epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Яўхімавы няўдачы

— Ну, пі, браток!

Я ж не шкадую,

Апаражні адну, другую,

З’еш селядца,

каўбаскі,

шпротаў

Ды што душы тваёй ахвота,—

Так пад’язджаў усё Яўхім

Да старшыні.

Сам п’яны ў дым.

Бо трэба ўладкаваць дзе сына:

— Хай не туляецца хлапчына.

Ёсць месца цёплае на складзе,

Там мёду,

масла ён накрадзе.

Калі не будзе разявакай,

То зажывём усе са смакам.

А старшыню чамусьці знялі...

На працу сына не прынялі,

Зубамі скрыгатаў Яўхім,

Хадзіў расстроены зусім.

З нуды курыў,

курыў,

курыў.

Сказаў:

«Ну, чорт яго бяры!..»

На блат уся пайшла зарплата.

Пазычыў грошай ён у брата.

І зноў купляў каньяк і віны,

Закускі, як і быць павінна.

Да старшыні прыстаў другога,

Маліцца стаў,

як перад богам.

І так ён лашчыўся,

скакаў...

А той паслухаў ды пагнаў.

Растраціўся Яўхім нямала,

Таму і жонка бушавала:

— Ах выпівака ты,

дурніца,

Каму яшчэ пачнеш маліцца?

Ды з качаргою да Яўхіма

І адхрысціла падхаліма.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 23-24
Крыніца: скан