epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Маша

Маша з выгляду кругом —

Лялька, як з вітрыны,

Вочы свецяцца агнём,

Шчокі — журавіны.

 

Хлопец сумны з нейкіх пор

Закахаўся ў ружу.

Ён выдатны камбайнёр,

Сам прыгожы, дужы.

 

Нібы ў гулкія званы,

Зазванілі людзі:

— Ах, кахаюцца яны,

Ну, вяселле будзе!

 

Ходзяць людзі сабіраць

Ураджай багаты.

Ну а Маша любіць спаць,

Кожны дзень ёй свята.

 

Дачакаўшыся цямна,

Падфарбуе губы

Ды бяжыць хутчэй яна,

Каб сустрэцца з любым.

 

Бо работа ёй — не ў смак:

Паліць, смаліць сонца.

А на танцах, як вятрак,

Круціцца бясконца.

 

— Разгадаў я твой манер,—

Камбайнёр ёй кажа.—

Не жаніцца нам цяпер,

Пагуляй больш, Маша!


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 36-37
Крыніца: скан