epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Чакайце сваіх...

Па сялібах і вёсках чакайце братоў, сыноў і бацькоў сваіх, што вернуцца з поля бітвы! Хай шнуры вашы будуць упарадкаваны на зіму як мае быць; хай запрацаванае дабро ваша будзе змалочана, у гаруды сабрана, як заўсёды; хай праца штодзённая ідзе сваім звычайным ладам, і вы, спадзяваючыся супакою, чакайце родных сваіх з поля бітвы! Абагрэйце, накарміце іх, пацешце прыхільнасцю шчырай раненых; аб тых не хапаючых, без крыжоў пахаваных, памаліцеся... І жыццё зноў пачне будоўлі свае будаваць.

Чакайце сваіх!

Ой, шмат чаго яны і вам прынясуць з сабою вартага і карыснага. Яны вам скажуць, што сіла — у злучэнні вялікім, у шчырасці, у адвазе і праваце сваёй...

Яны вам скажуць, што кожнаму народу трэба стаяць за сваё, толькі за сваё... І гэтым самым прыносіць ён карысці ўсім, паказваючы свае самабытныя творчасці, а не копіі — здымкі з чужога... Усе людзі на зямлі, ва ўсёй здабыванай дагэтуль культуры сваёй, стараліся кожны толькі сваё выказваць... Яны вам скажуць, гэтыя вашы ваякі, што хто галаву сваю хіляе, пужаючыся, той нявольнікам стане ў чужынца і будзе пыл ад яго ног выціраць. Яны вам скажуць, што трэба пужацца не жыцця ў смерці, а смерці ў жыцці... бо яшчэ больш небяспечна смерць духу; калі чалавек не можа стаяць за сваё «я»; калі ён, нібы губка, убірае, упіваецца толькі пабочным, а сваё, роднае, у яго расплываецца, гіне...

Чакайце сваіх!

І новае жыццё разверне ўшыр і ўвысь скрыдлы свае...


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 393-394
Крыніца: скан