epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Школьныя гумарэскі

Як дырэктарам ён стаў,

Шыльду, плот пафарбаваў.

Паглядзіце, кажа, цуд!

Школа нібы інстытут.

 

Зазірні ж у педпрацэс —

Там, як кажуць, цёмны лес...

Глянь на школьны агарод —

Там палын вышэй за плот.

 

* * *

Строгі завуч стаў Таран —

Патрабуе заўжды план,

А без плана ні на крок

Не дапусціць на урок.

 

Раз загадчык райана

План спытаў у Тарана.

Апусціўшы нізка нос,

Кажа ціха: — Не пры... нёс...

 

* * *

Расхваліўся неяк хлус,

Кажа: скончыў я педвуз,

Але нам даўно вядома,

Што не мае ён дыплома.

 

* * *

Ён з начальствам — панібрат,

Дык узяў нагрузкі шмат,

Так працуе цэлы год,

Як мядзведзь гародзіць плот.

 

* * *

З намі Клаўдзія Раса,

Як пякучая аса,

А з дырэктарам Раса

Проста — мілая ліса.

 

* * *

Ён вядзе літаратуру,

Ён вядзе і фізкультуру,

Нават фізік, хімік ён

І, нарэшце,— пустазвон.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 25-26
Крыніца: скан