— Буслы прыляцелі! Відаць, ужо і сапраўды вясна,— казалі хомінцы,— во, прынамсі, павесялее ў нас!
Буслы былі — сям’я вапеннікаў, каторыя ўжо гадоў з дзесяць кожную вясну прыходзілі ў Хоміно на ўсё лета капаць вапну.
Выглядалі яны і праўда як буслы: высокія, даўганогія, здаровыя, як дубы тыя.
Бацька зваўся Міхайла. Сярэдніх гадоў, з калматымі валасамі, з доўгай, як варонне крыло, чорнай барадой; хадзіў у даўгаполай, падперазанай лыкам сярмязі, заўсёды з люлькай, быццам прыросшай да зубоў, і выглядаў нібы строгі старасвецкі патрыярх.
Старшы — гадоў пад дваццаць — сын яго Сёмка — здаровы, прыгожы, як кроў з малаком, стройны, як топаль, амаль не на галаву і бацьку перарос. Малодшы сын — Габрусь, хоць падростак яшчэ — гадоў трынаццаць, а і таго выгнала ўжо без меры ўгару; адна толькі жонка Міхайлы была невялічкай, як той грыбок, зморшчаная кабетка.
Буслы — людзі былі працавітыя, ды і жылі хоць не багата, але, відаць было, і не бедна.
Прыход Буслоў ажыўляў не толькі глухую вёску, а нават усю ваколіцу. Іх любілі: хлопцы і дзяўчаты, наймаючыся капаць вапну, мелі добрыя заработкі; хто меў каня — зарабляў фурманкамі, развозячы вапну, а да таго з Бусламі не страх было пайсці на кірмаш і загуляць: да бойкі ішлі яны адважна і ахвотна, як у танец, ды за сваіх стаялі гарой.
Вапенная гара была з вярсту ад вёскі; там — каля вапеннай печы — Буслы пабудавалі сабе шалаш і жылі ў ім да позняй восені.
Сёлета вапеннікі прыйшлі ў нядзелю, дык хомінская моладзь, маючы свабодны час, выбралася туды грамадой пагаманіць аб заработках на будучыню і распытацца, што на свеце чутно.
Здалёку — каля вапеннай печы — відаць быў ужо агонь, каторы вясёла бухаў угару. Хоць яшчэ было крыху марозна, але аджываючая рунь і блакітныя пралескі цешылі вока. Падышоўшы да вогнішча, каля каторага на тоўстай калодзе сядзеў Сёмка і выігрываў на ўсялякія тоны на гармоніцы, хлопцы і дзяўчаты шчыра і радасна віталіся і перакідваліся слоўцамі з госцем. З шалаша чутна была пісклівая лаянка Міхайлавай жонкі, а ён, як той мядзведзь, толькі час ад часу адгыркваўся: на тваю галаву! на тваю галаву, гадзіннік пракляты!
Гадзіннікам называў Міхайла сваю жонку дзеля таго, што яна акуратна тры разы ў дзень — аб адной і той самай пары — чы было за што, чы не — лаяла свайго мужа. Па часе лаянкі Міхайла ведаў, калі пара ісці на работу, калі палуднаваць, калі вячэраць.
— Каб ты ўгару глядзеў, ды сонца не бачыў! Каб твае вецер ногі калыхаў,— чытала дальш Міхайліха.
— На тваю галаву,— буркнуў Міхайла яшчэ раз і, смешна махаючы сваімі доўгімі рукамі, выйшаў з шалаша.
— Добры вечар, дабрадзеі мае! — гукнуў Міхайла ўсёй сабраўшайся грамадзе.— А ведаеце, браткі, гадзіннік мой стаў псавацца нешта: ахрыпла мая баба і нават лаяцца не можа ўжо па-людску; а бывала, такую музыку завядзе, ажно рэха коціцца. Старасць — не радасць. Ну, што чутно ў вас, дабрадзеі мае? — вітаючыся, спытаўся Міхайла.
— А што ў нас пачуеш? — адазваўся адзін.— Ад ліха ціха, а дабра не чуваць, казаў той.
— Дзякаваць богу, што хоць ад ліха ціха,— адказаў Міхайла, гладзячы бараду.— А як у вас сена? чы таксама па чатыры злоты пуд? — дапытваў Бусел.
— Было, але цяпер патаннела. Авечкі, свінні — цярэбяцца ўжо цэлы дзень на выгане, каней гэтаксама павыгналі на пашу, валоў толькі рабочых падкормліваць прыходзіцца сенам,— адказаў адзін.
Сёмка тым часам пазіраў на дзяўчат, каторыя шушукаліся ды хіхікалі.
— Зайграй што-колечы, Сёмка,— папрасіла адна з дзяўчат.
— Бач яе! чаго захацела! — адазваўся Сёмка, усміхаючыся, і быццам няўмысля ўпусціў гармонік на калені.
Вогнішча разгарэлася, стала ярчэй палаць, і яшчэ больш пацяплела. Каля агню круціліся малодшы брат Сёмкі і іхні калматы сабака Разбой.
— Зайграй, Сёмка, зайграй,— прычапілася тая самая дзяўчына.
— Лепш я табе нешта запяю і то на вушка, каб ніхто не пачуў,— адазваўся куртаты Тарас, знаны брахун, і, падсунуўшыся да дзяўчыны, ужо разінуўся, але ўсе дзяўчаты, як тыя гусі, накінуліся на Тараса і адпіхнулі яго.
— Вось сарокі гэтыя! Да іх і не прыступішся: адна за другую і вочы гатовы табе павыдзіраць,— паджартоўвываў Сёмка.
— Але ж! Лепей не чапаць ліха, пакуль спіць,— згадзіўся Тарас.
— Давайце, хлопцы, лепш гульню якую прыдумаем! — адазваўся адзін падростак.
— Мо дужацца?
— Дужацца! Дужацца! — падхапілі ўсе хлопцы.
— Э-э, лепш паскакалі б крыху,— адазвалася чорнавалосая дзеўка.
— Наскакалася хіба ты досыць за свой век — будзе з цябе,— укусіў Тарас.
Тым часам хлопцы ўжо выбралі раўнейшы пляц бліжэй к агню і пара за парай пачалі прабаваць сілы. Спачатку барацьба ішла спакойна, перакідваліся слоўцамі, жарткамі, але ўскорасці хлопцы разгарачыліся.
— Нагі не падстаўляй — гэта падвох! — крычаў адзін.
— А ты, Мікіцёнак, не кусайся, гад: тут не сабачыя табе гульні! — адазваўся другі.
Хлопцы сапелі і храпелі, як кавальскія мяхі. З некаторых чупрын ажно пара ішла. Адзін толькі Сёмка быў спакойны, як чалавек, каторы знае сваю вартасць. Перадужаў ён усіх, а на ім і знаку няма.
— Давайце ў пярэцяжкі,— крыкнуў адзін з сапуноў.
— У пярэцяжкі! У пярэцяжкі! — гукнулі ўсе.
Пярэцяжкі ладзяцца на гэткі манер: выбіраюць ёмкую палку, два хлопца садзяцца на зямлі — адзін проціў другога, выпрастовываюць ногі, кладуць палку паміж ног ды, упіраючыся ў яе падошвамі, пачынаюць рукамі цягнуць палку кожны ў свой бок, і, вядома,— дужэйшы перацягне.
Сёмка і тут усіх перацягнуў.
— Вось дуж! — з зайздрасцю казалі хлопцы.
Дзеўкі падкпівалі са сваіх хлопцаў.
Міхайла праз увесь час гульні стаяў здалёк і моўчкі любаваўся сваім сынам, але ўрэшце і ён не вытрываў і гэтаксама падсунуўся бліжэй. Відаць, і стары быў ласы на гэткія штукі.
— Ну, хто ж тут дужэйшы з вас, хлопцы? — спытаў Міхайла.
— Вядома хто: дзе ж нам раўняцца да твайго Сёмкі? Хлопец — як той дуб усё роўна.
— Вось як?! — здаволены ўсміхнуўся Міхайла.— Ну, мае дабрадзеі, а хто са мной — старыком — паспрабуе сілы?
Усе зірнулі на рослую фігуру гэтага мядзведзя, ды моўчкі адсунуліся ўбок.
— Дык вы — вось як? — уздзівіўся Міхайла.— А так хацелася б успомніць маладыя гады і старыя косці свае выпрастаць. Ну што ж зробіш: калі ганьбуеце вы, дык мо родны сын не паганьбуе. Сёмка! Давай, брат!
— Што ж, татка, давай,— спакойна адазваўся сын.
— Го-го-го! — зарагаталі ў адзін дух усе.— Вось калі бацька з сынам пацягаюцца,— і абступілі іх ўвокал.
Тым часам Міхайла з Сёмкам селі ў пярэцяжкі, але нічога не выйшла: ні той, ні другі не падаўся.
— Калі гэтак,— сказаў Міхайла, ужо разгарачаны,— дык давай, сынку, у дужкі.
— Давай,— адказаў Сёмка і скінуў жакетку.
Усе пачалі гэтак рагатаць, што ажно Разбой забрахаў; вылецела і Міхальчыха з шалаша паглядзець, што тут робіцца.
— Ой, ой, ой! — загаласіла яна.— Бацька з сынам! Стары — як малы. Звар’яцелі! А каб вы падушыліся.
Зважна, спакойна сышліся бацька з сынам.
— Толькі без хітрыкаў,— паважна сказаў Міхайла.
— Пэўна што без хітрыкаў,— адказаў Сёмка, адвярнуўшыся крыху тварам ад бацькавай барады.
І два веліканы абхапілі адзін другога сваімі жалезнымі рукамі.
Хлопцы падкінулі сучкоў на вогнішча, каб відней было.
А тым часам гэтыя асілкі, паднімаючы адзін другога, стараліся бразнуць праціўніка аб зямлю; але гэта не ўдавалася: ногі — быццам ураслі ў зямлю. Тады ўпёрліся грудзьмі гэтак цесна — як бы зрасліся разам і круціліся, быццам на таптаку.
— Во, во! Стары яго паваліць!
— Во, во! Ён ужо даецца!
— Не дай пудлу, Сёмка! — крычалі хлопцы.
А ў бацькі з сынам ажно косці хрусцелі. Наваліўшыся адзін на другога, яны, здавалася, жэбры хацелі б паламаць. Страшны нават былі цені, што побач варушыліся. Былі моманты, што яны, абшчэміўшыся, быццам застылі; быццам штосьці шэпталіся. Кожны, відаць, прыдумваў спрыт, рыхтаваўся — як зваліць адзін другога. Пот з твараў іх — цурком ішоў. Вочы дзіка гарэлі. Жылы — як вяроўкі пацягнуліся. Гледзячы на іх, усім зрабілася жудасна.
— Бач, што Буслы вырабляюць: бацька з сынам! — дзівіліся хлопцы.
А тыя Буслы, здавалася, задушыць хацелі адзін другога.
— Ды будзе ўжо вам, хрышчоныя! — адазваліся дзяўчаты.
— Г-э-э-э, г-э-э-э! — стагналі Буслы.
— Во! Во! — крыкнулі ўсе разам.
Міхайла прыгнуў Сёмку да зямлі. Той ужо чуць і рукі не распластаў; але вось ногі яго зноў, як сталёвыя спружыны, выпрасталіся, а сам ён падскочыў угару, быццам яго хто знізу гарачымі вуглямі падпёк. Як маланку спаліць — Сёмка абхапіў бацьку, прыціснуў да сябе, падняў яго ўгару і бразнуў з усёй сілы на зямлю.
Хлопцы і дзяўчаты змоўклі. Толькі вугальчыкі трашчалі на вогнішчы. Сёмка кінуўся да ляжачага бацькі, падняў яго і пацалаваў у руку. У вачах хлопца блішчэлі і радасць, і жаль. А стары Бусел, пагладзіўшы сына па калматай чупрыне, адазваўся:
— Не гневаюся, сынку, не гневаюся. Вам — моладзі — трэба церабіць сабе дарожку і сілай, і працай.