epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Кіно

У Кандрата, майго свата,

У двары людзей багата.

У кіно ўся вёска наша,—

Як у свята на кірмашы.

Тут Пракоп, Антоля, Надзя,

Хто стаіць, а хто прысядзе.

Лезуць да кінамашыны

Дзеці, цёткі і мужчыны.

— Не чапай яе, Агнеша,

А то пальцы шчэ адрэжа.

— Верыш ты нячыстай сіле,—

Крыкнуў сівы дзед Даніла.

Тут машына як завыла,

Страсянуўся аж Гаўрыла.

— А няхай цябе маланка,—

Плюнуў спуджаны і Янка.

Цераз тры якіх хвіліны

Паказаліся навіны:

Горад, вёска, рэкі, лужы,

Пан пузаты ў капялюшы.

Аўтабус шалёна прэцца,

Ну якраз на нас, здаецца.

Бабы ўголас, з дзецьмі — драла,

Па кутках, куды папала.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 47
Крыніца: скан