epub
 
Падключыць
слоўнікі

Зіновій Прыгодзіч

Грошы

Аркадзь сустрэў мяне радасна, шумна:

- Го-го-го, сусед! Колькі зім, колькі летаў! Здароў, здароў...

Ён падышоў бліжэй і, пільна аглядаючы мяне з галавы да ног, паляпаў па плечуку.

- А ты, брат, змяніўся. Сустрэў бы дзе ў горадзе - не пазнаў. Чуў я, ты ў Менску вучышся ў інстытуце. Ну, ну, давай цісні. Можа, у вучоныя праб'ешся.

- Кінь ты, Аркадзь, - махнуў я рукою, адчуваючы, што чырванею. - Не так гэта лёгка. Раскажы лепш, як ты жывеш, дзе працуеш. Як-ніяк, пяць гадоў не бачыліся.

- Ну пра гэта пасля. А цяпер давай прысаджвайся да стала. Прыезд трэба замачыць!

Я паспрабаваў быў запярэчыць, што не трэба ніякіх пачастункаў, што зайшоў проста так, пабачыцца, пагаварыць, але Аркадзь рашуча перапыніў мяне:

- Толькі без размоў! Будзь мужчынам. А я зараз гукну старую, хай чаго-небудзь збярэ нам.

І Аркадзь, пстрыкнуўшы пальцамі па горлу і па-змоўніцку падміргнуўшы мне, выйшаў у сенцы.

Неўзабаве ўсё такая ж, колькі я помню, рухавая, панура-маўклівая цётка Зося, Аркадзева маці, ставіла перад намі міскі з агуркамі, шаткаванаю капустай, парэзаным на скрылі салам, патэльню з падсмажаным колцам свойскай каўбасы. Аркадзь дастаў з кішэні пляшку самагонкі, адаткнуў самаробны, з газеты корак, наліў мутнаватай вадкасці ў шклянкі.

- Ну, за прыезд - і твой, і мой!

- За сустрэчу.

Выпілі, закусілі. Я адразу адчуў, як у галаве закружылася - самагонка была моцная, гналі, відаць, для сябе. Ад другога заходу давялося адмовіцца. Аркадзь выпіў сам. Паставіў шклянку, выцер танклявымі пальцамі губы.

- А ты, значыць, не п'еш? Не навучыўся ці, можа, не хочаш са мною?

- Не крыўдуй, калі ласка. Ты ж ведаеш, які з мяне піток... Да таго ж адразу пасля сесіі...

Прыкметна пасалавелыя вочы Аркадзя глядзелі на мяне не то са здзіўленнем, не то з недаўменнем.

- Ну, ну... Маўчу.

Ён адвёў позірк убок, задумаўся. Доўгія, кашчавыя пальцы дробна заскакалі-забарабанілі па стале. У куточках губ прамільгнула насмешліва-скептычная ўсмешка.

- Маўчу, маўчу... - паўтарыў ён ціха і, залажыўшы рукі за галаву, адкінуўся назад, да сцяны.

Нейкі час невідушча глядзеў на мяне, як бы прыслухоўваючыся да нечага свайго, глыбіннага, а пасля рэзка наваліўся грудзьмі на стол, загаварыў горача, страсна, нібы працягваючы нейкую даўнюю, балючую спрэчку:

- Інстытуты, сесіі, шмесіі... Усё гэта, канечне, добра. Толькі скажу я табе, дарагі мой сусед, ніякія інстытуты, ніякія акадэміі не зробяць нікога чалавекам, калі ён не ўмее жыць. Разумееш, жы-ыць!.. Ты думаеш, я такі ўжо граматны ці проста шчасліўчык, што працую загадчыкам буйной базы? Чорта з два! З дыпломамі засыпаліся, не адзін па шапцы атрымаў, а я - працую. А чаму? Ды таму, што перш за ўсё трэба ўмець жыць.

Аркадзь зноў прыхінуўся да сцяны, глядзеў на мяне моўчкі, дапытліва. Маўчаў і я. «Пра якое ўменне ён гаворыць? З чаго б гэта?»

Рыпнула табурэтка. Аркадзь устаў, не спяшаючыся дастаў папяросу, закурыў. Глыбока, са смакам зацягнуўся.

- За гэтыя пяць гадоў, - загаварыў ён ужо больш спакойна, разважліва, - я шмат дзе пабываў, шмат чаго пабачыў. І скажу, дарагі мой сусед... - Аркадзь зрабіў паўзу, глыбакадумна павагаўся на насках сваіх мадэльных туфляў і прадоўжыў: - Скажу, што жыццё, брат, - складаная штука. Яно далёка не такое, як у тых кніжках, што ты чытаеш. Канечне, навука - справа карысная, я не адмаўляю. Але...

Тут Аркадзь паклаў мне на плячо руку і, нахіліўшыся, даверліва зазірнуў у вочы:

- Але скажы мне чэсна, хіба дыплом - гэта галоўнае ў жыцці?

Не разумеючы, да чаго ён хіліць, я няпэўна паціснуў плячыма.

- Вось то-та і яно! - па-свойму вытлумачыўшы маю няпэўнасць, зазначыў Аркадзь. - Галоўнае ў нашым жыцці - грошы. Так, так, не крывіся: гро-шы-ы!.. Яны - і мой дабрабыт, і мой гонар, і мая свабода. А гэта што значыць? А гэта значыць, што я павінен умець рабіць - не зарабляць, а менавіта рабіць! - грошы. Вось паглядзі на мяне...

Аркадзь нават ступіў крок назад, каб я мог лепш яго разглядзець.

- Вось гэтая сарочка, ты думаеш, колькі яна каштуе? Амаль сто даляраў! А гэтыя фірмовыя штаны? А туфлі? А замежны гадзіннік з залатым бранзалетам? І што, усё гэта я змог бы купіць на сваю зарплату? Чорта з два! Трэба, дарагі мой суседушка, умець круціцца, умець кумекаць... Жыццё, брат, - штука пасур'ёзней, чым любы твой экзамен. А яны думалі, калі выгналі Аркадзя са школы, дык Аркадзь прападзе. Як бачыш, не прапаў. І не я да дырэктара на паклон пайшоў, а ён да мяне.

Я запытальна паглядзеў на Аркадзя.

- Ты яшчэ не ведаеш? - ухмыльнуўся ён. - О, гэта цікава. Грузавік на двары бачыў? На ім я прыехаў сюды ў камандзіроўку. Ну, не зусім сюды, крыху далей - у Ганцавічы, там адна наша часць праводзіць вучэнні. Камандаванне дывізіі адправіла мяне... не буду гаварыць з чым, гэта не важна. Словам, я скарыстаў момант і ўкінуў у кузаў сотню-другую лістоў шыферу. Дэфіцыт! Ведаў, што тут у мяне яго за любую цану возьмуць. Але не думаў, што першым прыбяжыць наш Мікалай Сцяпанавіч. О, ты б толькі бачыў, як ён тут учора да мяне падлашчваўся - лістом слаўся. Я яму такую цану загарадзіў - у яго ажно вочы на лоб палезлі. «Пабойся Бога, кажа, не для сябе ж бяру - для школы». Забыўся, відаць, як ён мяне з гэтай самай школы выключаў. Ну ды ладна. Я крыўды на яго не трымаю. Добрыя людзі памаглі мне з атэстатам, усё ў парадку. І шыфер я, канечне, яму прадам, - ён зноў задаволена ўхмыльнуўся. - Але хай трохі пабегае, можа, зразумее, што ў гэтым жыцці галоўнае...

Зайшла ўстурбаваная цётка Зося, папрасіла Аркадзя памагчы загнаць кормніка назад у хлеў, а то, халера на яго, зламаў загарадку і носіцца як падсмалены па двары.

Я памкнуўся быў ісці разам з Аркадзем, але ён спыніў мяне:

- Пасядзі. Мы з вадзіцелем управімся самі. Я хутка.

«М-да... Аркадзь застаецца Аркадзем», - міжволі падумалася мне, калі я застаўся адзін.

Некалі, яшчэ ў дзяцінстве, ён, гады на тры старэйшы і намнога хітрэйшы, падбіў нас, суседскіх падлеткаў, гуляць у краму. Паставіў перад намі пляшку са звычайнай, калодзежнай вадой, але падфарбаванай вішнямі, і аб'явіў:

- Гэта - морс. І ў Амерыцы такога не знойдзеце. Налятайце, пакуль не разабралі!

Глядзім мы на пляшку і аблізваемся. А ён падахвочвае:

- Ну, хто першы? Нядорага: яйка - шклянка морсу.

У тое лета я не раз чуў, як суседкі скардзіліся адна адной, што куры чамусьці раптам перасталі несціся. І толькі наш «прадавец» хадзіў задаволены: штодня еў смачныя цукеркі, курыў дарагія папяросы.

У дзевятым класе за пастаянныя двойкі Аркадзя выключылі са школы, і ён вымушаны быў пайсці ў калгас. Знайшоў падыход да брыгадзіра, пастаўляючы яму самагонку, і той пасылаў хлопца на работу толькі з канём. Прычым туды, дзе можна было пагрэць рукі. Амаль кожны вечар, пасля работы, Аркадзь заязджаў у двор і скідваў то нейкія мяшкі, то дошкі, то сена.

Аднойчы, як зараз помніцца, Аркадзь вёз дадому дровы. Нагрузіў звыш меры. Бедны конік ажно клаўся ў аглоблях, цягнучы па пясчанай дарозе непасільна цяжкі воз. У дзвярах конь спатыкнуўся і ўпаў на пярэднія ногі. Мацюкаючыся, Аркадзь пачаў лупцаваць яго пугай - па спіне, па галаве. Конь адчайна тузануўся, падняўся, але скрануць воз з месца ўжо не было сілы, і ён адно толькі паволі, самотна махаў галавою. А ў яго вялікіх, разумных вачах блішчэлі слёзы...

- Парадак! - паціраючы рукі, зайшоў у хату Аркадзь. - Ну што, яшчэ па чарцы?

Мне раптам падалося, што ў хаце невыцерпна душна, няма чым дыхаць.

- Галава нешта забалела, - падняўся я з-за стала. - Пайду хіба дадому.

І, не падаючы Аркадзю рукі, пайшоў да дзвярэй. На дварэ выпраміўся, удыхнуў на поўныя грудзі свежага паветра.

...Недзе пад восень, калі я ўжо зноў быў у Менску, прыйшло пісьмо з дому. Сястра пісала, што наша суседка цётка Зося прала на рэчцы бялізну і моцна застудзілася. Цяпер ляжыць у бальніцы пры смерці. Давалі тэлеграму Аркадзю. Ад яго прыйшоў кароткі адказ: «Прыехаць не магу. Надзвычайныя абставіны». Але ў вёсцы ўсе баялі - пашкадаваў грошай.




Беларуская Палічка: http://knihi.com