epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Ажаніўся дзед Пахом

Не паладзіў дзед на днях

З бабаю сваёю.

Баба дзеда ў злосці — трах

Мокраю мятлою.

Як разгневаўся тут дзед:

— Навучу старую!..

Кій узяў, пайшоў у свет.

Стаў шукаць другую.

— Звар’яцеў ты, мой дзядок,—

Бабка кукавала,—

Каб табе ражон у бок,—

З гора праклінала.

Дзед стары, сівы ахрып.

Твар — адны разоры.

К маладзіцы ён прыліп

Юнаком бадзёрым.

Ажаніўся дзед Пахом,

Акрыліла радасць.

Загрымеў, што ўзімку гром,—

Весела на старасць.

...Нешта плакаць, сумаваць

Маладзіца стала.

Палажыла дзеда спаць

Ды на танцы — драла.

 

 


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 44
Крыніца: скан