epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Б’юцца ў адчыненыя дзверы

Маладыя празаікі. Іх цяпер шмат у нашых вёсках. Прысылаюць у рэдакцыю кароткія апавяданні, аповесці; дамагаюцца, каб як найхутчэй творы былі выдрукаваны; прыходзяць у рэдакцыю ды вядуць доўгія гутаркі аб літаратуры, аб тэндэнцыйнасці і нетэндэнцыйнасці, аб вольным мастацтве, аб новым быце, аб рэвалюцыйнай рамантыцы, аб імажынізме, аб сюжэтах.

Часта чуеш скаргі маладых пісьменнікаў аб тым, нібы няма сюжэтаў для апавяданняў. Справа ў тым, што кожны з гэтых пісьменнікаў шукае нейкіх зногшыбацельных сюжэтаў. Звычайны вясковы сюжэт нудна апісваць, няма дынамікі, нецікава.

Кожны з нашых маладых пісьменнікаў проста хварэе гэтымі пытаннямі. Для яго гэта пытанні жыцця і смерці, бо ён з поўным імпэтам маладосці рвецца да творчасці і не ведае, як яго выяўляць, як выкарыстоўваць.

Справа ў тым, што не толькі маладым, пачынаючым, цяжка вырашаць гэтыя пытанні — вельмі цяжка яны даюцца часта аўтарам з практычным пяром. Бо глядзяць на новы свет, на новую эпоху праз старыя акуляры.

Аб тэндэнцыйнасці і нетэндэнцыйнасці.

Шмат хто з аўтараў кажа, што ім тэндэнцыйнасць не падабаецца, што яны не могуць пісаць так, каб з кожнага радка, з кожнага слова тарчала агітацыя. Аб гэтай тэндэнцыйнасці яны наслухаліся ад старой інтэлігенцыі, ад прыхільнікаў так званага «вольнага» мастацтва.

У старой літаратуры яны тэндэнцыйнасці не бачаць. Але ці праўда, што ў старой літаратуры яе няма?

Не. Няпраўда.

Уся старая літаратура, як буржуазнае мастацтва наогул, пранікнута тэндэнцыяй і ідэалогіяй свайго класа. Нават тыя з пісьменнікаў, якія выходзілі з бедных людзей, пранікаліся буржуазнай ідэалогіяй, падрабляліся пад іх стыль, пад іх «утанчоныя» перажыванні і тварылі «свабоднае» мастацтва.

У гэтым-то і ўвесь сакрэт, што тады яўная тэндэнцыя не прыкмячалася, хаця яна тарчала з кожнага слова. Без тэндэнцыі мастацтва быць не можа. У праціўным выпадку гэта будзе нечым адарваным ад жыцця, вісячым паміж небам і зямлёй.

Чаму ў новым пісьменстве прыкмячаецца тэндэнцыйнасць?

Таму, што большасць з нас яшчэ не выйшлі за рубеж старой эпохі; таму, што старыя погляды нябачнымі мікробамі жывуць у нашым мозгу, у нашых пачуццях. Як мы ні стараемся адыходзіць ад іх, але гэта цяжка зрабіць. Цяжка ўчыніць над сабою такую ломку. А хто гэта пробуе — падобен таму, хто ўцякае ад свайго ўласнага ценю.

Такая ломка псіхікі можа быць толькі тады, калі нашыя мастакі не толькі павярхоўна перанясуцца ў новае жыццё, але калі яны сальюцца з масамі ў адно, калі іх сэрцы, іх пачуцці будуць адбіваць пачуцці працоўных. Такімі і былі старыя пісьменнікі, якія адбівалі ў сваіх творах настроі, погляды і пачуцці той сферы, той групы грамадства, сярод якіх яны жылі, з салонаў якіх яны чэрпалі сваю творчасць.

Той, хто хоча жыць, хто хоча шчыра прыносіць карысць сваёй творчасцю новай эпосе, будаўніцтву новага жыцця — павінен учыніць над сабою перараджэнне. Тады ўся справа аб тэндэнцыйнасці прападзе сама сабою.

Агітацыя.

Перад тым як малады аўтар бярэцца за пяро, ён павінен задаць сабе пытанні такога зместу:

— Для каго я пішу? Хто мяне будзе чытаць? Які вывад зробіць з майго апавядання рабочы і селянін? Якую карысць прынясу сваім творам новаму чырвонаму мастацтву?

Пасля таго як аўтар так запытаецца сябе самога, ён пачне свядома адносіцца да сваёй творчасці — і агітацыя выявіцца сама сабою, не робленая, не пракламацыйная, а натуральная, высунутая самім жыццём, яго новымі абставінамі. Шчыры твор сам сабою зробіцца найлепшым агітацыйным сродкам.

Вольнае мастацтва. Паміж іншым, некаторыя з аўтараў прысылалі нам артыкулы ў абарону вольнага мастацтва.

Дзе яно і што яно?

Ці можна называць вольным мастацтвам тыя чалавечыя індывідуальныя перажыванні, якія часам выліваюцца фантанам лірыкі на паперы? Дык зноў жа гэтыя перажыванні — прадукт акружаючай сферы людзей, якія робяць уплыў на яго настроі.

Ці можна называць вольным мастацтвам творы, адцягненыя ад жыцця, незразумелыя шырокім масам у стылі хоць бы таленавітага польскага пісьменніка Пшыбышэўскага? З такіх ёсць шмат ва ўсіх літаратурах. Гэта не вольнае мастацтва, а перажыванні неўрастэнікаў, псіхапатаў, уложаныя ў пекныя паэтычныя рамкі.

У сваім надзвычайна прыгожым творы «Апокрыф» Максім Багдановіч разглядае вельмі сур’ёзнае пытанне: жытнія каласы і васількі, практычнае жыццё і акружаючае яго хараство. Што з гэтых двух элементаў болей патрэбна чалавеку? Аўтар прыходзіць к вываду, што і адно і другое патрэбна.

Гэтак скажам і мы. Але прыносяць карысць гэтыя два элементы толькі тады, калі яны ў жыцці гарманічна сплецены паміж сабою.

Карысцен васілёк у жытнім полі, калі ён сваімі фарбамі цешыць вока жняі. Але абсейце поле селяніна аднымі, васількамі — ён ім радавацца не будзе.

Абсаджваюць клумбы кветак вакол сваіх палацаў багатыя людзі, якія маюць вельмі лёгкі хлеб, на якіх іншыя працуюць.

Такія ж людзі-бяздзельнікі і смакуюць так званае «вольнае» мастацтва. І вось гэтае вольнае мастацтва з’яўляецца характэрнай асаблівасцю буржуазнага класа.

Мы не кажам, што ў нас не павінна быць і няма цягаў да хараства, да любавання ім. Наадварот — у нас з'явілася вельмі шмат новых гарызонтаў красы, з’явіліся новыя яе высоты, новыя законы хараства. Мы бачым гэту прыгажосць там, дзе раней мы на яе не зварачвалі жаданай увагі. Мы бачым пекнату там, дзе раней мы тапталіся нагамі. Калі мы абхопім усю веліч нашай эпохі, найбагацейшую музыку барацьбы за лепшае жыццё вялікіх мільёнаў, рвенне да творчасці, да новага жыцця тых масаў, якіх сотнямі гадоў трымалі ў няволі, як жывёлін, тады толькі пабачым нікчэмнасць і мізэрнасць тых канонаў хараства, якія нам у спадчыну пакінула буржуазнае мастацтва.

Для нашых маладых пісьменнікаў няма болей удзячнай эпохі, як цяпер. Ва ўсіх праявінах новага быту горада і вёскі мы гэта бачым. Ва ўсіх формах тварэння новай беларускай культуры мы гэта чуем. Каб зразумець усё гэта, нам патрэбна толькі адно, каб мы не стаялі ў баку ад жыцця, а ішлі разам з масамі, каб нашы думкі былі яе думкамі, каб нашы сэрцы біліся ў такт з сэрцам масаў.

Масы, не чытаючы нас, высоўваюць выявіцеляў сваіх імкненняў ва ўсіх галінах мастацтва і культуры, ва ўсіх галінах будаўніцтва новага жыцця.

Зусім зразумелы вялікі ўзрост новых маладых пісьменнікаў нашых з новай беларускай вёскі. Але ім трэба даць добры напрамак, да іх трэба адносіцца вельмі ўважліва і шчыра, каб яны не засталіся зашчэмленымі паміж жалезнымі сценамі двух эпох.

Пісьменнік павінен даць у сваіх творах адбіццё эпохі — новы быт. Гэта — адна з першых задач сучаснага прыгожага слова.

Але як падыходзіць к апісанню новага быту? Як выкарыстоўваць яго?

Справа ў тым, што нашыя пісьменнікі, сыны беларускай вёскі, свае сюжэты бяруць звычайна з вясковага жыцця.

Хто кіне вока на нашу сучасную вёску, таму спачатку здаецца, што вёска жыве тым жыццём, якім жыла, прынамсі, дваццаць гадоў таму назад. Але гэта толькі павярхоўна. Калі глянуць глыбей, дык пабачым на кожным кроку вялікія перамены. Ужо не лічачы той устраскі, якую меў наш край у часе вайны, у часе бежанства і фронту, досыць паглядзець на нашу вёску з рэвалюцыі Кастрычніка па сягонняшні дзень. Тут ужо мы бачым гэту перамену не ў павярхоўнасці, а ў псіхіцы нашых сялян.

Селянін пачуў, зразумеў, што ён чалавек, што ён мае права на лепшае жыццё. Каб здабыць гэта лепшае жыццё, трэба змагацца. І вось у часы акупацый у нашым краі з гушчы сялян, з тых масаў, на якіх усе глядзелі як на цёмны элемент, паказаўся паўстанчы рух. Беларускія гушчы кішмя кішэлі партызанскімі атрадамі, якія змагаліся з панамі за лепшае жыццё бацькаўшчыны. Тут была прычынай не агітацыя збоку, але здаровы інстынкт селяніна.

Апрача фізічнай барацьбы наша сялянства змяніла свае погляды на ўсё акружаючае — моладзь сялянская выступае на барацьбу проціў бацькоў, проціў іх забабонасцяў. Моладзь ірвецца ў горад вучыцца. Побач з гэтым, на канве рэвалюцыйнасці, развіваецца нацыянальная самасвядомасць народных гушчаў.

У той час калі ў любой народнасці, дзе культура нацыянальная развівалася вякамі на пануючым дзяржаўным грунце, нацыянальны рух ніхто не лічыць вялікай справай, але ў нас, дзе да рэвалюцыі Кастрычніка нават слова «беларус» лічылася дзівосным, гэтае сучаснае развіццё нацыянальнай ідэі сярод мас трэба лічыць вялікай рэвалюцыйнай справай, народжанай пад чырвоным сцягам, пад бурай і полымем вялікай рэвалюцыі.

Вось ва ўсім гэтым і трэба бачыць нашу новую вёску. Хоць саламяныя стрэхі засталіся пакуль што тыя самыя, але пад гэтымі стрэхамі жывуць новыя людзі з новымі думкамі, з новымі імкненнямі.

Гэта і ёсць праявіны новага быту. Малады наш пісьменнік павінен прыкмячаць малейшыя светацені новага жыцця вёскі, каб тварыць з іх летапісы нашага прыгожага пісьменства.

У гэтым кірунку на фоне нашага новага Парнаса вызначаюцца два пісьменнікі: М. Зарэцкі і Кузьма Чорны (тут мы гаворым выключна аб празаіках). Праўда, апрача гэтых двух, у нас ёсць яшчэ шмат новых празаікаў. Але гэтыя два паспелі ўжо выявіць свой уласны твар, а не адбітак кагосьці.

М. Зарэцкі ў шэрагу апавяданняў за апошнія два гады даў цыкл малюнкаў рэвалюцыйнай рамантыкі, з сакавітым лірычным пад’ёмам. Яго творы чытаюцца з шчырай зацікаўленасцю, пакідаюць за сабою цэльны настрой як сваёй паэтычнасцю, таксама псіхалагічным падходам. Ён дае зарысоўкі новых людзей, якія ўжо зрабіліся ўладарамі эпохі, а побач з гэтым праходзіць у яго творах галерэя людзей, адыходзячых у нябыт.

Кузьма Чорны мае іншы жанр — новая вясковая штодзёншчына: вясковы сход, прадналог і іншыя нібыта нецікавыя з’явішчы вясковага жыцця — быццам мільгаюць у яго творах. На канве гэтага просценькімі ўзорамі праходзяць беларускія мужыкі — сарамлівыя, заікі, старычкі, хлопчыкі, бабы і г. д.

І сапраўды, не фокус паказваць вясковую моладзь — дзяцей рэвалюцыі ў новым жыцці, але цікава даваць малюнкі тых вясковых жыхароў, якіх, здаецца, рэвалюцыя мала кранула. Але як глыбока ў рэчаіснасці рэвалюцыя перарабіла вось гэтых закарузлых, забытых людзей! Якое ўражанне — глыбокае, поўнае — робіць на іх Дом селяніна ў горадзе, лектар, які гаворыць аб сельскай гаспадарцы! Стары селянін чуе, што ім цікавяцца як чалавекам, што ён роўны з усімі. І вось у яго псіхіцы пачынаецца пералом. Ён бачыць, што горад не толькі бярэ ў яго натурай, але і дае, шмат дае і багаты скарб — свядомасць.

Апрача гэтых двух новых празаікаў у нас яшчэ ёсць шмат маладых таленавітых пісьменнікаў. Але тыя яшчэ не зусім заўладалі пяром і б’юцца, як гэта кажуць, у адчыненыя дзверы: скардзяцца на тое, што не маюць сюжэтаў, у той час калі гэтых сюжэтаў многа на кожным кроку, нікім не выкарыстаных. Часам яны адкідаюць звычайныя жыццёвыя сюжэты і прыдумваюць нешта легендарнае, адарванае ад жыцця, або калі бяруць сучасных людзей, дык дадаюць ім несучасную псіхалогію. Напр., камсамолкі вядуць паміж сабой бяседу як старасвецкія інстытуткі, адна з камсамолак немаведама дзеля чаго канчае самагубствам і г. д.

Разумеецца, такія рэчы да друку не дапушчаны. Але тут цікава псіхалагічная падкладка аўтара, які стараецца даць нешта такое «дынамічнае», каб «цікава» было чытаць. Другі дае малюнак з пагранстражы, дзе чырвонаармеец абмалёван з сентыментальнай душой вядомай «Беднай Лізы». Трэці сыпе цэлыя аповесці прымітыўнай эратычнай лірыкі, дзе ўсе героі напамінаюць нейкіх аркадаўскіх пастушкоў. У чацвёртага — камуніст выклікае камуніста на дуэль за дзяўчыну. Няхай нас выбачаюць аўтары гэтых недрукаваных твораў. Нам прыходзіцца ілюстраваць такім чынам неправідловы падыход да апрацоўкі сюжэтаў сярод многіх з нашых маладых празаікаў.

Большасць з іх крычыць гвалту:

— Даеш сюжэт!

Стаяць яны па горла ў вадзе і просяць піць. Кожная вёска, кожны сельсавет мае шмат сваіх сюжэтаў. Толькі не трэба гнацца за жульвершчынай і пінкертонаўшчынай. Мы б раілі маладым пісьменнікам сачыць за дзеямі жывых людзей сваёй ваколіцы, весці дзённікі, запісваць цікавыя думкі гэтых людзей, запісваць іх развіццё, прыглядацца да ўсяго акружаючага, прыкмячаць усё дробнае на першы погляд, бо з драбніц складаецца вялікая будыніна нашага жыцця. А пасля з жывых матэрыялаў тварыць свае апавяданні.

А. Чэхаў не шукаў сюжэтаў для сваіх навел. Цэлымі жамчужнымі скрынямі ляжалі яны ў запасе ў яго мазгах. Ён не браў замыславатых сюжэтаў, а самыя звычайныя, простыя, улюбёна іх апрацоўваў, даваў самыя ледзьве прыкметныя ўхіленні чалавечай душы, самыя тонкія пераліванні чалавечых думак, музыку яго пачуццяў. І разам узятыя творы Чэхава адбіваюць суцэльна яго эпоху. Гэтым яны цікавыя і па сягонняшні дзень. Безумоўна, мы тут не хочам казаць, каб нашыя маладыя пісьменнікі пісалі па Чэхаву. Не. Кожны з іх павінен быць самім сабою. Але тут мы хочам паказаць, як трэба выкарыстоўваць сюжэты, як не трэба гнацца за надзвычайным, нежыццёвым.

Толькі само жыццё, толькі ў яго рамках трэба чэрпаць нашаму пісьменніку матэрыял для творчасці.

А наша сучаснасць у гэтым кірунку багатая як ніколі. Толькі трэба быць не з боку гэтай сучаснасці, а ў яе асяродку, тады яна дасць настрой і творчую сілу дзеля таго, каб пераліць яе на пергамін літаратуры.


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 436-442
Крыніца: скан