epub
 
падключыць
слоўнікі

Захар Бірала

Жонка лямантуе

У хаце жонка лямантуе,

Страшэнна мужа ўсё кляне.

Яна з ім цэлы дзень ваюе,

І не відаць канца вайне.

 

І так яго муштруе, рэжа,—

Піла на сорак пяць зубоў.

Ніхто яе не перабрэша,

Ды, мусіць, мала толькі слоў:

 

У ход ідуць гаршкі, каструлі

І нават з малаком збанкі.

Пасля у мужа — нос, як дуля,

На шыі ў жонкі сінякі.

 

А дзеці плачуць, енк у хаце,

Такой не бачыць бы вайны,

І болей туляцца да маці,

Хаця за ёю больш віны.

 

У поўнач сціхне навальніца...

А што каму дала яна?

Не есца у сям’і, не спіцца...

Вайна, шалёная вайна.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бірала З. На светлым чорнае. Гумарыстычныя вершы. Мн. "Маст. літ.", 1974. c. 43
Крыніца: скан