epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Ад кустарніцтва да мастацкай творчасці (Навейшы этап развіцця беларускай народнай мелодыі)

Два гады таму назад у Маскве стварылася Беларуская дзяржаўная тэатральная студыя. Студыйцы будуць служыць асновай навейшага беларускага тэатра. Найлепшыя тэатральныя сілы Масквы з'яўляюцца настаўнікамі студыі.

За гэты час зацікаўленасць маскоўскіх мастакоў нашым народным мастацтвам павялічылася ў некалькі разоў болей.

Маскоўскія кампазітары зацікавіліся беларускай народнай мелодыяй. Вынікам гэтага, як у нашай газеце ўжо не раз пісалася, злажылася ў Маскве Беларуская пяснёвая камісія. У склад Камісіі ўваходзяць найлепшыя сучасныя маскоўскія кампазітары, як, напрыклад: М. М. Іпалітаў-Іванаў, Я. В. Прохараў, А. А. Аленін, А. В. Нікольскі, С. Л. Талстой, П. М. Сініца, Я. С. Багаценка, П. В. Пятроў, Е. Н. Лебедзева, В. В. Пляханаў, Г. І. Любачаў, М. І. Аладаў, Е. М. Бройда (муз. гісторык з Петраграда), Н. А. Гарбузоў і іншыя.

Мэта Камісіі — лабараторна-даследчая праца, як перагляд сабраных беларускіх мелодый да гэтага часу рознымі этнографамі і аматарамі, пераацэнка гарманізаваных друкаваных зборнікаў, якія ўжо ўжываюцца беларускімі хорамі Тэраўскага і Равенскага, таксама збіранне новых мелодый, складанне новых зборнікаў і стварэнне мастацкіх беларускіх кампазіцый.

Цікава пры гэтым зрабіць маленькі агляд мінулага беларускай песні (мелодыі).

Яшчэ ў 40-х гадах мінулага веку беларускую мелодыю пачалі карыстаць розныя кампазітары нашага краю. Быў напісан нейкім кампазітарам твор з беларускіх мелодый пад назваю «Літоўская рапсодыя», другім кампазітарам была напісана «Дуда зачараваная» і г. д.

Ужо ў 50-х гадах польскі кампазітар Манюшка пісаў свае кампазіцыі ў большасці пад уплывам беларускіх мелодый. Такім чынам, Манюшка, дзякуючы беларускай народнай мелодыі, набыў для польскай музычнай скарбніцы багаты ўклад.

Беларусь дала таксама і расійцам знамянітага кампазітара Глінку.

Такі ўжо быў агульны лёс Беларусі: яна гадавала для расійцаў і палякаў вялікіх мастакоў у розных галінах мастацтва і культуры.

Этнаграфічнымі запісамі нашай песні займаліся вядомыя этнографы: Шэйн, Раманаў і іншыя. Зінаіда Радчанка, калі не памыляемся, у канцы мінулага сталецця выпусціла невялічкі зборнік беларускіх народных песень з Гомельшчыны.

Беларускія песні выпаўняліся яшчэ да адраджэння 1905 года рознымі расійскімі спявачкамі і хорамі.

З пачатку нашага адраджэння над беларускай мелодыяй пачалі працаваць Грыневіч, які ў кожнае лета раз’язджаў па беларускіх вёсках, запісваў беларускія песні, складаў з іх зборнікі; цяперашні польскі кампазітар Рагоўскі, які напісаў «Сюіту беларускую», музыку да верша Я. Купалы «А хто там ідзе?» і зборнік песень. Апрацоўваў беларускія мелодыі і літоўскі кампазітар Шымкус.

Усе гэтыя асобы кіравалі ў свой час беларускімі хорамі ў Вільні і Петраградзе.

Яшчэ шмат хто збіраў беларускія народныя песні (мелодыі).

Вось чытаем, напрыклад, заяву Мік. Мік. Чуркіна, прысланую старшыні Беларускай пяснёвай камісіі ў Маскве:

«З 1917 г. па 1915 г. кожнае лета я быў камандзірован б. Віленскім Геаграфічным таварыствам у паветы Віленскай губ. дзеля збірання народных песень (мелодый). За гэты час я сабраў мелодый каля 500. За кожную экскурсію я сабраныя песні і справаздачу аб паездцы прадстаўляў у памянёнае Таварыства, якое хавала песні ў Віленскім музеі — архіве старасветчыны. У часе эвакуацыі з прычыны вайны, архіва (здаецца, у Маскву) песні былі таксама забраны. Дзе знаходзяцца цяпер песні — мне невядома, але наглядчыкам музея ў момант эвакуацыі быў Змітры Іванавіч Даўгялла. Ён цяпер у Мінску і, пэўна, не адмовіцца даць паказанні аб тым, дзе знаходзяцца памянутыя песні. Прашу, калі гэта магчыма і карысна, прыняць крокі к вышуканню іх».

Мы застанавіліся над гэтым фактам дзеля таго, што 500 песень — гэта вялікі скарб для беларускай мелодыі. Гэтыя матэрыялы абавязкова трэба знайсці.

Магчыма, што такім чынам ляжаць яшчэ нявыкарыстанымі соткі такіх матэрыялаў у розных павуковых установах і ў прыватных асоб.

За час вайны развіццё беларускай народнай песні, як і беларускае культурнае адраджэнне наогул, спынілася.

Ад рэвалюцыі 1917 г. наша песня зноў пайшла ўверх. Зарганізаваўся хор Тэраўскага, які нажыў сабе славу ў Беларусі. Тэраўскі за час працы запісаў некалькі сот (здаецца, 500) мелодый, выдаў пару зборнікаў.

Збіраў у той час беларускія мелодыі і прафесар Усцюжанінаў, які жыў тады ў Мінску.

Злажыў зборнік беларускіх песень і прафесар Янчук у Маскве.

Пасля Тэраўскага ў Мінску працаваў над беларускай песняй яшчэ і гр. Равенскі, які таксама меў свой хор, збіраў народныя мелодыі ў Случчыне (болей 200 нумароў) і выпусціў невялічкі зборнік.

Вось у кароткіх словах гісторыя развіцця беларускай песні.

Дадзема тут цікавы погляд на беларускую песню старшыні Бел. пяснёвай камісіі ў Маскве Я. В. Прохарава, выказаны ім на пасяджэнні камісіі пры этнаграфічнай асацыяцыі «Гімн» у Маскве:

«Беларускай песні не пашанцавала, у той час калі яе родныя сёстры — велікаруская і ўкраінская песня — маюць аграмадную літаратуру і масу сабраных матэрыялаў і спецыяльных зборнікаў, беларуская песня бадай яшчэ зусім не выследавана, а якія ёсць аб ёй працы, у большасці далёкія ад грунтоўнасці. Праўда, ёю цікавіліся многія, але з прычыны малага ліку матэрыялаў у друку гэта зацікаўленасць у большасці выпадкаў таксама застаецца нездавальняючай.

Усе друкаваныя зборнікі беларускіх народных песень не могуць даць поўнага і яснага зразумення аб тым, што такое беларуская песня, бо аўтары іх або зусім не былі музыкантамі, або мелі аб музыцы і яе законах вельмі слабае паняцце.

Такім чынам, у гэтай галіне нас чакае вялікая і сложная праца па выясненню і ўстанаўленню асноўных тыпічных рысаў беларускай народнай песні.

Наша Беларуская пяснёвая камісія павінна перагледзець усе існуючыя аб гэтай справе погляды і думкі, усебакова іх разважыць, адны прыняць, другія адкінуць і падвясці ў канцы канцоў свайго роду аканчальны скутак».

З гэтага пункту Беларуская пяснёвая камісія і пачала сваю працу. Камісія пазнаёмілася з выпаўненнем беларускіх песень хору Тэраўскага і разглядае ўсе вышэйшыя да гэтага часу зборнікі беларускіх песень.

Разам з гэтым камісія прыступіла адразу да творчай працы. Ужо апрацоўваецца праект здаць у першую чаргу заказ на гарманізацыю 250 беларускіх песень. З гэтага ліку: 100 для школьнага зборніка, 75 для хору, 50 сола, дуэтаў і г. д. і 25 у пералажэнне на музыку.

Праца ўжо ідзе поўным тэмпам:

Я. В. Прохараў ужо закончыў гарманізацыю 55 песень.

А. А. Аленін згарманізаваў 15 песень;

М. М. Іпалітаў-Іванаў — 2 песні;

М. І. Аладаў напісаў чатыры музычныя творы да вершаў беларускіх песняроў.

Пры ўсім гэтым яшчэ робяцца новыя запісы беларускіх народных песень этнографа Сербава, украінскага кампазітара-этнографа Квітко ў паветах Чарнігаўшчыны. Таксама Народны Камітэт Асветы Беларусі мае на мэце наладзіць спецыяльную экспедыцыю, якая будзе збіраць народныя мелодыі па Беларусі.

Ужо апрацоўваецца план чарговых выданняў зборнікаў беларускіх песень. Да гэтых зборнікаў будуць дададзены артыкулы музычна-тэарэтычнага характару аб беларускай музыкальнай творчасці і стацці этнаграфічна-лінгвістычнага характару.

Беларускай пяснёвай камісіяй звернута таксама ўвага на беларускія музычныя інструменты. Галоўным чынам зацікавіліся цымбаламі. Мае быць зарганізаваны спецыяльны аркестр з цымбалаў і іншых беларускіх народных інструментаў.

Як відаць з усяго вышэйсказанага, Беларуская пяснёвая камісія з’яўляецца новай беларускай установай у Маскве. Гэта ўстанова, мы пэўны, дасць у недалёкай будучыні багатыя плады. Можна спадзявацца, што да першага выпуску студэнтаў Дзяржаўнай беларускай тэатральнай студыяй у Маскве мы будзем мець багата апрацованую беларускую песню і беларускую музыку. Гэта будзе багатым дадаткам да беларускага маладога тэатра.


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 418-422
Крыніца: скан