epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Ні ўдавец, ні хлопец

Смех з яго, дый годзе,

Кінуў жонку, дзеці.

Валацугай ходзіць.

Блукае па свеце.

 

На лаўца такога

Жартаў, кпінаў хопіць:

— Вунь пайшоў дарогай

Ні ўдавец, ні хлопец!

 

— Сын цябе гукае,

Каб прыйшоў у госці!

— Кажуць, і другая

Не ўжылася штосьці...

 

Зноў рашыў жаніцца

Ды пайшоў у сваты,

Дзеўка казырыцца:

— Адыдзі, жанаты!

 

Да ўдавы прыбіўся

На бліны і сала.

Мала пажывіўся —

Ласуна пагнала.

 

Справы вось такія:

Дуру вельмі многа.

Цёткі кажуць: — Кіем

Ажаніць такога!


1965?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 3-4
Крыніца: скан