epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Два старыя пацукі

Быў ён хітры без навукі,

Што трапляла — краў і браў,

Добра ўмеў пагрэць ён рукі

Ля казённага дабра.

 

Масла, мяса, макарону

Нацягае, набярэ.

Зробіць быццам па закону,

І сам чорт не разбярэ.

 

Дакажы, што гэта кража?..

Не чапай яго, не руш.

А калі ды што — замажа,

Лёгка выкруціцца вуж.

 

Рэвізор наскочыў шпарка,

Выкрываць пачаў грахі,

Той за скварку ды за чарку —

На застолле пірагі...

 

Чаркі выпіўшы дачыста,

Злодзей злодзея пазнаў,

А як выпілі па трыста—

Злодзей злодзея абняў.

 

Адкупляўся за чужое

І заблытаў сцежкі воўк.

Але вось дабро людское,

Кажуць, вылезе праз бок.

 

Быў на днях цікавы, лоўкі

Фельетон пра іх такі:

Як папалі ў мышалоўку

Два старыя пацукі.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 5-6
Крыніца: скан