epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Быў такі дзівак

Кажуць, быў такі дзівак:

Дай гарэлкі — вып’е гляк,

Потым дзень увесь працуе,

Нібы польку ён танцуе.

 

Захварэў быў штосьці ён,

Не бярэ яго і сон.

Так баліць яму жывот,

Аж кідае хлопца ў пот.

 

Думаў ён і так і сяк:

«Можа, язва, можа, рак?»

Пахудзеў і стаў як цень,

Браць патрэбна бюлетэнь.

 

Ён да доктара:— Ой, боль!

Доктар кажа: —Алкаголь!

Больш гарэлкі ані ў рот,

Каб паправіўся жывот.

 

Спіцца соладка ўначы —

Днём хоць польку зноў скачы.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 20
Крыніца: скан