epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Як сабакі набрахалі, каб вайны у сяле чакалі

У сяле ёсць два сабакі,

Мусіць, знае іх усякі:

Гэта поп — айцец Вавіла,

Ды кулак яшчэ Гаўрыла.

 

Набрахалі яны чутак,

Што вайна праз восем сутак.

Клім, Сымон, Захар ды Вера

Усхваляваліся без меры.

 

Была справа якраз гэта

Ў сенакос гарачым летам.

Не нажалі людзі хлеба,

А вайною, кажуць, трэба.

 

Дык хоць дораг у Мікіты —

Сем рублёў той пудзік жыта,

Але нашы грамадзяне

Расхвацілі ўсё дазвання.

 

А ў старой гандляркі Цывы

Разабралі соль на дзіва.

Нават разам пазаўчора

Купіў сват мой пудоў сорак.

 

Аж тым часам дні нядзелі,

Як заўсёды, праляцелі.

Любата, спакойна, ціха —

Ні вайны тае, ні ліха.

 

Так ці ж варта, мае братцы,

Ад сабак вам хвалявацца?

Калі дзе другі забрэша —

Страху ў вас тады без межаў.

 

Я скажу, не абмылюся,

Калі дзе сабака хлусіць,

Заставайся сам сабою:

Будзь заўсёды з галавою.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 54-55
Крыніца: скан