epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Прыкусілі языкі

Бабкі дома і на полі

Языкамі ўсё малолі:

— Ці не чулі вы навіну:

Быў Рыгор учора ў Ніны.

— Ды яна ж яго не варта,—

Гаварыла цётка Марта,—

Рослы ён,

прыгожы з твару...

Не, яна яму не пара.

Ды на гэткія развагі

Не звяртаў хлопец увагі.

Хлопец з Нінай пашаптаўся

Ды ў нядзелю запісаўся.

Не красуня, праўда, Ніна,

А звычайная дзяўчына.

Але што каму па густу,—

Хто есць рэдзьку, хто капусту.

Год за годам — як гадзіна.

Ніна трох сыноў радзіла.

Скора будуць і дачушкі.

Забаўляй,

цалуй ды гушкай.

Ладзяць,

дружаць любы з любкай,

Нібы галубок з галубкай...

Бабкам плёткі не з рукі —

Прыкусілі языкі.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 35
Крыніца: скан