epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Чараўнік

 

— На пяколку ў роднай хаце цяпер куды выгадней было б,— казаў свайму суседу стары Баханчук, злазячы з санак і з болем выціскаючы пальцамі правай рукі ледзяныя сасулькі з вусоў,— старыя костачкі мае ўжо досыць вымярзалі дагэтуль.

— О-ей-ей! Жыццё ты, жыццё! — застагнаў яму ў адказ сусед Тодар,— аддухі захацеў чалавек! Не-е-е, братачка, не трэба дармо жаваць хлеб на зямлі.

І суседзі пакурвалі люлькі. Па гасцінцы ўдаўжкі цягнуўся цэлы абоз фурманак, штук з пятнаццаць. Усё: і коні, і людзі, і санкі-кары, што былі прыгатоўлены для возкі калод з лесу да ракі, былі пакрыты белым налётам мяккага пухкага снегу. Навокал усё, як зачарованае, ляжала пад белай коўдрай: і даліны, і ўзгоркі, і лес; як бы нейкая белая казка, што вецер разнёс па ўсіх ваколіцах. Усё, як бы сумысля, прыціхла, каб прыслухоўвацца да лёгкага шолаху снегу, што плыве на заільдзянелых палях, да гуду глухой мяцеліцы, што часамі, як бы ўмарыўшыся, прыціхала, а пасля ізноў, яшчэ з большым імпэтам, пачынала сваю нудную манатонную музыку.

Дарога была завеяна, і вясковыя калматыя худыя конікі памалу выцягвалі ногі са снегу, сумна павесіўшы галовы ўніз. Ціха ішоў кожны гаспадар за сваімі карамі, якія былі напакаваны пухцерамі сена і мяшкамі аўса. У некаторых на санях нешта сядзела жывое, абхутанае ў дзіравыя кажухі і суконныя світкі. Гэта былі памочнікі-хлапчукі, якіх бацькі ўзялі з сабою на падмогу.

Ехалі сяляне на заработкі на колькі месяцаў. Іх наняў лясны купец. Ехаць прыйшлося колькі дзён да таго лесу, а надта ганяць конікаў яны шкадавалі, бо ведалі, што ім, жывёлам гаротным, яшчэ хопіць нацягацца цяжкіх калод праз усю зіму... Вазакі паміж сабою гутарылі мала, толькі часамі, калі хто выкрасаў агонь, то другія падыходзілі задыміць люльку ды падкпівалі пры гэтым з чыйго-небудзь каня, напрыклад: «Твой, Тодарка, лысы рысак як бы кульгае крыху» альбо: «Глядзі, акрутня зараз перарвецца».

І гэткім парадкам кожны варочаўся зноў да сваёй кары.

Стаяла ўвесь дзень сівая імгла. Часам снег сыпаўся часценькі, дробненькі, як з-пад рэшата мука ў добрай гаспадыні. Не відаць было, дзе канчаецца лес ці поле і дзе пачынаецца неба.

Часамі на момант снег пераставаў сыпаць зверху; тады ўсё: і абшар палёў, і лес, і неба, і фурманкі вызначаліся кожнае асобна, белае на белым, нібы фігуры на мармуры. Усюды ляжала таемная павага зімовай цішы...

І коні, і людзі цёплым дыханнем вытваралі цэлыя хмары белай пары і краталіся ўсё далей і далей... Гледзячы здалёку, здавалася, што яны так адвечна кратаюцца, не памятаючы пачатку дарогі і не спадзеючыся канца...

Болей усіх зухаваўся стары Баханчук. Нешта ў яго было не ўсё так, як трэба; то хадзіць за фурманкай было трудна, то лысы яго адсупоніцца, то нейкія думкі невясёлыя апануюць, то ў грудзях падпірала і ў вачах муцілася. Наогул сягоння было яму нешта не па сябе. Ён сеў нарэшце на сані, укапаўся ў сена на хвілінку задрамаць. Прыплюшчыў вочы, глядзеў на дугу, што як бы ў самае неба ўехала. Хутка мяцеліца пачала курыць у самыя вочы. Ён масціўся, масціўся, каб сесці як-колечы плячамі к ветру, але вецер, як сумысля, круціўся са ўсіх бакоў, пакуль Баханчук усё ж такі ўхітрыўся прытуліцца тварам да сена, раней атросшы з таго месца снег. Нарэшце ён трохі сагрэўся і задрамаў. У сне зрабілася яму цяжка, як бы хто душыў яго. Доўга марматаў сабе нешта пад нос, хацеў прачнуцца, ды не мог. Здаецца, каб хто пабудзіў яго цяпер, дык той бы вялікую ласку зрабіў; але вось коні павярнулі на пагорак, і ад штурхання ў аднэй ухабіне ён адразу прачнуўся. Хацеў падняцца і прайсціся, але слабасць абхапіла, галава кружылася, ён адкінуўся назад на санях. Пробваў другі раз падняцца і сам здзівіўся такой сваёй слабасці: у грудзях калола, галава гарэла.

— Нейкая немач напала... Тодар, а Тодар! — глухім голасам загаманіў Баханчук да суседа.

— А што?

— Нешта нядужыцца мне; галава, як шротам, напоўнена; унутры млосна, а такая слабасць прабірае, што ратуначку няма.

— Перамёрз, відаць, ці мо жонка перад выездам салам перакарміла.

— Не ведаю. Каб не саграшыць, я не шкадуючы пад’еў... Але і мароз, хоць ты лысых лічы!

— Кепска! — казаў Тодар.

— Кепска! — згадзіўся Баханчук.— Мо і палепшае, во і Млынцы недалёка. Там хіба заначуем.

— Выспішся ў цяпле — і як рукой адбярэ!

Тодар паведаміў іншых вазакоў. Падышлі да Бахапчука яшчэ некаторыя, і ўсе ў адзін голас казалі, што гэта глупства, а калі што якое, дык нічога не параіш! І паехалі.

Баханчуку не палягчэла.

На полі пачаліся змрокі. Але разам са змрокамі паказаўся агоньчык, а за ім цэлы рой аганькоў. Яны клікалі да сябе ў хату, да цёплага прыпечка, да стала — на гарачую вячэру... Запахла дымам і вёскай. Забрахалі сабакі. Людзі ўехалі ў вёску і спыніліся ў карчмара Юдаля. Управілі ўсе фурманкі ў вялікую стадолу, выпраглі коней, распарадкавалі, далі корму і, узяўшы кожны свой клумак, увайшлі ў хату. Баханчук сам увайсці не мог, дык яго прыйшлося пад рукі ўнясці. Перш-наперш далі яму выпіць чарку гарэлкі, ад чаго ўсё ж такі Баханчуку не палягчэла.

Людзі павячэралі, напаілі коней, далі ім аўса і ляглі спаць. Лёг і Баханчук. Назаўтра, раніцай, падняліся яны зноў у дарогу, а Баханчук ні з месца.

— Браточкі, родненькія, не паеду! — загаварыў ён.— Чую, што смертухна мая надыходзіць.

Думалі-думалі людзі, што тут рабіць, і дадумаліся пакінуць яго тут, у вёсцы, у аднэй беднай адзінокай кабеціны, Зосі, жыўшай на самым канцы вёскі. Зося згадзілася даглядаць Баханчука, але з гэткай умовай: калі ён выздаравее, то заплаціць ёй некалькі рублёў, а калі памрэ, то яна па-людску хаўтуры ўладзіць, а за працу сабе забярэ яго кажух. Каня і кары забраў з сабою яго сваяк.

Астаўся Баханчук у Зосі. Яна шчыра яго паіла зёлкамі. Стары ўсё слабеў ды слабеў, сумна пазіраў на цёмныя куткі ўбогай хаткі, абсыпанай вялікай гурбай снегу. Цяжка было яму на душы, што прыйшлося паміраць сярод чужых людзей. Цэлы тыдзень праляжаў так на валаску ад смерці, а на сёмы дзень пад вечар сканаў.

На хаўтуры, болей як пры жыцці, пачалі збірацца людзі, бо хаўтуры Зося ўладзіла не шкадуючы. Чалавек пакінуў некалькі рублёў, а япа была баба сумленная і шмат карыстаць не хацела. Пры нябожчыку на зэдліку гарэлі дзве свечкі, а побач на стале ладзіліся памінкі.

Янка-сталяр габляваў на тапчане сасновую дамавіну. Людзі сядзелі за сталом з набожнай мінай, пяялі песні, запівалі гарэлкай і закусвалі тым-сім, ізноў пяялі, выпівалі і закусвалі. Зося сядзела на пяколку, падпірала худую бараду касцістым кулаком і тужыла-бедавала над чалавечым жыццём, над немінучым людскім горам.

Доўга думала яна аб гэтым пад шапярлівы гуд галасоў сялян ды пад сумна-працяжную хаўтурную песню... Свечкі напоўнілі хатку бледным дрыжачым паўсвятлом. На закураных сценах цені людзей як бы распаўзаліся ад цеплаты, і ўсё гэта так вабіла да сну, што Зося, не спаўшы цэлы тыдзень, заплюшчыла вочы і задрамала. Усё ж яна не перастала час ад часу пазіраць на жоўты твар нябожчыка.

Але тут... Ці гэта яна спала, ці не спала? Здалося ёй, што нябожчык расплюснуў вочы ды глянуў на яе... Дрыжака прабрала... Спаць ужо ёй болей адхацелася... Ціха перажагналася і давай зноў глядзець на нябожчыка. Што гэта?! Ці ж можа быць! Нябожчык крануў рукой... У беднай кабеціны валасы дуба сталі на галаве. Сэрца так закалацілася, што дыханне сперлася і нехаця вырваўся з яе грудзей стогн...

— Што гэта? Зося, што ты тамака? — усхапіліся некаторыя з-за стала.

Чуць жывая Зося злезла з пяколка і шопатам расказала сялянам усё, што яна бачыла.

— Эт, глупства! Гэта табе здавалася; ужо да канца свету не кране ён ні рукой, ні нагой...

Пасмяяліся з яе і ўзяліся ізноў за сваё... Яна вярнулася на пяколак, не пакідаючы час ад часу пазіраць з апаскай у бок нябожчыка. Некаторыя з болей палахлівых каля стала таксама спотайку пачалі аглядацца па яго.

Не прайшло і дзесяці хвілін, і ўся хата як бы здрыганулася ад крыку. Некалькі людзей з імпэтам крыкнула: «а-ей». Некаторыя аслупянелі, некаторыя крычалі: «Ён аджыў! аджыў!» Усе бачылі, як нябожчык расплюснуў і заплюснуў вочы і крануў рукой. Здавацца ўсім не магло...

— Ён — чараўнік! Чараўнік! — як зарэзаны крыкнуў з вялікім страхам самы старшы, Грыгор, а Янка-сталяр ухапіўся за тапор, які тарчаў у сцяне.

— Прыкончым яго! Прыкончым! — крыкнулі ўсе і рынуліся да нябожчыка. Нябожчык падняўся з свайго месца і спрытна загасіў свечкі...

— Ратуйце! Ратуйце! — заравелі ўсе дзіка і, як непрытомныя, штурхаючы адзін аднаго, ледзь жывыя выбраліся з хаты і моцна запёрлі за сабой дзверы...

— Людзі добрыя,— пачаў маліць-прасіць нябожчык,— я жывы, не бойцеся, я вам нічога кепскага не зраблю!

— Чараўнік! Чараўнік!—крычалі ўсе на вуліцы, не слухаючы яго.

На крык зляцелася ўся вёска і давай раіцца, што тут рабіць. Хто казаў ехаць за папом, каб ён выгнаў «нячыстую сілу», хто раіў асінавай доўбняй забіць яго, а хто хацеў хату падпаліць з ім разам, каб і костачак яго не асталося.

— А браточкі мае, родненькія! — пачаў за дзвярамі енчыць «чараўнік»,— не пужайцеся мяне! Я гэтакі, як і вы, чалавек. Бойцеся губіць душу хрысціянскую!..

— Не слухайце, не слухайце яго! — крычалі з натоўпу,— гэта нячысцік шуры-муры свае разводзіць!..

«Чараўнік» пачаў барабаніць у дзверы, драпаць рукамі па дрэве...

- Пу-у- у-усьці-і-це! Што вы задумалі! Дурнота напала на вас!

Людзі і слухаць не хацелі.

Яшчэ з большым стараннем драпаўся за дзвярамі «чараўнік».

— Родненькія мае! Даражэнькія мае! Гэта ж я, такі чалавек, як і вы. Што вы ўва мне ўгледзілі? Хто на вас дур напусціў? Пашкадуйце сямейку маю...

— Брэшаш, дух паганы! Брэшаш! — крыкнуў хтосьці злосна.— Мы цябе не выпусцім!

— Я не памёр,— пачаў зноў «чараўнік», і голас яго хрыпеў ужо, як тупая піла.— Я ўсё чуў, што вы рабілі, толькі крануць не мог ні рукой, ні нагой, ні брывёй міргнуць, ні слоўца выгаварыць... Пашкадуйце! Душу чалавечую не губіце!..

— Хіцёр, ой хіцёр ты, вырадак пякельны!..

Шапярлівым голасам прыдушанага, ледзь жывы, яшчэ болей жаласна заенчыў «чараўнік».

— Ці ў вас жальбы ніякай нямашака? Што вы гэта сабе задумалі?.. Кроў людская ляжа на вас...

— Ну, досыць, досыць ужо, нячысцік, музыку сваю разводзіць...

За дзвярамі «чараўнік» яшчэ рухаўся і слаба стагнаў... Бабы плакалі. Сяляне не ведалі, што рабіць...

— Падпаліць хату трэба — і квіта!

Згадзіліся на гэта ўсе.

Зося бедная рукі заламала і пачала енчыць, што яна без кутка астанецца, што яе загубяць. Ніхто яе не слухаў. Раптам усе пачулі, як шыбіны бразнулі ў акне.

— Уцёк! Уцёк!

Людзі ўбачылі, як у адных панчохах і без кажуха пабег «чараўнік».

Ніхто і не думаў гнацца за ім: гэткага адважніка не знайшлося.

Месяц асвяціў белы абшар палёў. Снег заблішчаў дарагімі каменнямі... Здалёку ясна была відаць, як «чараўнік» даляцеў да лесу і хутка счэз у густым бары, у белым царстве шэрані і цішы...

І павялічыўся яшчэ болей страх у людзей...

— Во хто па начах будзе нас цяпер пужаць і мучыць!

Моўчкі, з асцярогай паглядаючы па баках, людзі пацягнуліся дамоў. Мяцеліца круціла ўсю ноч. Вецер выў у комінах на розныя галасы.

Назаўтра знайшлі «чараўніка» за борам на могілках, прытуленага да елкі, адубелага і цвёрдага, як кавалак лёду. Над яго трупам вецер выў з вялікай жальбай і скардзіўся на вясковую цемнату.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 105-111
Крыніца: скан