epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Кранулі ліха

Заўжды ён выступае першым,

Прамова льецца гладкім вершам,

Дае у косці многім смела,

Не раз,

не два каму балела.

Але каго сцябае, лае?

Скажу, над кім ён сілу мае,

Таго гатоў,

нібы зубамі,

Як кажуць,

грызці з капытамі.

Паслухаеш — наводзіць жах,

А сам па вушы у грахах:

Нядаўна быў ён брыгадзірам —

Пагналі...

Стаў ужо касірам,

Зрабіў вялікую растрату —

Сухенькім выскачыў. Па блату.

Пускае ў вочы людзям дым,

Каля начальства — падхалім.

Нарэшце людзі не стрымалі

Ды за грахі яго прабралі.

І вось калі кранулі ліха,

Вакол такую ўзняў шуміху,

Не дасць раскрыць нікому рот:

— Мяне ўжо знаюць,

колькі год!..

— Паклёп!..

Хлусня!..

Тут злы язык!..

Назаўтра, чуем, з працы знік.

А дзе цяпер пасля лупцоўкі?

 

Загадчыкам адной сталоўкі.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 15-16
Крыніца: скан