Дылі, дылі дудка
Саламяна будка,
А ў тэй будцы
Чэрці вядуцца.
(Народная)
Вёска Жаброўшчына ляжыць у адным з самых глухіх куткоў Беларусі. Гэта гняздо ўсіх жабракоў нашай ваколіцы. Тут вядзецца іхняя адукацыя і фабрыкуюцца жабракі для ўсяе ваколіцы. Здаўна жывуць яны тутака сваім асобным жыццём і больш нічым не займаюцца. «Што ж, і гэта праца!» — як яны самі кажуць. Хаткі ў Жаброўшчыне страшэнныя, падгніўшыя, крывыя, з сукаватымі падпоркамі і выглядаюць, быццам сівыя жабрачкі, абвешаныя старымі торбамі. Здаецца, «даіі! дай!» стогнуць яны ўсякаму рэдкаму падарожнаму.
— Дай! дай! — плача там вецер паміж сухастоек на пагорку. Само неба мае там колер мутнага бяльмістага вока сляпога жабрака.
Людзі там маюць іншы фасон, іншую фастацыю, чым усюды: розныя храмыя, крывыя, сляпыя, нямыя; калекі на ўсялякія лады, калекцыя розных калек, якія толькі могуць быць на свеце.
Кажуць, што большая частка іх нават родзіцца гэткімі. Кажуць, хто мае ў іх большае калецтва, той і фанабэрыцца гэтым і болей шчасліў бывае.
— Калецтва — наша саха і барана! — кажуць самі жаброўцы.
Дзяцей сваіх яны ў хаце, перад выхадам у свет, навучаюць, як жабраваць, якім голасам, якімі спосабамі, як жаліцца кемна, як выставіць іншым сваё калецтва. Некаторыя з іх робяць гэта з вялікім штукарствам.
Часам знаходзяць у Жаброўшчыне закапаны ў зямлі гладыш з грашамі — чартоўскім спосабам запрацаваны яны і чорту лысаму застаюцца.
Вось у Жаброўшчыпе вялікае свята: бязносая дурнаватая Магдуля выходзіць замуж за сляпога Сідаронка і парод разгульвае.
Дайшло да таго, што некаторыя кульгавыя выпрасталі ногі, некаторыя нямыя гаварыць пачалі; проста з панталыку збіліся. Скора кончылася гульня, і жыццё зноў пайшло сваім першым чарадом.
Жаброўцы зноў распусціліся, рассеяліся па вёсках, хто скокам, хто бокам; хто каго на каламажцы, як бязногага, павёз, хто са сляпым пацягнуўся — і жаласлівыя кабеты епкі і стогны пачулі.
— Дайце, родненькія! Дайце, даражэнькія! Дайце калеку галоднаму, халоднаму! Дайце! Дайце!
І даюць.
Кабеціна перажагнаецца і апошняе яйцо, якое трымала, каб мыла ў краме купіць за яго, аддае; дае ратай коўш жыта, потам крывавым запрацаваны, бо сабе ўсё роўна мала... «Гэтак трэба рабіць»,— думае ён, абціраючы слёзы...
Пусцілася дурнаватая Магдуля са сляпым Сідаронкам, дзед з бабай, разам — і якая шчаслівая пара гэта была! На плячах торбы чуць не трэскаліся — гэтак перапоўнены яны былі; анучкі з вузламі розных медзякоў, як вярыгі, абціснулі іх грудзі пад кашулямі.
Яны толькі абгаварвалі ды высмейвалі суседзяў сваіх: той кленчыць, быццам у трубу дзьмухае, а гэты смешна пацеры гаворыць; тая ажно лаецца, калі ёй не дадуць, а гэты зусім саромецца прасіць, асалапепь той!
І гэтак караталі яны вольныя ад «працы» хвіліны. Найболей смяяліся яны з аднарукага дзецюка Тодара. Малец мае гэткі талент і пайшоў у пастухі! Ці не мог ён, як бацькі яго, торбу надзець ды пайсці ў свет жабраваць?
— Золата назбіраў бы; вось дурань — у людзі выйсці не хоча...
Магдуля з Сідаронкам пачалі выклікаць зайздрасць у сваіх суседзяў: яны зрабіліся самымі найшчаслівейшымі ў Жаброўшчыне. Ніхто не мог так жаласна енчыць і пяяць Лазара, як Сідаронак; ніхто не мог так манточыць пад вокнамі ды прычытваць, як Магдуля. Самы найгоршы павінен быў даць ім што-колечы... Але «пе ўсягды, як на дзяды», бо шчасце — не палец, у рукі не возьмеш. Вырвалася яно ад іх на час.
Справа была вось якая: радзіла Магдуля дачку, і, здаецца, гэта яшчэ лепей, чым добра: будзе памочніца пад старасць. Але як глянула Магдуля першы раз на дачку сваю, дык абамлела на месцы; зірнула другі раз, абмацала яе, абнюхала з усіх бакоў, заламала рукі ды горка заплакала:
— А Езус! А божухна родненькі! Няшчасную дачку радзіла я на свет!.. Што мне рабіць з ёю? Ой, не вытрымаю!.. Якое вялікае гора для маці: ручкі цэлыя, ножкі цэлыя!..
Яна голасна прычытвала, перахіляючыся на сенніку над дачушкай, якая плюскалася ў начоўках, дзе бабка Марыся купала яе.
— Ніякага калецтва! — стагнала Магдуля.— Хай бы яна хоць у бацьку пайшла ды сляпой радзілася. А то з чаго яна будзе хлеб есці? А Езус, божухна родненькі!..
Пачалі яе суседзі ўцяшаць:
— Магда, годзе табе калатырыць. Ну, перастань. Яшчэ невядома, можа, яна глухая ці нямая. Гэта дрэнь, што вочы, як тыя гузікі тырчаць, а ручкі і ножкі здаровенькія! Эт, будзе яна хлеб зарабляць мо лепей ад нас ды яшчэ бацькам пад старасць паможа — годзе безгалоўе і дурнату нейкую плясці.
Магдуля не ўнімалася:
— Што ж, матчына сэрца не з жалеза! Нашаму брату, жабраку, калі не маеш напаказ калецтва нейкага, дык ніхто халоднай вады не дасць.
— О-ей,— пачалі зноў суседкі,— ёсць чаго шкадаваць! Яна і без жабрацтва карміцца будзе!
— Не! Не! Не! — ажно зачырванеўшыся, замахала рукамі Магдуля.— Не хачу ды не хачу! Хай жабруе, як бацькі і дзяды яе. Так якая-сякая праца не заўсёды-то людзям і патрэбна, а жабраваць заўсёды жабруюць!
Змоўклі кабеты, бо ў душы яны думалі, што яна праўду кажа. Пагутарылі яшчэ крыху і разышліся па хатах. Гэта было пад вечар. Сідаронак хоць і быў сляпы, але ў хаце сваёй добра ведаў кожны кут і куточак. Цяперака ён падаў вячэраць жонцы і, сам пад’еўшы, выйшаў на двор пагутарыць з суседзямі.
«Ат,— думаў ён,— дачушка мяне некалі будзе вадзіць па людзях і лагодненька!»
Аб тым, што яна будзе пасля яго смерці рабіць, ён і не падумаў.
У хаце асталася Магдуля з дачкой. Спярша стагнала яна, лежачы на сенніку, пасля паставіла вячэру на зэдаль і давай уздыхаць:
— Няшчасная! Няшчасная!
Праз маленькую брудную шыбіну часам відаць было, як па небе плылі хмары, шэрыя і разарваныя, быццам скуматы парванай торбы жабрацкай. Але скора неба крыху праяснілася, бо хмары пераплылі і залаты бліскучы месяц вынырнуў і глянуў у аконца, абсыпаючы ўсё ў хаце дыяментавым пылам... Цішыню перарывалі толькі глыбокія ўздохі Магдулі. Быццам непрытомная, устала яна з ложка, выняла з ануч дачку і давай зноў азіраць яе. Месяц асвячаў голае дзіцё, якое трапятала ручкамі і ножкамі на руках маці.
— Якія вялікія вочы! — шаптала Магдуля, пужліва пазіраючы ёй у вочы, якія ў праменнях месяца блішчэлі, быццам пара маладзенькіх пралесачак...
— Як глядзіць! Як глядзіць! — бурчала Магдуля.
Палажыла дачку на ложак і сама пайшла шарыць і шукаць па сценах.
— Чуць знайшла.
Яна трымала нешта бліскучае паміж пальцаў. Зноў узяла дачку на рукі і паднесла к свету да самага аконца.
Яшчэ болей заблішчалі вялікія вочы маленькай Магдулінай дачушкі. Здаецца, здзіўлена яны ўглядаліся на красу свайго першага вечара.
Але вось Магдуля пачала нешта ёй спрытна ў тварык саваць; дзіцянё пачало плакаць працяжным слабым галаском. Магдуля засаплася, панесла яго скора на ложак, кажучы:
— Ашчаслівіла цябе, дачушка мая, даражэнькая мая! Ашчаслівіла!
Яна асляпіла вочы дачкі іголкай…