epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Зарабіў

Пабудавалі новы дом,

Высокі, аж да неба,

Як цацка гожая кругом,

Здаецца, ўсё як трэба.

 

І атрымалі жыхары

На днях сабе кватэры:

Шаўцы, краўцы і дактары

І два пенсіянеры.

 

Вось «замачыць» рашылі дом,

Здаўна вядзецца гэтак,

Каб шчасце ззяла ў ім святлом,

Жанкі раджалі дзетак.

 

А на гулянку ад жыльцоў

Прараба запрасілі

І лепшых некалькі майстроў —

Яны ж нам дом рабілі.

 

Паселі важна ўкруг сталоў

Мужчыны і кабеты,

Нясецца пах ад пірагоў

І ад каўбас, катлетаў.

 

Прараб, падняўшы шклянку ўверх,

Прамовіў: — Дарагія,

Вам дом зрабілі не на смех,

О, рукі залатыя.

 

Акардэон іграў, труба.

Давалі госці духу.

Ды раптам штось прарабу: бах

Па носе і па вуху.

 

Спачатку ўзняўся лямант, крык.

На столь як паглядзелі,

Вядома стала: падаў тынк,

І ўсё тут зразумелі.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. с. 18-19
Крыніца: скан