epub
 
падключыць
слоўнікі

Жан-П'ер Шаброль

Рахунак партызана

Партызанам жылося няпроста, калі не сказаць дрэнна. У паўстанцаў, як вядома, няма ніякіх арсеналаў і інтэнданцкіх службаў. Зброю здабываюць сабе самі ў ворага, а харчуюцца чым бог падасць. А «бог» — гэта мясцовае насельніцтва. У ваколіцах Лазера* выконваліся нават фармальнасці: за авечку ці мех бульбы, за сыр ці за каштаны селяніну давалі распіску. Вядома, селянін толькі рабіў выгляд, што верыць гэтай пісаніне. Бо калі ён дапамагаў партызанам, то толькі таму, што спачуваў гэтым галодным хлопцам, якіх ніхто не прымушаў рызыкаваць сваім жыццём. Ды і як можна было верыць гэтаму шматку паперы? А пісалі на чым папала: на старонцы са школьнага сшытка, на газеце, на лістку календара... Пісалі, вядома, алоўкам. Ну, а правапіс... Самі разумееце... Але як бы там ні было, і крадзяжом гэта назваць язык неяк не паварочваўся...

* Лазер — гара ў Цэнтральным масіве.

І вось прыйшоў дзень Вызвалення. Дабрадушны дзядзька па мянушцы Іпаліт, які за час вайны накрэмзаў не адну сотню такіх распісак, атрымаў ад сваякоў з Амерыкі некалькі мільёнаў. На той час сума — велізарная. Нядоўга думаў Іпаліт. Узяў сваю кульбу, закінуў на плечы рэчавы мяшок і пусціўся ў дарогу па знаёмых партызанскіх сцежках...

На кожным хутары не адразу разумеў гаспадар прычыну з'яўлення Іпаліта, доўга корпаўся ў шафе, даставаў пакамечаную паперу на сотню ці дзве кілаграмаў бульбы і, не верачы сваім вачам, атрымліваў адпаведную суму.

Рэчавы мяшок з банкнотамі хутка пусцеў, затое расла як на дражджах торба з распіскамі... Скончыў Іпаліт свой абход, расплаціўся з даўгамі, паехаў у Парыж і падаўся проста ў міністэрства абароны. Доўга хадзіў ён з аднаго аддзела ў другі, пакуль нарэшце не апынуўся ў маленькім утульным кабінеце.

— Вы па якім пытанні? — строга запытаўся ў яго старшы сяржант.

— Ды я вось... наконт распісак партызанскіх...

— На якую суму?

— На тры мільёны.

— Ды вы што? Пры сваім розуме? І не думайце нават! Ні франка, ні су не атрымаеце!..

Калі сяржант трохі супакоіўся, і перастаў крычаць і стукаць па стале, Іпаліт растлумачыў:

— Вы ведаеце, я прынёс вам тры мільёны.

— Што? Ні халеры не разумею! Ану, паўтарыце, што вы сказалі!

— Я аплаціў распіскі на тры мільёны. Можаце праверыць. — І Іпаліт высыпаў распіскі на стол.

Хвіліну-другую ашаломлены сяржант, нібы ў яго адняло мову, глядзеў на стол, завалены распіскамі, і нарэшце прамармытаў:

— Месьё, прашу вас: пабудзьце ў кабінеце!

Потым ён выбег на калідор, і адтуль толькі даносіўся яго голас: «Месьё, прашу ўсіх да мяне! Хутчэй! Прашу!..»

У пакойчык сышліся палкоўнікі, маёры, капітаны, лейтэнанты, сяржанты, капралы...

— Панове! — загаварыў сяржант. — Перад вамі чалавек, які аплаціў партызанскія распіскі на суму тры мільёны франкаў.

Прысутныя, неяк ненатуральна ўсміхаючыся, разглядвалі Іпаліта. Тым часам гаспадар кабінета згарнуў са стала распіскі, і ў урну пасыпаліся абрыўкі газет, старонкі са школьных сшыткаў, лісткі календароў...

Партызан з Лазера аплаціў свой рахунак...



Пераклад: Леанід Казыра