epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Ала шчасце прагуляла

Якіх не мела хлопцаў Ала?

Каго яна ні чаравала?

Былі ў красуні інжынеры,

Былі ўрачы і камбайнеры.

Усіх дзяўчына зганьбавала.

Высока нос свой задзірала,

Аж вось ні сніла,

ні гадала,

Як раптам замуж выйшла Ала.

З налёту, прама нечакана

Узяў бухгалтар з-пад Пружанаў,

Чарнявы хлопец і румяны,

Ну, проста бы намаляваны.

Не курыць нават,

вып’е ў меру,—

Не знойдзеш ганьбы кавалеру.

— О, шчасця лепшага не трэба,

Нібы само зляцела з неба.—

Не раз зайздросцілі суседкі,—

Такі жаніх надзвычай рэдкі.

Не пражыла і месяц Ала,

А мужа хутка збракавала.

Заўжды надзьмутая ад злосці:

— Вось не хапае ў ім чагосьці.

— Чаго?

Сама, нібы не знае,

Як солі ў страве не хапае.

— Мужык мой,— кажа,— эт,—

куцця.

Не будзе, бачу, ў нас жыцця.

І вось — знайшла сабе шафёра:

— Ну з гэтым буду жыць без гора.

Як прыгалубіць

ды абдыме:

З магілы мёртвую падыме.

Нярэдка маецца халтурка,

Дык, значыць, будзе чарнабурка.

Жыццё ружовае так Ала

Сама сабе ўсё малявала.

Прайшло тры месяцы, і Ала,

Як бура ў дождж, забушавала,

Зараўнавала, закрычала,

На часткі б мужа разарвала.

Былі падставы ўсе на гэта:

У мужа, ўзрэза-крутасвета,

Апроч яе ёсць жонка,

дзеці

Ды шчэ якаясь на прымеце.

Тут Ала ледзь не абамлела,

Нібы пятля яе заела.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 33-34
Крыніца: скан