epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Падарунак

Яська — добры брыгадзір,

Залаты,

Шаўковы:

На работу не пайдзі,—

Ён не скажа слова.

 

Не дае нам у каршэнь.

А калі хто выйшаў,

Прасланяўся ў полі дзень —

Тры таму запіша.

 

Яська — добры, ён — душа.

Стог прадаўшы ў лузе,

Кажа хлопцам: —

Ціха... ша...

З вамі падзялюся.

 

Сеяў Яська лубін, лён —

Узышло ўсё рэдка.

Сеяў віку,

Грэчку ён —

Вырасла свірэпка.

 

Незвычайны ураджай,

Хто ні гляне — дзіва:

У пшаніцы — малачай,

А ў ільне — крапіва.

 

Мы крапівы той нажнём,

Звяжам у букеты,

Брыгадзіру паднясём

Падарунак гэты.


1970?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 9-10
Крыніца: скан