

Дзе у сэрцаў пялёсткі ўгрызаліся кулі-чмялі.

«За свабоду!» - пранесліся словы паўстанцаў над логам,

І пакутніцкім цернам скрозь цяжкі абрус прараслі.

 

Я пайшла ў Курапаты,

Дзе шэрымі клубамі болю

Вочы выеў туман у бярозы пахіла-крывой.

Там на крохкай бяросце нязгасныя словы -

«За волю!»

Набрынялі гарачай -

Яшчэ ўсё гарачай - крывёй.

 

Я хацела ручнік завязаць

На крыжы ацалелым,

Ды расстрэльныя чэргі яго, як ланцуг, абвілі.

«За свабоду!» - і вырваўся голубам белым,

Каб не згніць за нішто ў нялюбай зямлі.

 

Над дамамі, заціхлымі ў сонных турботах,

Над вірамі ў глыбокай таемнай вадзе,

Над палямі, салёным залітымі потам,

Кружыць вольная птушка - і крылаў яна не складзе...

 

2000

 


2000

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com