Тут 2 праблемы:
1) адлюстраваньне кё;
2) захаваньне ненаціскнога о.
Відаць, варта пачаць з таго, што напісаньні Токё, Кёто вельмі дакладна адлюстроўваюць японскую вымову. Любое іншае напісаньне будзе толькі аддаляць нас ад японскае вымовы, у тым ліку і напісаньне, прынятае ў анг. мове, на аснове якога у рас. мове замацаваліся цяперашнія напісаньні Токио, Киото. Хоць у рас. мове поўна і напісаньняў праз кё, праўда, у іншых японскіх уласных назвах.
У рас. вікіпэдыі знаходзім:
То́кио (яп. 東京 То:кё:) http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D0%BE%D0%BA%D0%B8%D0%BE
Кио́то (яп. 京都市 Кё:то-си) http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%9A%D0%B8%D0%BE%D1%82%D0%BE
што ё адназначным прызнаньнем няправільнасьці традыцыйнага напісаньня і характару эвэнтуальнага правільнага.
Застаецца яшчэ праблема ненаціскнога -о. На гэты конт я выказваўся публічна: "Бруна, Віка, Карла – ён ці яна? Гендэрны аспект адаптацыі ненаціскнога фінальнага -о"
Цяпер аб практыцы “Белсату”. У навінных праграмах, а таксама ў подпісах мы мусім падаваць паводле Закону 2008: Токіа, але ён не пярэчыць напісаньню Токё, як існуюць напісаньні, Мальмё, Тамсё, Грудзёндз – зь ненаціскнымі ё.
Што да Kyoto, то паводле таго ж закону мусім пісаць: Кіёта (напісаньня Кіота ня можа быць у прынцыпе).
У адрозьненьне ад прагрмаў, у якіх мы мусім зьвяртацца да пісьмовае формы мовы, у перакладных фільмах выкарыстоўваецца амаль выключна вэрбальная форма, якая не настолькі адназначна кладзе мяжу паміж вымоваю “паводле Закону 2008” і “паводле праўды мовы-крыніцы”, а таму мы можам пайсьці за “праўдаю мовы-крыніцы”.