epub
 
падключыць
слоўнікі

Зіновій Прыгодзіч

Стрэл на змярканні

Малым, амаль адзічэлым яго злавіў недзе ў лесе Кандрат Лантух.

Шчанё было хілае, нязграбнае. Вялікая аблавухая галава, перахлябісты, ледзь не прысохлы да хрыбетніка жывот ды рыжая аблезлая поўсць, з-пад якой выпіралі адны косці.

Знясіленае - мусіць, не адзін ужо дзень бадзялася без прытулку, - яно ледзьве трымалася на нагах. Толькі вочы - глыбокія, сінія - гарэлі пранізлівым, злым агнём.

Дадому Кандрат прывёў яго на папружцы. Маўклівае, бездапаможнае, яно пакорна плялося ззаду. На двары гаспадар развязаў павадок і ткнуў шчанё нагою ў бок:

- Ну ж, халера!..

Шчанё самотна і баязліва прыціснулася да плота. І толькі пачуўшы пах ежы, ажывілася, падышло да вялізнага свінячага карыта, якое стаяла пасярод двара, прагна пачало вылізваць рэшткі мяшанкі.

Жонка, сухая, маршчыністая, як і Кандрат, кабеціна, убачыўшы шчанё, забубніла ў нос:

- Прысунуў... здыхоцце нейкае. На якую яно табе халеру? Каб што хоць людскае, а то? Нехта разумны выкінуў, дык ён...

- Сціхні ты! - хмура абарваў яе Кандрат і, памаўчаўшы, дабавіў: - Знойдзецца яму работа. Не памяшае на двары. А шчанё пароды неблагой.

Лантух не памыліўся ў сваіх прыкметах. Ужо праз паўгода нязграбнае, змардаванае шчанё ператварылася ў рослага, здаровага, з густой калматай поўсцю сабаку. Штодзённая муштра, цяжкі, пакутлівы ланцуг, на якім яго трымалі дзень і ноч, яшчэ больш развілі ў ім прыродную злосць.

Сабака стаў зверам. Ашчэрыўшы пашчу, са сківіц якой сцякала пена, ён ірваўся да кожнага, хто заходзіў на двор, і не супакойваўся, пакуль гаспадар уладарна не прыкрыкваў на яго:

- Рэкс! У будку!

Суседзі, якія і раней рэдка заходзілі да Лантухаў, цяпер іх двор пачалі абмінаць зусім.

Пад восень сабаку прывязвалі ў садку. Вялізныя, нібы жоўтыя гладышыкі, смачныя грушы і пахучыя ружовабокія яблыкі пачыналі прывабліваць вясковых падлеткаў. Цэлым роем віліся яны, ледзь толькі цямнела, вакол высокіх Кандратавых платоў.

Раней гэта дастаўляла Лантуху нямала клопату. Як ужо ні стараўся ён пільнаваць свой садок - начэй недасыпаў, стрэльбай, зараджанай соллю, палохаў, - усё роўна праклятыя падшыванцы ўмудраліся, з-пад рукі, можна сказаць, цягнуць яго «жывую капейку». Раніцай, тупаючы вакол аблатошанай яблыні альбо грушы, яму толькі прыходзілася са злосцю сплёўваць:

- Каб вас парвала ўжо, плойма ненажэрная!..

Цяпер гаспадар мог не трывожыцца. Ні адзін, нават самы адчайны «садоўнік», не адважваўся пералезці Кандратаў плот, за якім, бразгаючы ланцугом, кідаўся азвярэлы Рэкс. Некаторыя, праўда, паспрабавалі былі напачатку, але рызыка не апраўдалася: назад смельчакі вярнуліся з разарванымі калашынамі і пакусанымі лыткамі.

Лантух быў задаволены. Нарэшце-такі трапілася яму тое, чаго так доўга хацелася. Ёсць і ў яго неблагі сабака. На людзях жа, калі часам пыталіся, навошта ён трымае такого звяругу, хмура адказваў:

- Сабака як сабака. Дзела сваё знае.

Аднойчы, як звычайна, на досвітку, Кандрат прачнуўся і выйшаў на двор. Прывычка ўставаць да ўсходу сонца засталася ў яго яшчэ з тых даўніх дакалгасных часоў, калі трэба было да снедання паспець пакарміць і напаіць сваю шматлікую жывёлу.

Касалапа валюхаючы, ён патупаў каля хаты, падабраў на сцежцы некім надкушаны яблык, заглянуў у хлеў, зноў прайшоўся па двары і адчуў, што сёння тут чагосьці не хапае.

«Рэкс, - здагадаўся Кандрат і нахмурыўся. - Ляжыць недзе, ваўкарэзіна».

Але ў будцы сабакі не было. Не было яго і ў садку. На канцы дроту самотна звісаў ланцуг, а побач з ім на траве валяўся разарваны ашыйнік.

Жонка, калі ён сказаў аб прапажы, загугнела:

- Я так і знала. Выгадаваў заразу. Толькі харчу дарэмна колькі зглумілі. Свінню можна было б укарміць... Казала ж табе...

- Казала, казала... - агрызнуўся Кандрат. - Нідзе не задавіцца, прыйдзе.

Рэкс вярнуўся на трэці дзень. Прыціхлы і самотны, ён ляжаў каля будкі. Густая рыжая поўсць была пашкуматана, акрываўлена і ссохлася ў кавалкі. Разарваныя вушы віселі крывавымі шматкамі. Заплюшчанае правае вока моцна апухла. Левае было шырока, ненатуральна адкрыта, і сінь, у глыбіні якой раней палаў агонь, памутнела, сачылася слязою.

Кандрат доўга і хмура стаяў над сабакам. Аб нечым думаў.

За вячэраю жонка спытала:

- Што ты з ім будзеш рабіць?

Ён прамаўчаў. Уткнуўся ў міску, старанна жаваў капусту.

Яна адказала сабе сама:

- А тое й рабіць!.. Які з яго толк цяпер? Паўгода лячыць давядзецца...

Кандрат моўчкі даеў капусту, выцер тоўстыя губы рукавом і нетаропка ўстаў з-за стала. Скруціў тоўстую самакрутку, пыхнуў сівым дымам і, зняўшы са сцяны стрэльбу, узяўся за клямку.

- Я зараз...

Праз колькі хвілін на гародах, спалохаўшы цішыню, бухнуў глухі, кароткі стрэл.


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая