epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

У перапынак

Быў у школе я адной

Неяк ранняю вясной,

Бачыў там бясплатна «цырк»...

І ў блакнот алоўкам — чырк.

 

Перапынак... Вольны час.

У настаўніцкай якраз

Завуч Ціт Пятровіч Кот

Мовіў смешны анекдот.

 

Шмат было цікавых слоў.

Зацікавіў ён сяброў,

Бо мастак на слова Кот,

Хоць бярыся за жывот.

 

Зазвінеў даўно званок.

Клікаў ён усіх на ўрок.

Не падняўся ані хто,

Хоць давай званкоў тут сто.

 

За сцяною шум і крык,

І пачаўся ў класе «цырк»...

Вучні лезуць аж пад столь,

Паламалі парты, стол.

 

Не стрымаў «званар» Кашэль,

Ён дзяцей, нібы мышэй,

Разагнаў ва ўсе бакі,

Дзядзька гэта ў нас такі!

 

Вось пачуў аднекуль Кот,

Што ідзе інспектар Крот.

— Прыбаўляе,— кажа,— крок.

Ну, браткі, хутчэй на ўрок!

 

Пуста ў класах, ні душы,

Хоць ты сценам што кажы,

Бо дзяўчынкі і хлапцы

Паўцякалі, як зайцы.

 

Скажам зараз карацей:

Біць нас трэба за дзяцей.

А найбольш хвастаць Ката

З галавы аж да хваста.


1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 27-28
Крыніца: скан