epub
 
падключыць
слоўнікі

Жан-Поль Сартр

Пакой

I

 

Пані Дарбеда трымала кавалачак рахат-лукуму, сціснуўшы яго самымі кончыкамі пальцаў. Яна беражна паднесла яго да вуснаў і затаіла дыханне, баючыся, каб тонкая цукровая пудра, якой ён быў прысыпаны, не зляцела ад яе неасцярожнага подыху. «Пахне, як ружа», — падумала яна. Потым рэзка ўкусіла студзяністую масу, і яе рот напоўніўся своеасаблівым затхлым водарам. «Дзіўна, як хвароба абвастрае пачуцці». Ёй падумалася пра мячэці, пра падлізлівых жыхароў Усходу (даўно, яшчэ ў час сваёй вясельнай вандроўкі, яна была ў Алжыры), і яе вусны кранула ледзь прыкметная ўсмешка: рахат-лукум быў такі самы, падлізлівы.

Ёй давялося некалькі разоў правесці далоняй па кнізе, бо, нягледзячы на перасцярогі, старонкі пакрыліся тонкім слоем белай пыльцы. Цукровыя зернеткі суха парыпвалі пад рукой, скатваліся, слізгалі па гладкай паперы. «Нібы ў Аркашоне, калі я чытала на пляжы...» Лета 1907 года яна правяла на марскім узбярэжжы. У яе тады быў вялікі саламяны капялюш з зялёнаю стужкай; яна сядала каля самай дамбы і брала раман Жып ці Калеты Івэр. Вецер сыпаў на калені жмені пяску, і час ад часу яна абтрасала кнігу, узяўшы яе за ражкі. Цяпер у яе было такое ж пачуцце: толькі пясчынкі былі зусім сухія, а цукровыя зернеткі крыху ліплі да кончыкаў пальцаў. Яна зноў убачыла палосу шэра-маціцовага неба над чорным морам. «Ева тады яшчэ не нарадзілася». Яна адчувала сябе ацяжэлаю ад успамінаў і адначасова — нейкаю вычварнаю, як брызельны куфэрак. Раптам ёй прыгадалася назва рамана, які яна чытала тады: ён называўся «Мілая пані» і быў даволі забаўны. Але з той пары, як невядомая хвароба не дазваляла ёй пакінуць гэтага пакоя, пані Дарбеда аддавала перавагу ўспамінам і гістарычнай літаратуры. Яна хацела, каб боль, сур'ёзныя кнігі і пільная, несупынная ўвага да мінуўшчыны, да сама тонкіх пачуццяў дазволілі ёй даспець, як прыгожаму аранжарэйнаму плоду.

Крыху раздражнёна яна падумала, што хутка ў дзверы пастукае муж. У іншыя дні ён прыходзіў толькі пад вечар, моўчкі цалаваў яе ў лоб і, сеўшы насупраць у глыбокі фатэль, пачынаў чытаць «Тан». Але чацвер — гэта быў яго дзень: у чацвер пан Дарбеда на гадзіну хадзіў у госці да іхняй дачкі — звычайна паміж трэцяю і чацвёртай. Перад тым як пайсці, ён заўсёды заходзіў да жонкі, і яны з горыччу гаманілі пра зяця. Гэтыя гамонкі, у якіх можна было прадбачыць кожную дробязь, бо яны паўтараліся кожны чацвер, знясільвалі пані Дарбеду. Пан Дарбеда запаўняў сабой увесь гэты звычайна ціхі пакой. Ён не садзіўся ні на хвіліну і ўсё хадзіў сюды і туды, круціўся ваўчком. Кожны яго палкі выпад раніў пані Дарбеду, як востры шкляны асколак. А ў гэты чацвер усё мелася быць яшчэ горш, чым звычайна: ад думкі, што зараз ёй давядзецца пераказаць мужу Евіныя прызнанні і ўбачыць, як яго вялізнае жахлівае цела закалоціцца ў гневе, пані Дарбеду ўганяла ў пот.

Яна ўзяла са сподка кавалак лукуму, некалькі імгненняў нерашуча пазірала на яго і потым сумна паклала назад: ёй не хацелася, каб муж бачыў, як яна есць лукум.

Пачуўшы стук, яна ўздрыганулася і адказала слабым голасам:

— Увайдзі.

Пан Дарбеда ўвайшоў на дыбачках.

— Я зараз пайду да Евы, — сказаў ён, як і кожны чацвер.

Пані Дарбеда ўсміхнулася.

— Пацалуй яе ад мяне.

Пан Дарбеда не адказаў і заклапочана зморшчыў лоб: кожны чацвер, у аднолькавы час, яго апаноўвала глухая злосць, якая прымешвалася да цяжкасцяў страўлення.

— Вяртаючыся назад, я зайду да Франшо. Мне б хацелася, каб ён сур'ёзна пагутарыў з ёй і пастараўся пераканаць.

Ён часта хадзіў да доктара Франшо. Але марна. Пані Дарбеда нахмурыла бровы. Раней, калі яна адчувала сябе яшчэ добра, яна паціскала плячыма. Але з той пары, як хвароба абцяжыла яе цела, яна замяніла рухі, якія вельмі стамлялі яе, наборам грымас. Яна ківала — вачыма, казала «не» — куточкамі губ, ускідала бровы замест плячэй.

— Можа, яго трэба забраць у яе сілай.

— Я ўжо казаў табе, што гэта немагчыма. Закон зроблены вельмі кепска. Франшо мне неяк казаў, што ў іх амаль заўсёды жудасныя цяжкасці з крэўнымі: ёсць такія, што ніяк не могуць рашыцца ці наогул — упарта хочуць пакінуць хворага ў сябе; а ў дактароў звязаныя рукі — яны могуць толькі выказаць сваю думку, нейкае меркаванне, і ўсё. — Счакаўшы, ён дадаў: — Гэта трэба, каб ён учыніў публічны скандал ці яна сама папрасіла б, каб яго забралі.

— Ну... — сказала пані Дарбеда, — калі гэта і будзе, дык яшчэ не заўтра.

— Ужо ж.

Ён павярнуўся да люстра, запусціў у бараду пальцы і пачаў яе расчэсваць. Пані Дарбеда абыякава пазірала на магутны чырвоны карак свайго мужа.

— Калі яна і далей так будзе, — сказаў пан Дарбеда, — дык хутка звар'яцее яшчэ болей, чым ён. Гэта ж жудасна небяспечна для здароўя. Яна не адыходзіць ад яго ні на крок: сама ні да каго ў госці не ходзіць, апроч цябе, і да сябе не запрашае нікога. А якое ў іх у пакоі паветра? Няма чым дыхаць! Яна ніколі не адчыняе вокнаў, бо П'ер — не хоча. Нібыта трэба пытацца ў хворага! Яны там, здаецца, паляць у сябе нейкія духмянасці, розную брыдоту: адчуваеш сябе, як у царкве. Далібог, я часам пытаюся ў сябе... Ведаеш, у яе нейкія дзіўныя вочы...

— Я не заўважыла, — сказала пані Дарбеда. — Па-мойму, яна выглядае нармальна. Хіба што, вядома, сумная.

— У яе такі выгляд, нібы яе з таго свету вярнулі. Калі яна спіць? Калі есць? Лепш у яе пра гэтае не пытацца. Але мне чамусьці здаецца, што, маючы пад бокам такую цацу, як П'ер, яна ўсю ноч павінна не заплюшчваць вачэй. — Ён паціснуў плячыма. — Па-мойму, гэта ўвогуле чорт ведае што — каб мы, яе бацькі, і не мелі права абараніць яе ад самой жа сябе! Заўваж, што за П'ерам, дарэчы, у Франшо даглядалі б лепей. Там вялікі парк. Дый потым, — дадаў ён, крыху ўсміхнуўшыся, — мне здаецца, што ён хутчэй бы знайшоў агульную мову з такімі ж, як сам. Яны ж — тыя самыя дзеці, ім трэба даваць пабыць сам-насам: яны любяць сакрэты, любяць утвараць гэткія масонскія ложы. Я табе кажу: вось куды яго трэба было аддаць з першага ж дня — і яму ж на карысць. Вядома! Яму там было б толькі лепей!

Праз пэўны час ён дадаў:

— Прызнаюся табе, мне непрыемна думаць, што яна там з П'ерам адна, асабліва ноччу. Уяві, што, калі што здарыцца. У П'ера, дарэчы, увогуле нейкі дужа ўжо хітры выгляд.

— Не ведаю, — адказала пані Дарбеда, — ці трэба праз гэта так хвалявацца. Асабліва калі ўлічыць, што ў яго заўсёды быў такі выгляд. Увесь час здавалася, што ён з усіх кпіць. Небарака, — сказала яна, уздыхнуўшы, — быць такім ганарыстым і дайсці да такога. Ён жа лічыў сябе разумнейшым за ўсіх нас. Якім тонам ён казаў табе: «Вашая праўда», — каб толькі закончыць спрэчку... Гэта яшчэ дзякуй Богу, што ён не можа ўбачыць, у якім ён стане.

Яна з непрыязнасцю ўспомніла яго доўгі, заўсёды крыху схілены ўбок іранічны твар. Першы час пасля Евінага вяселля пані Дарбеда вельмі хацела, каб яе адносіны з зяцем зрабіліся болей блізкімі. Але як яна ні старалася, усё было марна: той заўсёды быў вельмі маўклівы, амаль ніколі не гаманіў і з усім адразу згаджаўся з абсалютна абыякавым выглядам.

Пан Дарбеда развіваў сваю думку.

— Франшо мне паказваў, якія ў іх там умовы, — сказаў ён. — Проста цудоўныя! У кожнага хворага — свой пакой, скураныя фатэлі — калі ласка, ложкі-канапы. Нават тэніс ёсць, ведаеш. А яшчэ збіраюцца будаваць басейн.

Ён стаяў насупраць акна і пазіраў скрозь шыбу, крыху калываючыся на сагнутых нагах. Раптам, не вымаючы рук з кішэняў і ўвагнуўшы плечы, ён спрытна крутануўся на абцасах. Пані Дарбеда адчула, як яе пачынае прашыбаць пот: гэта паўтаралася кожны раз; зараз ён пачне кідацца з кута ў кут, як мядзведзь у клетцы; і пры кожным кроку чаравікі ў яго будуць рыпець.

— Мілы дружа, — сказала яна, — я малю цябе, сядзь, ты мяне вельмі стамляеш. — І з няўпэўненасцю ў голасе дадала: — Я маю сказаць табе нешта важнае.

Пан Дарбеда сеў у нізкі фатэль і паклаў далоні сабе на калені; па спіне ў пані Дарбеды прабегла дробная дрыготка: час прыйшоў, ёй трэба было ўсё расказаць.

— Ты ведаеш, — сказала яна і ад збянтэжанасці закашлялася, — ты ведаеш, што я бачылася з Евай у аўторак.

— Ну.

— Мы пагаманілі з ёй пра тое, пра сёе, шмат пра што ўспомнілі. Яна была вельмі мілая. Я даўно ўжо не бачыла яе такою даверліваю. Ну, я крыху яе распытала, разгаварыла яе наконт П'ера. І вось... я даведалася, — дадала яна зноў збянтэжаным голасам, — я даведалася, што яна вельмі ім даражыць.

— Мне гэта, чорт раздзяры, добра вядома, — сказаў пан Дарбеда.

Ён крыху раздражняў пані Дарбеду, яму заўсёды трэба было тлумачыць кожную дробязь — каб стаялі ўсе кропкі над «і». А пані Дарбеда марыла жыць сярод людзей чуйных і вытанчаных — такіх, каб разумелі яе заўсёды з паўслова.

— Ды не ж, — сказала пані Дарбеда, — я маю на ўвазе, што яна даражыць ім іначай, чым мы сабе гэта ўяўлялі.

Пан Дарбеда гнеўна закаціў злыя вочы, як рабіў кожны раз, калі не надта добра разумеў сэнс намёка ці нейкай навіны.

— Што? Што значыць «іначай»?

— Шарль, — прамовіла пані Дарбеда, — не стамляй мяне. Ты ж павінен разумець, што ёсць рэчы, якія мне, як маці, можа быць цяжка назваць...

— Ды я ніводнага слова не разумею з усёй тваёй балбатні, — знервавана сказаў пан Дарбеда. — Не хочаш жа ты сказаць, што?..

— Менавіта! — сказала яна.

— Дык яны ўсё яшчэ... яшчэ дагэтуль?

— Так! Так! Так! — з прыкрасцю адказала яна нібы трыма сухімі ўдарамі.

Пан Дарбеда развёў рукамі, апусціў галаву і змоўк.

— Шарль, — занепакоена прамовіла жонка, — мне не варта было казаць табе гэтага. Але я ўсё роўна не здолела б трымаць гэта ў сабе.

— Наша дзіцё! — паволі выціснуў ён. — З гэтым вар'ятам! Ды ён жа яе нават не пазнае! Ён называе яе «Агата». Ды гэта ж трэба, каб яна абсалютна страціла пачуццё годнасці!

Ён падняў галаву і сярдзіта зірнуў на жонку.

— Ты ўпэўненая, што правільна зразумела?

— Памыліцца было немагчыма. Але ж я, як і ты, — спешна дадала яна, — я таксама не магла ёй паверыць. Зрэшты, я і цяпер не магу яе зразумець. Ды я пры адной толькі думцы, каб да мяне мог дакрануцца гэты няшчасны... Увогуле, — уздыхнула яна, — мне здаецца, што гэтым ён яе і ўтрымлівае.

— Відаць! — прамовіў пан Дарбеда. — Памятаеш, што я сказаў табе, калі ён прыйшоў прасіць яе рукі? Я сказаў табе: «Па-мойму, ён занадта падабаецца Еве». А ты мне тады не захацела паверыць.

Раптам ён грукнуў кулаком па стале і густа пачырванеў.

— Ды гэта ж нейкая разбэшчанасць, ненармальнасць! Ён заграбае яе сваімі лапамі, цалуе, называючы Агатай, і вярзе пры гэтым нейкую бязглуздзіцу пра статуі, якія лётаюць, і рознае чорт ведае што! А яна яму ўсё дазваляе! Ды што паміж імі такое? Ну няхай сабе шкадуе яго ўсім сэрцам, няхай аддасць яго ў які дом, дзе зможа бачыцца з ім кожны дзень — калі ласка. Але я ніколі нават не мог сабе ўявіць... Я лічыў яе ўдавой... Паслухай, Жанета, — сказаў ён сур'ёзным голасам, — я буду гаварыць з табой шчыра. Па-мойму, калі ў яе ёсць яшчэ нейкі розум, было б нават лепей, каб яна завяла каханка!

— Шарль, змоўкні! — крыкнула пані Дарбеда.

Пан Дарбеда стомлена ўзяў са століка пакінутыя пры ўваходзе кій і капялюш.

— Пасля таго, што ты мне паведаміла, — сказаў ён, падводзячы рысу размове, — мне ўжо амаль няма на што спадзявацца. Зрэшты, я ўсё-такі пагутару з ёй: гэта мой абавязак.

Пані Дарбедзе не цярпелася, каб ён хутчэй пайшоў.

— Ведаеш, — сказала яна, каб крыху падбадзёрыць мужа, — па-мойму, у Евы ўсё-такі болей упартасці, чым... іншага. Яна ведае, што ён невылечны, і ўсё роўна натурыцца. Яна не хоча ў гэта паверыць.

Пан Дарбеда задуменна гладзіў сабе бараду.

— Упартасці?.. Можа, і так... Што ж, калі ты маеш рацыю, яна ўрэшце павінна стаміцца. З ім не так ужо весела кожны дзень, і потым — ён амаль увесь час маўчыць. Калі я вітаюся, ён толькі вяла працягвае руку і ніколі не размаўляе. А калі яны застаюцца адны, яго, відаць, зноў апаноўваюць неадчэпныя думкі: яна мне расказвала, што часам ён крычыць, нібы яго рэжуць, — у яго галюцынацыі. Статуі. Ён іх баіцца, таму што яны гудуць. Кажа, што яны лётаюць вакол і закатваюць перад ім вочы.

Надзеўшы пальчаткі, ён сказаў зноў:

— Стоміцца, можна не сумнявацца. Але раптам раней ачмурэе? Няхай бы хоць трошкі бывала на людзях, бачылася са знаёмымі: можа, сустрэне якога добрага хлопца —ды хоць бы такога, як Шродэр, інжынер у Сімплона, — каго-небудзь з будучыняй, паціху-патроху пачне сустракацца, у адных, у другіх, а потым, глядзіш, і прызвычаіцца да думкі, што трэба пачынаць жыць па-новаму.

Пані Дарбеда нічога не адказала, баючыся, каб размова не ўспыхнула зноў. Муж нахіліўся да яе.

— Ну ўсё, — сказаў ён, — мне трэба ісці.

— Бывай, татачка, — адказала пані Дарбеда, падстаўляючы лоб, — пацалуй яе ад мяне і скажы, што яна наша мілае няшчаснае дзіцятка.

Калі муж пайшоў, пані Дарбеда адкінулася на спінку фатэля і зняможана заплюшчыла вочы. «Колькі ж у ім жывасці», — з папрокам падумала яна. Калі да яе крыху вярнулася сіла, яна паволі выпрастала бледную руку і, не расплюшчваючы вачэй, навобмацак узяла са сподка кавалак лукуму.

 

Ева жыла замужам у старым будынку на вуліцы Бак. Пан Дарбеда жвава адолеў сто дванаццаць прыступак, што вялі на шосты паверх, і, націскаючы на званок, дыхаў роўна, зусім не запыхаўшыся. Яму з прыемнасцю прыгадаліся словы, сказаныя паненкаю Дармуа: «Для свайго ўзросту, Шарль, вы выглядаеце проста цудоўна». Ніколі ён не адчуваў сябе гэткім здаровым і дужым, як у чацвер, асабліва пасля такіх вось прабежак па лесвіцы.

Яму адчыніла Ева. «Дый хто ж яшчэ, сапраўды, — пакаёўкі ў яе няма. Гэтыя дзяўчаты проста не могуць у іх затрымацца: я ўяўляю сябе на іх месцы». Ён пацалаваў дачку.

— Дзень добры, няшчаснае наша дзіцятка.

Ева павіталася трошкі холадна.

— Нейкая ты бледненькая, — сказаў пан Дарбеда, памацаўшы яе за шчаку, — зусім жа амаль не рухаешся.

Запанавала маўчанне.

— У мамы ўсё добра? — спытала Ева.

— Такі-сякі. Ты ж бачылася з ёй у аўторак? Ну — як заўжды. Цётка Луіза, вось, учора прыходзіла ў госці. Ёй гэта было вельмі прыемна. Яна ж любіць, калі да яе хто завітвае. Але лепш, каб госці не заставаліся доўга. Цётка Луіза, дарэчы, прыехала ў Парыж разам з малымі — усё праз тую гісторыю з закладам маёмасці. Я табе, здаецца, расказваў — дзіўная гісторыя. Яна заходзіла да мяне ў кантору, параіцца. Я сказаў, што дзвюх думак тут быць не можа: трэба прадаваць. Зрэшты, яна ўжо знайшла пакупніка — Брэтанеля. Памятаеш Брэтанеля? Ён цяпер ужо не займаецца справамі.

Раптам ён змоўк. Ева яго ледзьве слухала. Ён са смуткам падумаў, што нішто ўжо яе не цікавіць. «Нават кнігі. Раней іх даводзілася ў яе проста з рук выдзіраць. А цяпер — цяпер яна зусім не чытае».

— Як П'ер?

— Добра, — сказала Ева. — Хочаш яго пабачыць?

— Вядома, — вясёла адказаў пан Дарбеда, — трэба нанесці яму невялічкі візіт.

Ён вельмі спачуваў няшчаснаму хлопцу, але не мог глядзець на яго без гідлівасці. «Я проста не цярплю розную хворасць». Праўда, П'ера тут вінаваціць няма ў чым: усё — плён яго цяжкай спадчыннасці. Пан Дарбеда ўздыхнуў: «Колькі ні сцеражыся, а калі даведваешся — заўсёды ўжо надта позна». Не, П'ер быў тут неадказны. Хоць загана заўсёды жыла ў ім — яна складала сутнасць яго характару. Гэта не тое, што рак ці сухоты, ад якіх можна абстрагавацца, калі хочаш ацаніць чалавека, які ён ёсць сам па сабе.

Тая нервовая грацыя, тая вытанчаная няпростасць, якія так падабаліся Еве, калі ён пачынаў да яе заляцацца, — усё гэта былі кветкі будучага вар'яцтва. «Калі ён ажаніўся з Евай, ён ужо быў ненармальны; проста гэтага было яшчэ не відно. Цікава, — падумаў пан Дарбеда, — дзе ж усё-такі пачынаецца адказнасць? Ці, правільней сказаць: дзе яна канчаецца? Як бы там ні было ён надта многа займаўся самааналізам, увесь час толькі і капаўся ў сабе. Але што гэта — прычына ці следства хваробы?» Ён ішоў за дачкой па доўгім змрочным калідоры.

— Гэтая кватэра для вас надта вялікая, — сказаў ён. — Вам бы варта было пераехаць.

— Ты кожны раз гэта кажаш, тата, — адказала Ева, — але ж я табе ўжо казала, што П'ер не хоча пакідаць свайго пакоя.

Ева была нейкая дзіўная: часам можна было нават засумнявацца, ці разумее яна стан свайго мужа. Сапраўдны шаленец, а яна выконвае ўсё, што яму ні ўздумаецца, і паважае ўсе яго меркаванні, нібыта ён пры сваім розуме.

— Калі я што кажу, дык толькі дзеля цябе, — крыху з прыкрасцю прамовіў пан Дарбеда. — Мне чамусьці здаецца, што калі б я сам быў жанчына, дык мне было б страшна сядзець у гэтых цёмных старых пакоях. Я проста хачу, каб у цябе была новая, светлая кватэра — іх шмат будуюць апошнім часам, у раёне Атэйля, напрыклад. Тры невялікія пакоі, свежае паветра. Яны цяпер якраз панізілі цэны, бо не могуць знайсці жыльцоў; самы момант.

Ева мякка павярнула ручку ў дзвярах, і яны ўвайшлі ў пакой. Ад цяжкага ладанавага духу да горла ў пана Дарбеды падкаціў камяк. Шторы былі запятыя. У паўзмроку над спінкай фатэля ён разгледзеў худую патыліцу: седзячы да іх спінай, П'ер еў.

— Дабрыдзень, П'еру, — сказаў пан Дарбеда, павысіўшы голас. — Ну што, як мы сёння сябе адчуваем?

Ён бліжэй падышоў да хворага, што сядзеў за маленькім столікам. У П'ера быў хітры і прытворшчыцкі выгляд.

— О, мы елі яйкі ўсмятку, — сказаў пан Дарбеда яшчэ гучней. — Гэта смачна!

— Я не глухі, — азваўся П'ер мяккім голасам.

Пан Дарбеда знервавана перавёў вочы на Еву, каб узяць яе ў сведкі. Але тая сустрэла яго чэрствым позіркам і нічога не адказала. Пан Дарбеда зразумеў, што яна пакрыўдзілася. «Ну і тым горш для яе». Выбраць правільны тон з гэтым няшчасным проста немагчыма: розуму ў яго не больш, чым у чатырохгадовага дзіцяці, а Еве хочацца, каб да яго ставіліся як да чалавека, як да дарослага. Пан Дарбеда не мог перамагчы ў сабе нецярплівага жадання, каб хутчэй настаў час, калі гэтая дурацкая абыходлівасць будзе ўжо недарэчная. Хворыя заўсёды яго крыху раздражнялі — асабліва вар'яты: яны ніколі не мелі рацыі. П'ер, напрыклад, небарака, — ён жа не мае рацыі па ўсіх пунктах, слова не можа сказаць, каб лухты не ляпнуць, але дзе ўжо яго прасіць быць крыху болей сціплым ці хоць бы часам прызнаваць свае памылкі — марная справа.

Ева прыбрала яечнае шалупінне, падстаўку і паклала перад П'ерам кувэрт з нажом і відэльцам.

— Што ён будзе есці цяпер? — з радаснаю ўсмешкаю спытаў пан Дарбеда.

— Біфштэкс.

П'ер ужо ўзяў відэлец і трымаў яго кончыкамі сваіх доўгіх і бледных пальцаў. Потым пільна агледзеў з усіх бакоў і каротка ўсміхнуўся.

— Гэты раз не ўдасца, — прашаптаў ён і паклаў відэлец назад, — я быў папярэджаны.

Ева падышла да стала і з непадробнай цікаўнасцю ўтаропілася ў відэлец.

— Агата, — сказаў П'ер, — дай мне іншы.

Ева прынесла, і П'ер пачаў есці. А яна, так і не паклаўшы падазронага відэльца, сціснула яго ў руцэ і разглядала, не зводзячы вачэй: здавалася, яна робіць над сабой жудаснае намаганне. «Чорт разбярэ іх адносіны і ўсе гэтыя выбрыкі!» — падумаў пан Дарбеда. Ён адчуваў сябе вельмі ніякавата.

— Асцярожна, — сказаў П'ер, — трымай яго пасярэдзіне спіны: у яго клюшні.

Ева ўздыхнула і паклала відэлец на сервавальны столік. Пан Дарбеда адчуў, што яго цярпенню прыходзіць канец. Ён лічыў зусім непатрэбным саступаць усім прыхамацям гэтага небаракі — нават самому П'еру гэта толькі на шкоду. Франшо сам яму неяк казаў: «Ніколі нельга патураць трызненню хворага». Замест таго, каб даваць яму новы відэлец, лепей трэба было мякка, не напіраючы, пастарацца яго абразуміць, даць яму зразумець, што першы — такі самы, як іншыя. Пан Дарбеда падышоў да сервавальнага століка і падкрэслена ўзяў відэлец. Потым паволі правёў пальцамі па яго зубах і павярнуўся да П'ера. Той са спакойным выглядам рэзаў на талерцы мяса і, дарэзаўшы, падняў на цесця мяккі і невыразны позірк.

— Я хацеў бы трошкі з табою пагутарыць, — сказаў пан Дарбеда дачцэ.

Ева паслухмяна выйшла за ім у салон. Толькі сеўшы на канапу, пан Дарбеда заўважыў, што ўсё яшчэ трымае відэлец у руцэ. Ён раззлавана кінуў яго на столік і сказаў:

— Тут неяк лепей.

— Я ніколі сюды не заходжу.

— Можна мне запаліць?

— Вядома, тата, — спешліва адказала Ева. — Можа, хочаш цыгару?

Пан Дарбеда задаволіўся скруціць прывычную яму цыгарку. Ён не адчуваў няёмкасці, думаючы пра размову, якую меўся пачаць. Намнога болей несамавіта яму было, калі ён гутарыў з П'ерам: з ім ён адчуваў нейкую няёмкасць за свой розум — як той волат, што баіцца сваёй жа сілы, гуляючы з дзіцем. Усе яго вартасці — светласць, яснасць, дакладнасць — абарочваліся супраць яго ж. «З маёй беднай Жанетай, што трэба прызнаць, — амаль тое самае». Вядома, пані Дарбеда была не вар'ятка, але хвароба, як бы мовіць... усыпіла яе. А Ева — наадварот, яна ўся была ў бацьку: гэткая ж простая і лагічная; гутарыць з ёю было прыемна. «Таму я і не хачу, каб мне яе сапсавалі». Пан Дарбеда падняў вочы; ён яшчэ раз хацеў убачыць разумныя, тонкія рысы сваёй дачкі. Але яго чакала расчараванне: у некалі такім ясным, такім празрыстым абліччы было цяпер нешта мутнае і невыразнае. Ева па-ранейшаму была вельмі прыгожая. Але пан Дарбеда заўважыў, што яна старанна, амаль па-святочнаму нафарбавалася. На павеках ляжалі цені, доўгія вейкі пакрывала чорная туш. Бацьку было цяжка глядзець на гэты бездакорны і густы макіяж.

— Ты ж уся зялёная пад сваёю фарбай, — сказаў ён дачцэ. — Я нават баюся, каб ты не захварэла. Як ты пачала фарбавацца! Ты ж была заўсёды такая сціплая.

Ева не адказала, і пан Дарбеда пэўны час збянтэжана ўзіраўся ў яе бліскучы і змардаваны твар з цяжкаю шапкай чорных густых валасоў. Яму падумалася, што яна нечым падобная да трагедыйнай актрысы. «Я нават дакладна ведаю, да якой. Да той румынкі, што ля Аранжскіх муроў выконвала ролю Федры на французскай мове». Ён шкадаваў, што зрабіў дачцэ гэтую непрыемную заўвагу: «Як у мяне вырвалася! Не трэба было настройваць яе варожа праз гэткую дробязь».

— Прабач, — з усмешкай сказаў ён. — Ты ж ведаеш, я стары прыхільнік усяго натуральнага. Што зробіш, не падабаюцца мне ўсе гэтыя памады ды масці, што цяперашнія жанчыны лепяць сабе на твар. Але я, вядома, не маю рацыі, трэба жыць разам з часам.

Ева прыязна ўсміхнулася. Пан Дарбеда запаліў цыгарку і некалькі разоў зацягнуўся.

— Дзяўчынка мая, — пачаў ён, — я, уласна, вось што хацеў табе сказаць... Давай пагутарым, як раней. Ты толькі сядай, калі ласка, і паслухай мяне ўважліва: трэба ж давяраць свайму старому тату.

— Лепей я пастаю, — сказала Ева. — Што ты мне маеш сказаць?

— Я проста хацеў задаць пытанне, — ужо больш суха сказаў пан Дарбеда. — Куды ўсё гэта цябе завядзе?

— Усё гэта? — здзіўлена паўтарыла Ева.

— Але, усё гэта. Усё гэтае жыццё, што ты сабе ўтварыла. Паслухай, — сказаў ён пасля кароткай паўзы, — не трэба думаць, што я цябе не разумею (на яго раптам сапраўды найшло прасвятленне). Але тое, што ты хочаш зрабіць, — не ў чалавечай сіле. Ты хочаш жыць толькі сваім уяўленнем — так? Не хочаш дапусціць, што ён хворы? Ты не хочаш бачыць П'ера такім, які ён цяпер, — я правільна разумею? Твае вочы бачаць толькі былога П'ера. Але, мілае маё дзіцё, дачурка, вытрымаць такое доўга немажліва, — пан Дарбеда перавёў дых. — Ну добра, я раскажу табе адну гісторыю, хоць, можа, ты яе ведаеш. Калі мы былі ў Сабль-д'Алоне, табе было тры гады, і твая маці пазнаёмілася з адной прыгожай маладой жанчынай. У яе быў чароўны хлопчык. Вы гулялі з ім кожны дзень на пляжы, былі такія яшчэ маленькія: што дзве цацкі. Мы называлі цябе ягонай нявестаю. І вось колькі часу пазней, у Парыжы, твая маці захацела сустрэцца з гэтай жанчынай — і тут ёй паведамілі, што яе напаткала вялікае гора: яе міламу хлопчыку машынай адрэзала галаву. Тваёй маці параілі: «Калі пойдзеце да яе, крый Божа, не заводзьце гаворкі пра смерць яе сына — яна не хоча верыць, што яго больш няма». Твая маці пайшла — і што? Яна ўбачыла паўзвар'яцелую кабету: тая жыла так, нібы яе малы ўсё яшчэ жыў; яна гаманіла з ім, клала на стол прыборы... Урэшце, яна жыла ў такім нервовым напружанні, што праз паўгода яе давялося сілай забраць у вар'ятню, дзе яна праседзела цэлыя тры гады. Не, дзіцятка маё, — прамовіў пан Дарбеда, — не, так жыць немажліва. Было б намнога лепей, каб яна адважна прызнала ўсю праўду. Ёй давялося б, вядома, добра папакутаваць адзін раз, але потым — усё сцерлася б з часам. Павер мне, лепей заўсёды глядзець рэчам у твар.

— Ты памыляешся, — з намаганнем прамовіла Ева, — я выдатна ведаю, што П'ер...

Слова не здолела зляцець з яе вуснаў. Яна стаяла вельмі напружаная, сціснуўшы рукамі спінку фатэля; у ніжняй частцы аблічча ў яе было нешта сухое і непрыемнае.

— Дык што... значыць? — здзіўлена ледзь не крыкнуў пан Дарбеда.

— Што «значыць»?

— Ты?..

— Я люблю яго такога, які ён ёсць, — скора і з прыкрасцю прамовіла Ева.

— Гэта няпраўда! — з націскам сказаў пан Дарбеда. — Няпраўда, ты не любіш яго, ты не можаш яго любіць. Такія пачуцці можна мець толькі да здаровага, да нармальнага чалавека. Я, вядома, не сумняваюся, што ў цябе ёсць да П'ера пэўнае спачуванне, што ў табе яшчэ жыве ўспамін пра тыя шчаслівыя тры гады, якімі ты яму абавязаная. Але не кажы мне, што ты яго любіш, я табе не паверу.

Ева стаяла моўчкі, з адсутным выглядам утаропіўшыся ў дыван.

— Магла б, нарэшце, і адказаць, — холадна сказаў пан Дарбеда. — Не думай, што мне гэтая размова меней цяжкая, чым табе.

— Усё роўна ж ты не паверыш.

— Ну, калі так, калі ты ўсё-такі яго любіш, — з роспаччу закрычаў ён, — гэта вялікае гора — і для цябе, і для мяне, і для тваёй беднай маці, бо зараз я скажу табе нешта, што раней лічыў за лепшае стаіць: менш як праз тры гады П'ер зробіцца поўным вар'ятам, ён абернецца ў жывёлу.

Ён са злосцю зірнуў на дачку: ён быў на яе сярдзіты за тое, што яна сваёй упартасцю прымусіла яго раскрыць ёй гэтую цяжкую навіну.

Але Ева ніяк не адрэагавала; нават не падняла вачэй.

— Я ведала.

— Хто табе гэта сказаў? — аслупянела спытаўся ён.

— Франшо. Я ведала яшчэ паўгода назад.

— Вось маеш... А я ж так яму раіў цябе пашкадаваць, — горка прамовіў пан Дарбеда. — Зрэшты, можа, так яно і лепей. Але ж у такім выпадку ты павінна зразумець, што было б проста недаравальна трымаць П'ера ў сябе. Барацьба, якую ты вядзеш, асуджаная на паражэнне: гэта не тая хвароба, якая можа яшчэ адступіць. Каб мы хоць на нешта былі тут здольныя, каб яго можна было ўратаваць якім-небудзь лячэннем, лекамі — тады я не кажу. Але паглядзі сама: ты была такая прыгожая, разумная, вясёлая, а цяпер — сама забіваеш сябе дзеля сваёй жа прыхамаці і абсалютна без ніякай карысці. Зразумела, ты была проста цудоўная, мы ўсе гэта бачылі, але цяпер — усё, кончана, ты выканала свой абавязак, болей за свой абавязак; цяпер упарціцца проста было б амаральна. Дзіцё маё, ёсць жа, урэшце, і абавязкі да самога сябе. І потым — ты зусім не думаеш пра нас. Табе трэба, — паўтарыў ён, нібы молатам выбіваючы словы, — трэба аддаць П'ера ў клініку да Франшо. Ты з'едзеш з гэтай кватэры, што дала табе толькі няшчасце, перабярэшся да нас. А калі ў цябе ёсць патрэба быць карыснай другім, палягчаць чыесьці пакуты — што ж, у цябе ёсць твая маці. За беднай кабетай няма каму прыглядаць, апроч санітарак, а ёй бы зусім не зашкодзіла, каб побач хоць часам быў нехта блізкі. І яна ўжо, — дадаў ён, — яна будзе здольная ацаніць усё, што ты дзеля яе зробіш, і будзе табе за гэта ўдзячная.

Настала доўгае маўчанне. Пан Дарбеда пачуў, як у суседнім пакоі спявае П'ер. Зрэшты, гэта было мала падобна да спеву, нагадваючы болей хуткі, пранізлівы рэчытатыў. Пан Дарбеда падняў вочы на дачку.

— Значыць, не?

— П'ер застанецца са мной, — мякка сказала яна, — я вельмі добра з ім ладжу.

— Пры ўмове, што займаешся дурасцямі цэлы дзень.

Ева ўсміхнулася і кінула на бацьку нейкі надзіва кплівы і ці не вясёлы позірк. «Так і ёсць, — раззлавана падумаў пан Дарбеда, — яны толькі гэтым і займаюцца; прабаўляюцца ў ложку».

— Ты, напэўна, ужо зусім тут здурнела, — сказаў ён і ўстаў.

Ева сумна ўсміхнулася і шапнула нібыта сабе:

— Не зусім.

— Не зусім? Я толькі адно магу табе сказаць, маё дзіцё, ты мяне палохаеш.

Ён паспешліва яе пацалаваў і выйшаў. «Трэба было б, — падумаў ён, спускаючыся па лесвіцы, — прыслаць ёй пару добрых здаравякоў, каб яны сілай забралі ў яе гэтае Богам пакрыўджанае няшчасце ды сунулі яго пад душ, і не пыталіся — хоча ён таго ці не».

 

Стаяў пагодны восеньскі дзень, ціхі, без ніякіх загадак; сонца залаціла прахожым твары. Пана Дарбеду нечакана ўразіла іх адкрытая прастата: адны былі загарэлыя, другія гладкія, але на кожным адбіліся і свая радасць, і свае турботы, такія знаёмыя і яму.

«Я ведаю, за што папракаю Еву, — падумаў ён, паварочваючы на бульвар Сэн-Жэрмен. — Я папракаю яе за тое, што яна жыве па-за ўсім чалавечым. Бо П'ер ужо не чалавек. І ўвесь той клопат, усю любоў, што яна аддае яму, — яна іх забірае ў другіх: ва ўсіх гэтых. Ніхто не мае права адгароджваць сябе ад людзей; як ні круці — мы жывём у грамадстве».

Ён з прыязнасцю зірнуў на прахожых; яму падабаліся іх сур'ёзныя, ясныя вочы. На гэтых залітых промнямі вуліцах, сярод людзей пачувалася неяк надзейна, бяспечна, як у вялікай сям'і.

Жанчына з распушчанымі валасамі спынілася перад раскладзенымі проста пад адкрытым небам таварамі. За руку яна трымала дзяўчынку.

— Што гэта? — спытала дзяўчынка, паказваючы на радыёпрыёмнік.

— Нічога не чапай, — адказала ёй маці. — Гэта прыёмнік, ён робіць музыку.

Пэўны момант яны стаялі моўчкі, з захапленнем разглядаючы апарат. Пан Дарбеда расчулена схіліўся да дзяўчынкі і, зазірнуўшы ёй у вочы, усміхнуўся.

 

II

 

«Пайшоў». Дзверы на лесвіцу суха клацнулі і зачыніліся; Ева была ў салоне адна: «Няхай бы ён лепей памёр».

Яе рукі сціснулі спінку фатэля: яна ўспомніла бацькавы вочы. Як пан Дарбеда, з выглядам знаўцы, схіліўся да П'ера, як сказаў яму: «Гэта смачна!» — такім тонам, нібыта ён ведае, як трэба гутарыць з хворымі. Як глядзеў на яго, і П'ерава аблічча адбівалася ў яго вялікіх, глыбокіх, спрытных вачах. «Я ненавіджу яго, калі ён так яго разглядае, ненавіджу, калі толькі падумаю, што ён яго бачыць».

Евіны рукі саслізнулі з фатэля, і яна павярнулася да акна. Яе вочы адразу аслеплі ад яркага сонца. Увесь пакой быў запоўнены яго промнямі; яны лезлі паўсюль: ляжалі бялявымі плямамі на дыване, віселі сляпучым пылам у паветры. Ева даўно ўжо адвыкла ад такога бессаромнага, такога стараннага асвятлення, што вылізвала кожны кут, надрайвала мэблю і прымушала яе блішчаць, як руплівая гаспадыня. І ўсё ж яна падышла да акна і прыўзняла фіранку. Якраз у гэты момант з будынка выйшаў пан Дарбеда. Нечакана для сябе Ева ўбачыла яго шырокія плечы. Бацька падняў галаву, лыпаючы вачыма, зірнуў на неба і, як падлетак, шырока ступаючы, рушыў прэч. «Мацуецца, — падумала Ева, — нічога, хутка ў яго пачнецца яго калаццё». Нянавісць у ёй ужо знікла: за што яго ненавідзець — у гэтай галаве нічога няма, апроч хіба сама маленькага клопату выглядаць маладзейшым. Але калі яна ўбачыла, як бацька павярнуў на бульвар Сэн-Жэрмен і знік, яе зноў ахапіла злосць. «Ён думае зараз пра П'ера». Нейкая частка іх жыцця вырвалася з гэтага зачыненага для ўсіх пакоя, і цяпер яе ганяла па вуліцах, пад сонцам, пад нагамі ў людзей. «Няўжо нас так і не здолеюць ніколі забыць?»

Вуліца Бак была амаль бязлюдная. Старая кабета дробным трушком пераходзіла праезджую частку; смеючыся, прайшлі тры дзяўчыны. І потым — мужчыны — дужыя і сур'ёзныя, яны неслі ў руках партфелі і гаманілі паміж сабой. «Нармальныя», — падумала Ева і сама здзівілася, заўважыўшы ў сабе столькі нянавісці. Тоўсценькая прыгожая жанчына кінулася насустрач элегантнаму пану. Той абхапіў яе рукамі і пацалаваў у вусны. Ева выціснула чэрствы смяшок і апусціла фіранку.

П'ер ужо не спяваў, цяпер суседка з трэцяга паверха села за піяніна; яна грала «Эцюд» Шапэна. Ева адчула сябе спакайней і ступіла была да П'ерава пакоя, як раптам спынілася і з нейкай трывогай абаперлася спінаю аб сцяну: кожны раз, калі яна выходзіла з пакоя, яе агортвала панічнае пачуццё пры думцы, што туды трэба вярнуцца. Тым не менш яна разумела, што не здолее жыць больш нідзе: гэты пакой вабіў яе, яна яго нават любіла. З халоднай цікаўнасцю, нібы каб выйграць хвіліну-другую і набрацца духу, яна прабегла позіркам па салоне: нідзе ніякага ценю, ніякага паху. «Як у чакальні ў дантыста». Фатэлі, абабітыя ружовым ядвабам, канапа, строгія, сціплыя, па-крэўнаму простыя зэдлі; добрыя памочнікі чалавека. Ева ўявіла, як нейкія важныя паны, апранутыя ва ўсё светлае — зусім такія, якіх яна бачыла толькі што за акном, — уваходзяць у гэты салон і, не спыняючы пачатай размовы, нават не турбуючы сябе тым, каб зірнуць, куды яны трапілі, упэўненаю хадою ідуць на самы цэнтр пакоя; а адзін закінуў за спіну руку, і тая валачэцца за ім, як след за караблём, — па мяккіх падушках на мэблі, па розных прадметах, сталах, а ён нават не ўздрыгваецца, сутыкаючыся з усім гэтым. Калі ж на дарозе ім трапляецца мэбля, ім і ў галаву не прыходзіць яе абысці, і яны, гэтыя салідныя імасці, дужа спакойна перастаўляюць яе на іншае месца. І вось, нарэшце, яны сядаюць, так і не перапыніўшы сваёй размовы, так і не зірнуўшы вакол сябе. «Салон для нармальных», — падумала Ева. Са сціснутым трывогаю горлам яна глядзела на ручку, якую трэба было павярнуць. «Трэба ісці. Я ніколі так доўга не пакідаю яго аднаго». Трэба было адчыніць гэтыя дзверы; потым Ева крыху пастаіць на парозе, каб даць вачам прызвычаіцца да паўзмроку, а пакой усёй сілай пастараецца выштурхнуць яе прэч. Яна павінна будзе вытрымаць гэтае супраціўленне і прайсці ўглыбіню. Раптам яна адчула пякучае жаданне ўбачыць П'ера. Ёй бы так хацелася разам з ім пакпіць з свайго бацькі. Але П'еру яна была непатрэбна; Ева нават не магла прадугадаць, як ён зараз яе сустрэне. З нейкай своеасабліваю гордасцю яна раптам падумала, што ёй ужо нідзе няма месца. «Нармальныя лічаць, што я яшчэ належу да іх. Але я сярод іх не здолела б заставацца гадзіны. Я хачу, я адчуваю патрэбу жыць там, па той бок гэтай сцяны. Але там мяне не прымаюць».

Усё вельмі змянілася вакол яе: святло нібы састарэла, яно пачынала сівець, рабілася цяжкім, як вада ў вазе з кветкамі, калі яе два дні не мяняюць. Ева глядзела на рэчы, пакрытыя гэтым старым святлом, і заўважала на іх даўно забытае пачуццё меланхоліі: той самай, што адчуваеш вячэрняй парой у самым канцы восені. Яна нерашуча, амаль збянтэжана пазірала вакол: усё гэта было так далёка — цяпер, у іхнім пакоі не было ні дня, ні ночы, ні пары, ні меланхоліі. Яна цьмяна прыгадала далёкія-далёкія восені, восені яе маленства — і раптам уся напружылася: успаміны выклікалі ў яе страх.

Яна пачула П'ераў голас:

— Агата! Ты дзе?

— Іду! — крыкнула яна.

Яна адчыніла дзверы і прайшла ў пакой.

Густы ладанавы водар напоўніў ёй ноздры і рот. Яна шырока распяла вочы, выставіла наперад рукі — пах і паўзмрок даўно ўжо зліліся ў яе ў адзінае цэлае, нешта даўкае і мяккае, нібы вата, такое ж простае, такое ж знаёмае, як паветра, агонь ці вада, — і асцярожна рушыла да бледнай плямы, якая, здавалася, лунала ў тумане. Гэта быў П'ераў твар: П'ерава адзенне (а з той пары, як ён захварэў, ён апранаў усё чорнае) раставала ў цемры. П'ер сядзеў з закінутаю назад галавою і заплюшчанымі вачыма. Ён быў прыгожы. Ева палюбавалася на яго доўгія, загнутыя на кончыках вейкі і села побач на нізкае крэсла. «Яму, напэўна, нешта баліць», — падумала яна. Яе вочы патроху прызвычаіліся да змроку. Спачатку выплыў стол, пасля ложак, пасля П'еравы асабістыя рэчы — ножны, слоік з клеем, кнігі, гербарый, рассыпаны на дыване каля фатэля.

— Агата?

П'ер ужо расплюшчыў вочы і глядзеў на яе з усмешкай.

— А ведаеш, што відэлец? — сказаў ён. — Гэта я, каб напалохаць гэтага тыпа. А так — у ім амаль нічога не было.

Евіны апасенні зніклі, і яна, ціха і коратка засмяяўшыся, сказала:

— Гэта табе выдатна ўдалося. Ён сапраўды ледзь не звар'яцеў ад страху.

П'ер усміхнуўся.

— Ты бачыла? Як ён пачаў яго круціць, ухапіўся ледзь не аберуч. І вось што, заўваж, — сказаў ён, — яны не ўмеюць браць рэчы: яны іх хапаюць.

— Твая праўда, — сказала Ева.

П'ер мякка пастукаў па левай далоні ўказальным пальцам правай рукі.

— Вось яны чым бяруць. Спачатку падносяць пальцы і, як толькі ўдалося спаймаць прадмет, адразу ціснуць на яго ўсёй далоняй — каб прыдушыць.

Ён гаварыў хутка, аднымі кончыкамі губ; выгляд у яго быў азадачаны.

— Цікава, чаго яны хочуць? — нарэшце прамовіў ён. — Гэты тып ужо прыходзіў раней. Навошта яны яго падсылаюць? Калі ім хочацца ведаць, што я раблю, яны могуць проста зірнуць на экран — дзеля гэтага ім нават не трэба нікуды выходзіць. Значыць, і яны робяць памылкі. Маюць такую ўладу і робяць памылкі. А я — не раблю, гэта мой козыр. Хофка, — сказаў ён, — хофка! — Ён замахаў перад ілбом рукамі. — Сволач. Хофка, пафка, суфка! Што, хочаш яшчэ?

— Звон? — спыталася Ева.

— Звон. Уцёк, — сказаў ён і сярдзітым голасам пачаў далей развіваць сваю думку. — Гэты тып — іх падначалены. Ты яго ведаеш, ты выходзіла з ім у салон.

Ева не адказала.

— Што ён хацеў? — спытаў П'ер. — Ён павінен быў табе гэта сказаць.

Нейкае імгненне Ева вагалася і потым адказала з жорсткай цвёрдасцю ў голасе:

— Ён хацеў, каб цябе пасадзілі пад замок.

Калі П'еру стараліся сказаць праўду мякка, ён ставіўся да яе з недаверам, яму трэба было рэзаць яе прама ў вочы, каб аглушыць, паралізаваць яго падазрэнні. Ды Ева і сама лічыла, што лепш абысціся з ім жорстка, чым ашукаць: калі яна хлусіла і ён, здавалася, даваў гэтаму веры, яна не магла адолець у сабе пачуцця перавагі, за якое сама сябе ненавідзела.

— Пасадзіць мяне пад замок! — з іроніяй паўтарыў П'ер. — Яны там сапраўды, відаць, з глузду з'ехалі. Ды што гэта мне, што мне іх сцены? Яны думаюць, напэўна, што гэта здолее мяне спыніць. Я часам нават пачынаю думаць — можа, ёсць дзве банды? Сапраўдная, мурынава, і яшчэ адна — банда якіх-небудзь прыдуркаў, што хочуць паўсюль сунуць свой нос і лепяць дурасць на дурасці.

Ён ускінуў над падлакотнікамі фатэля рукі і з задавальненнем, уважліва на іх паглядзеў.

— Сцены... Сцены мы пройдзем. Што ты яму адказала? — спытаў ён і з цікаўнасцю павярнуўся да Евы.

— Што цябе не пасадзяць.

П'ер паціснуў плячыма.

— Не трэба было так казаць. Ты таксама зрабіла памылку. Прынамсі, калі не сказала гэтага наўмысна. Трэба даць ім выкласці ўсе іх карты.

Ён змоўк. Ева сумна апусціла галаву. «Яны іх хапаюць!» Якім грэблівым тонам ён гэта сказаў — і як гэта дакладна. «Няўжо і я — таксама хапаю? Дарма я сачу за сабой: па-мойму, большасць маіх рухаў усё роўна яго раздражняюць. Ён проста не кажа мне гэтага». Раптам яна адчула сябе няшчаснай і вінаватаю, як тады, калі ёй было чатырнаццаць і пані Дарбеда, яшчэ лёгкая і жвавая, казала ёй: «Можна падумаць, што ты проста не ведаеш, куды падзець свае рукі!» Ева баялася варухнуцца, але якраз у гэты момант адчула неадольнае жаданне перамяніць паставу. Стараючыся не дакранацца да дывана, яна паволі падабрала ногі пад крэсла. Яе вочы глядзелі на настольную лямпу, падстаўку ў якой П'ер пафарбаваў чорнаю фарбай, і на шахматную дошку. На дошцы П'ер пакінуў толькі чорныя пешкі. Часам ён уставаў, падыходзіў да стала і браў іх адну за адной. Ён гаманіў з імі, называючы іх Робатамі, і здавалася, пешкі ажываюць у яго руках нейкім цёмным, глухім жыццём. Калі ён клаў іх на месца, Ева падыходзіла і брала іх таксама (у такія моманты ёй здавалася, што яна выглядае смешна); пешкі зноў абарочваліся кавалачкамі мёртвага дрэва, але на іх заставалася яшчэ нешта няясна-няўлоўнае, падобнае на пэўны сэнс. «Гэта яго рэчы, — падумала яна. — У гэтым пакоі нічога майго няма». Раней тут было крыху яе мэблі. Маленькі інкруставаны столік з трыльяжам, які ёй застаўся ад бабкі і які П'ер, жартуючы, заўсёды называў: твой столік. Пасля ён забраў гэты столік сабе. Толькі П'еру рэчы адкрывалі сваё сапраўднае аблічча. Ева магла глядзець на іх гадзінамі: яны з нястомнаю і злою ўпартасцю прымушалі яе расчароўвацца, паказваючы адно сваю вонкавую абалонку — тую, што бачылі і доктар Франшо, і пан Дарбеда. «Усё роўна, — падумала Ева ці не з трывогай, — я бачу іх іначай, чым бацька. Не можа быць, каб я іх бачыла абсалютна так, як і ён».

Яна варухнула каленямі: у нагах ужо бегалі мурашы. Цела было напружанае і прамое, як палка, і пачынала балець; Еве здавалася, што яно занадта жывое, надта прыкметнае. «Я так хацела б зрабіцца нябачнаю і заставацца тут; каб бачыць яго і каб ён мяне не бачыў. Я яму непатрэбная; я ў гэтым пакоі лішняя». Яна крыху павярнула галаву і зірнула на сцяну над П'ерам. На сцяне былі напісаны пагрозы. Ева гэта ведала, хоць была няздольна іх прачытаць. Яна часта глядзела на вялікія чырвоныя ружы, якімі была размалявана сцяна, пакуль яны не пачыналі скакаць у вачах. Ружы гарэлі ў паўзмроку. Часцей за ўсё пагроза была напісаная пад самаю столлю, злева над ложкам, але часам яна перамяшчалася. «Трэба ўстаць. Я не магу, не магу больш сядзець у адной паставе». Апроч таго, на сцяне былі белыя дыскі, падобныя да разрэзанай напалам цыбуліны. Дыскі круціліся на адным месцы, круціліся... рукі ў Евы пачалі дрыжаць. «Я часам ужо вар'яцею... Ды не, не, — з горыччу падумала яна, — я не магу звар'яцець. Я проста нервуюся, вось і ўсё».

Раптам яна адчула, як П'ер узяў яе за руку.

— Агата, — пяшчотна прамовіў ён.

П'ер усміхаўся, але трымаў яе руку кончыкамі пальцаў, нібыта з гідлівасцю ці так, як трымаў бы за спіну краба, баючыся, каб той не ўхапіў яго клюшняй.

— Агата, — сказаў ён, — я так хацеў бы табе давяраць.

Ева заплюшчыла вочы, і яе грудзі падняліся ў глыбокім уздыху. «Не трэба нічога адказваць. Тады ён супакоіцца, і паверыць, і болей не будзе нічога казаць».

П'ер адпусціў руку.

— Агата, я цябе, вядома, люблю, — сказаў ён. — Але я не магу зразумець. Чаму ты ўвесь час сядзіш у гэтым пакоі?

Ева не адказала.

— Скажы, чаму?

— Ты выдатна ведаеш, што я кахаю цябе, — суха адказала яна.

— Я не веру табе, — сказаў П'ер. — За што табе мяне кахаць? Я павінен выклікаць у цябе жах: у мяне неадчэпныя думкі.

Ён усміхнуўся, але адразу раптам пасур'ёзнеў.

— Паміж табою і мной — сцяна. Я цябе бачу, я з табой гаманю, але ты — па той бок. Што не дае нам любіць адно аднаго? Мне здаецца, што раней гэта было прасцей. У Гамбургу.

— Але, — сумна прамовіла Ева: «Зноў Гамбург». П'ер ніколі не гаварыў пра іх сапраўдную мінуўшчыну. Ні Ева, ні ён — у Гамбургу ніколі не былі.

— Мы гулялі з табой уздоўж каналаў. Там была барка, памятаеш? Чорная барка; і сабака на мосце.

Ён выдумляў паступова; выгляд у яго быў няшчыры.

— Я трымаў цябе за руку. Скура ў цябе была тады іншая. Я верыў усяму, што ты мне казала. Маўчаць! — закрычаў ён.

Хвіліну ён прыслухоўваўся.

— Яны хутка прыйдуць, — абвясціў ён змрочным голасам.

Ева ўздрыганулася:

— Прыйдуць? Я ўжо думала, яны не вернуцца ніколі.

Апошнія тры дні П'ер адчуваў сябе спакайней, статуі не прыходзілі. Ён жудасна іх баяўся, хоць ніколі не прызнаваўся ў гэтым. Еву яны не палохалі; аднак, калі яны пачыналі лятаць па пакоі і гусці — яе палохаў П'ер.

— Падай мне ворчку.

Ева ўстала і ўзяла ворчку: гэта быў набор склееных П'ерам кавалкаў кардону, якім ён карыстаўся, каб заклінаць прыход статуй. Ворчка была падобная да павука. На адным кавалку кардону П'ер напісаў: «Улада над пасткамі», — на другім: «Чорнае». На трэцім была намалёвана галава, якая смяялася, і ад вачэй у яе разыходзіліся зморшчынкі: гэта быў Вальтэр. П'ер узяў ворчку за лапу і пачаў пільна яе разглядаць. Выгляд у яго быў змрочны.

— Яна мне болей не можа служыць, — нарэшце прамовіў ён.

— Чаму?

— Яны яе перайначылі.

— Ты зробіш другую?

Ён паглядзеў на Еву доўгім позіркам і працадзіў скрозь зубы:

— А табе вельмі хацелася б.

Ева злавала на П'ера. «Кожны раз, як яны прыходзяць, ён загадзя папярэджаны. Як яму гэта ўдаецца? Ён жа ніколі не памыляецца».

Ворчка бездапаможна, жаласна звісала з кончыкаў П'еравых пальцаў. «Ён заўсёды знаходзіць прычыну, каб ёю не скарыстацца. Калі яны прыходзілі апошні раз, у нядзелю, ён запэўніваў, што недзе яе згубіў. Але ж я бачыла — яна ляжала за слоікам з клеем. Ён не мог яе не заўважыць. Мне нават часам здаецца, ці не сам ён іх запрашае». Ніколі немагчыма было сказаць з пэўнасцю, калі П'ер бывае шчыры. У некаторыя моманты ў Евы ўзнікала ўражанне, што яго сапраўды, міма яго волі, апаноўвае нездаровы рой прычэплівых думак і прывідаў. Але іншы раз у П'ера быў такі выгляд, нібы ён сам усё выдумляе. «Ён пакутуе. Пакутуе. Але да якой ступені верыць сам у гэтых статуй і мурына? Ва ўсякім выпадку, я ведаю, што статуй ён не бачыць — ён іх толькі чуе: калі яны пралятаюць, ён адварочвае галаву. А потым запэўнівае, што бачыў. Ён іх нават апісвае». Яна прыгадала пачырванелае аблічча доктара Франшо: «Ды што вы, мілая пані, што вы, усе вар'яты — хлусы; і вы марна траціце час, калі хочаце адрозніць тое, што яны адчуваюць сапраўды, ад таго, што толькі кажуць, што адчуваюць». Яна ўздрыганулася: «Ды пры чым тут гэты Франшо? Я не збіраюся думаць, як ён».

П'ер устаў, падышоў да сметніцы пад паперу і выкінуў ворчку. «Як ты — вось бы як мне хацелася думаць». П'ер ступаў дробна, рухаючыся на самых дыбачках і прыціскаючы локці да цела, каб займаць як мага менш месца. Вярнуўшыся, ён сеў і зірнуў на Еву з замкнёным выглядам.

— Трэба будзе дадаць чорнай фарбы, — сказаў ён, — у гэтым пакоі не стае чорнага.

Ён зусім зашыўся ў фатэль. Ева з сумам глядзела на яго як бы скупое цела, заўсёды гатовае скурчыцца, сціснуцца: галава, рукі, ногі — былі падобныя да скарачальных органаў. Насценны гадзіннік прабіў шэсць гадзін; піяніна змоўкла. Ева ўздыхнула. Статуі прыходзілі не адразу: іх трэба было чакаць.

— Хочаш, я запалю святло?

Ёй не хацелася чакаць іх у змроку.

— Рабі, што хочаш, — сказаў П'ер.

Яна запаліла маленькую настольную лямпу, і па пакоі разліўся чырвоны туман. П'ер таксама чакаў.

Ён сядзеў моўчкі, але вусны ў яго ўвесь час варушыліся, на фоне чырвонай смугі яны выдзяляліся дзвюма цёмнымі плямамі. Ева любіла П'еравы вусны. Раней яны былі пачуццёвыя і хвалюючыя; але цяпер даўно страцілі сваю пачуццёвасць. Яны безупынна растульваліся ў дробнай дрыготцы і сціскаліся, сплюшчваліся і разлучаліся зноў. Толькі яны і жылі на гэтым акамянелым, як мур, абліччы, нагадваючы сабой двух палахлівых звяркоў. П'ер мог мармытаць так цэлымі гадзінамі, але ніводнага слова так і не злятала з ягоных вуснаў, і часта Ева як загіпнатызаваная сачыла за гэтым ледзь прыкметным рухам. «Я люблю яго губы». П'ер ніколі ўжо не цалаваў яе; ён жудасна баяўся дотыкаў: уначы да яго дакраналіся мужчынскія рукі, цвёрдыя і сухія, шчыкалі яго па ўсім целе; жаночыя, з доўгімі-доўгімі пазногцямі, лезлі да яго з агіднымі пяшчотамі. Часта ён клаўся ўвесь апрануты, але рукі слізгалі пад вопратку, сцягвалі кашулю. Аднойчы ён пачуў, як нехта смяецца, і раптам нечыя тоўстыя губы прыліплі яму на рот. З той ночы ён не цалаваў больш Евы.

— Агата, — сказаў П'ер, — не глядзі на мой рот!

Ева апусціла вочы.

— Я выдатна ведаю, што па губах можна навучыцца чытаць, — дадаў ён з задзірліваю ганарлівасцю.

Яго рука на падлакотніку фатэля дробна дрыжала. Указальны палец выпрастаўся, тройчы стукнуў па вялікім, і ўсе астатнія сціснуліся: гэта было заклінанне. «Хутка пачнецца», — падумала Ева. Ёй хацелася абняць, абараніць П'ера.

П'ер раптам загаварыў вельмі гучным і велікасвецкім тонам.

— Памятаеш Санкт-Паўлі?

«Не адказваць. Гэта можа быць пастка».

— Гэта там я з табой пазнаёміўся, — ён быў нібы задаволены. — Я адбіў цябе ў аднаго дацкага марака. Мы з ім нават ледзь не пабіліся, але я сказаў, што плачу за ўсіх, і ён даў мне цябе забраць. Зрэшты, усё гэта было толькі камедыя.

«Брэша. Ён не верыць ніводнаму свайму слову. Ён ведае, што мяне завуць не Агата. Ненавіджу, калі ён хлусіць». Але яна ўбачыла яго нерухомыя вочы, і яе гнеў адразу растаў. «Ён не хлусіць, — падумала яна, — яго нервы гатовыя лопнуць. Ён адчувае, што яны ўжо блізка, і гаворыць, каб перашкодзіць сабе пачуць». П'ер абедзвюма рукамі ўчапіўся ў ручкі фатэля. Яго твар спалатнеў, па ім блукала ўсмешка.

— Дзіўныя ўсё-ткі бываюць сустрэчы, — сказаў ён, — але я не веру ў выпадак. Я ў цябе не пытаюся, хто цябе падаслаў. Я ведаю — ты не адкажаш. Але ўсё-ткі табе добра ўдалося мяне асляпіць.

Ён гаварыў цяжка, вымаўляючы фразы хуткім і рэзкім голасам. Некаторыя словы яму не ўдаваліся і выліваліся з вуснаў мяккай бясформеннай масай.

— Ты пацягнула мяне за сабой у сама святочнае скопішча, паміж стойламі чорных аўтамабіляў. Але за машынамі хавалася цэлае войска чырвоных вачэй, што пачыналі падміргваць, як толькі я паварочваўся да іх спінай. Цяпер я разумею — ты, відаць, рабіла ім нейкія знакі, хоць сама ўвесь час віснула ў мяне на руцэ. Я тады нічога не бачыў. Я быў занадта зачараваны вялікай цырымоніяй Каранавання.

Шырока расплюшчанымі вачыма ён глядзеў проста перад сабой. Потым вельмі хутка і нейкім куртатым рухам правёў па лбе рукой, ні на хвіліну не перапыняючы гамонкі: ён не хацеў маўчаць.

— Бо тады было каранаванне Рэспублікі, — ледзь не крыкнуў ён пранізлівым голасам, — уражлівае ў сваім родзе відовішча: там былі жывёлы ўсіх масцей, якіх прыслалі з калоній спецыяльна на цырымонію. Ты ўвесь час баялася згубіцца сярод малпаў. Я сказаў — сярод малпаў, — паўтарыў ён задзірлівым тонам, пазіраючы вакол сябе. — Хоць мог бы сказаць і сярод мурынаў! Паганыя неданоскі, што сноўдаюць пад сталамі, — выкрытыя і прыбітыя на месцы маім Поглядам. Загадана маўчаць! — закрычаў ён. — Маўчаць! Слухай маю каманду: усім смірна! Зважай на ўваход статуй. Тра-ля-ля, — ён выў, прыстаўляючы рукі да рота рупарам, — тра-ля-ля, тра-ля-ля!

Раптам ён змоўк, і Ева ўсвядоміла, што статуі ўвайшлі ў пакой. П'ер сядзеў з пагардлівым выглядам і быў увесь напружаны і бледны. Ева таксама напружылася; і яны абое застылі ў поўнай цішыні. У калідоры нехта хадзіў: гэта была Мары, што прыходзіла дапамагаць ім у гаспадарцы, — яна, відаць, толькі зайшла. «Трэба будзе даць ёй грошай на газ», — падумала Ева. І тут статуі пачалі лётаць; яны праляталі якраз паміж Евай і П'ерам.

П'ер натужліва вухнуў і, падабраўшы пад сябе ногі, яшчэ глыбей зашыўся ў фатэль. Стараючыся адвярнуцца, ён круціў галавой і час ад часу хмыкаў кароткім смехам, на лбе ў яго блішчалі кропелькі поту. Ева не магла болей вынесці выгляду гэтай збялелай шчакі, гэтага рота, перакошанага дрыготкай грымасай; яна заплюшчыла вочы. І перад ёй, на чырвоным фоне павекаў, адразу заскакалі залацістыя жылкі; яна адчувала сябе старою і ацяжэлай. П'ер шумна дыхаў зусім побач з ёй. «Яны лётаюць, і гудуць, і схіляюцца да яго...» Яна адчула лёгкае казытанне, нейкую няёмкасць у правым плячы і ў баку. Інстынктыўна яна ўсім целам адхілілася ўлева — нібы каб унікнуць дотыку з чымсьці непрыемным, нібыта каб прапусціць нейкую цяжкую, нязграбную рэч. Раптам падлога рыпнула, і Еве жудасна захацелася расплюшчыць вочы, зірнуць направа, адагнаць паветра рукой.

Але яна стрымалася і не расплюшчыла вачэй, ажно ўздрыгануўшыся ад гэтай чаканай і горкай радасці. «Я таксама баюся», — падумала яна. Усё яе жыццё затаілася ў правым баку. Яна нахілілася бліжэй да П'ера, па-ранейшаму не расплюшчваючы вачэй. Цяпер ёй досыць было аднаго, сама маленькага намагання, і ўпершыню — яна ўвойдзе ў гэты трагічны свет. «Я баюся статуй», — падумала яна. Гэта было як нейкае сляпое, утрапёнае перакананне, як закляцце; Ева ўсёю сілаю хацела паверыць у прысутнасць статуй; яна старалася ператварыць гэтае трывожнае аняменне, што паралізоўвала ёй правы бок, у нейкае новае пачуццё — у дотык. Сваім бокам, рукою, плячом — яна адчувала, як яны пралятаюць побач.

Статуі ляталі паволі і нізка; і ўвесь час гудзелі. Ева ведала, што ў іх хітры, хлуслівы выгляд і што вакол вачэй, з каменя, у іх растуць вейкі; але ўвогуле яна іх уяўляла кепска. Яна ведала, што яны яшчэ не зусім жывыя і іх вялікія целы пакрытыя, нібы цёплымі лушпінамі, кавалкамі плоці; што на кончыках пальцаў у іх лушчыцца камень і далоні заўсёды свярбяць. Ева не магла ўсяго гэтага ўбачыць, яна толькі ўяўляла, што нейкія вялікія кабеты, велічна і ўрачыста, слізгаюць недзе зусім побач з ёй і што ў іх — чалавечы выгляд і цвердалобая ўпартасць каменя. «Яны схіляюцца да П'ера». Ева зрабіла над сабой такое моцнае намаганне, што рукі ў яе пачалі дрыжаць. «Яны схіляюцца нада мной...» Раптам жудасны крык апаліў яе холадам. «Яны дакрануліся да яго». Ева адчула вялікую стому. «Гульня, — падумала яна з папрокам, — усё гэта толькі гульня. Я ні на імгненне не паверыла ў іх шчыра. А ён увесь гэты час — пакутаваў сапраўды».

П'ер абмякнуў і глыбока ўздыхнуў. Але зрэнкі ў яго былі яшчэ расшыраныя, ён увесь быў мокры ад поту.

— Бачыла? — спытаў ён.

— Я не магу іх бачыць.

— Тым лепш для цябе: яны б цябе напалохалі. Мне што, — сказаў ён, — я прывычны.

Рукі ў Евы яшчэ дрыжалі, у галаве пульсавала кроў. П'ер выняў цыгарэту. Але не запаліў.

— Мне ўсё роўна, калі я іх бачу, — сказаў ён, — але я не хачу, каб яны да мяне дакраналіся, я баюся, каб мне не перадалося іх скулле.

Ён падумаў хвіліну і спытаў:

— Ты іх хоць чула?

— Чула, — сказала Ева, — гудуць, як матор у самалёта. (У мінулую нядзелю П'ер сам гэта апісваў.)

П'ер усміхнуўся крыху паблажліва.

— Ну, ты перабольшваеш, — сказаў ён. Твар у яго быў па-ранейшаму бледны. Ён зірнуў на Евіны рукі. — Ды ў цябе рукі дрыжаць. Бедная мая Агата, як цябе гэта ўразіла. Але цяпер няма чаго хвалявацца: да заўтрага яны болей не прыйдуць.

Ева не магла гаварыць, у яе клацалі зубы, і яна баялася, каб гэтага не заўважыў П'ер. П'ер доўга яе разглядаў.

— Ты проста чорт ведае якая прыгожая, — сказаў ён, ківаючы галавой. — Шкада, вельмі шкада.

Ён хутка выпрастаў руку і мякка крануў яе за вуха.

— Мой чароўны дэман! Ты мяне крыху бянтэжыш, ты занадта прыгожая, і гэта адцягвае маю ўвагу: я не магу засяродзіцца. Нічога б яшчэ, каб не трэба было рэзюмавання...

Ён змоўк і здзіўлена зірнуў на Еву:

— Я не гэтае слова... Яно прыйшло... яно прыйшло, — сказаў ён з няпэўнай усмешкай. — На языку было зусім іншае... а гэтае... заняло яго месца. Не памятаю ўжо, што я хацеў сказаць.

Ён хвіліну падумаў і трасянуў галавой.

— Добра, — сказаў ён, — трэба паспаць, — і дадаў дзіцячым голасам: — Ведаеш, Агата, я стаміўся. У мяне ўжо ўсё блытаецца ў думках.

Ён кінуў цыгарэту і ўтаропіўся ў дыван з занепакоеным выглядам. Ева падсунула яму падушку.

— Можаш таксама паспаць, — сказаў П'ер і заплюшчыў вочы, — яны болей не прыйдуць.

 

«РЭЗЮМАВАННЕ». П'ер спаў з застылай на твары ціхамірнай усмешкай; галава ў яго нізка схілілася, і здавалася, што яму хочацца пацерціся шчакой аб плячо. Еве спаць не хацелася, яна думала: «Рэзюмаванне...» Твар у П'ера раптам зрабіўся дурны, і слова, доўгае і бясколернае, само выкацілася з рота. П'ер зірнуў перад сабой здзіўлена, нібы ўбачыў гэтае слова і не пазнаў; рот у яго быў млява разяўлены; нешта нібы надламалася ў ім. «Ён стрызніў. Гэта здарылася з ім упершыню; зрэшты, ён і сам заўважыў. Ён жа сказаў, што ў яго ўсё зблыталася ў думках». П'ер ціха, салодка застагнаў і плаўна махнўў рукой. Ева зірнула на яго цяжкім поглядам. «Які ён цяпер прачнецца!» Гэтая думка не давала ёй спакою. Кожны раз, калі П'ер засынаў, яна толькі пра гэта і думала, яна не магла сябе перасіліць. Ева ўвесь час баялася, каб ён не прачнуўся з мутнымі вачыма і не пачаў раптам трызніць. «Якая ж я дурніца, — падумала яна, — гэта ж павінна пачацца не раней як праз год. Франшо сам так казаў». Але трывога не пакідала яе; праз год: зіма, вясна, лета, пачатак яшча адной восені. Аднойчы твар у яго перакрывіцца, сківіца адвісне, і ён адно паўрасплюшчыць слязлівыя вочы. Ева схілілася да П'еравай рукі і прыпала да яе вуснамі: «Я заб'ю цябе раней».



Пераклад: Зьміцер Колас
Крыніца: Jean-Paul Sartre. Le mur. — Paris: Gallimard, 1982.