epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Прыпеўкі

1. Льецца песня залатая...
2. Пойдзем новаю дарогай
3. Я на прасніцы сяджу...


1. Льецца песня залатая...

Льецца песня залатая,

Льецца песня за ракой.

Я па вуліцы гуляла

З камсамольскай грамадой.

 

У зялёненькім садочку

Славіць вечар салавей.

На даклад у клуб хадзіла,

Стала сэрцу весялей.

 

Каля рэчкі,

каля быстрай

Сенажаці зацвілі.

Пасяўную камсамольцы

Добра ў вёсцы правялі.

 

Эх, каліна ты, каліна,

Кучаравы твой гучок.

Эх, прыгожая дзяўчына

Носіць ленінскі значок.

 

Зацвітае сад вішнёвы,

Кружаць-кружаць пчолкі.

А мой мілы камуніст,

А я камсамолка.

 

2. Пойдзем новаю дарогай

Пойдзем новаю дарогай,

Ганна, Тодар і Астап.

Мы не верым больш у бога:

Ні ў Ісуса, ні ў Хрыста.

 

Дзед старэнькі Апанас

Перастаў маліцца.

Стала моладзь ужо ў нас

Без папа жаніцца.

 

Ў чыстым полі на гары

Вырасла асіна.

Наша Мар'я у папа

Не хрысціла сына.

 

Ой ты, яблынька, без плоду.

А вакол сукатая.

Плача, што няма даходу,

Пападдзя пузатая.

 

Чаго, курачка, сакочаш,

Чаго табе сакатаць?

Скінуць рызу поп наш хоча,

Надаела ўжо цягаць.

 

3. Я на прасніцы сяджу...

Я на прасніцы сяджу,

Прасніца сасновая,

Ў майго Грышкі вусы чорны,

А я чарнабровая.

Мы, вясковыя дзяўчаткі,

Ды кудзелечку прадзём.

А мне Грышка лісты піша

Пра каханне кожным днём.

 

Ён у Мінску на рабфаку —

Другі год там вучыцца.

А ў руцэ маёй крутое

Вераценца круціцца.

 

Эх, ты, пража, мая пража,

Кужалістая мая!

Не сумуй па мне, мілёнак,

Па табе сумую я.

 

І кудзелечку сягоння

Скора, скора дапраду.

За цябе я выйду замуж,

А за Кліма не пайду.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 51-53
Крыніца: скан