epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Бог не памог

Нездаровіцца жанчыне:

Нейкі боль пачула ў спіне.

Не да доктара лячыцца,

А ў царкву пайшла маліцца.

Нізка кланяецца богу —

Лоб пабіла аб падлогу.

І прасіла, і маліла,

Каб ёй даў здароўя, сілы.

Прадала яна яечкі,

А за іх купіла свечкі.

Мела шэрсці на спадніцу —

Аддала за плашчаніцу.

Ў пост скароміну не ела —

Пасінела, пахуднела.

Паглядзіце на Грыпіну,—

Хоць кладзі у дамавіну.

Не памог ёй «добры божа»,

Не памог і не паможа.

Узлавалася на бога,

Да ўрача пайшла нябога.

У бальніцы паляжала,

Паямчэла, ачуняла.

А ад божай дапамогі,

Пэўна б, выцягнула ногі.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 56
Крыніца: скан