epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Чатырохступнёвая лесвіца (Нататкі аб Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры)

«На купалле».

«Машэка».

«Кастусь Каліноўскі».

«Мешчанін у шляхецтве».

Вось тая чатырохступнёвая лесвіца, створаная Беларускім тэатрам за апошнія тры гады.

А раней?

Раней,— ад першага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага ў Вільні да рэжысёрства Міровіча, — наш тэатр знаходзіўся на этнаграфічна-аматарскім узроўні.

Прычына?

Вядомая. Наша сцэнічнае мастацтва, поплеч з усёй беларускай культурай, пачало развівацца толькі тады, калі яно апынулася на беларуска-дзяржаўным грунце. Не будзь гэтага грунту — наш тэатр стаяў бы на ранейшым узроўні яшчэ 10, 50 і болей гадоў.

Першая ступень нашага новага тэатра пад сонцам Кастрычніка была «На купалле» — муз. драма М. Чарота (музыка Тэраўскага).

«На купалле» — адзін з яркіх феерверкаў беларускай міфалогіі, які акамуліруе ў сабе нашу лясную легенду аб старадаўнім богу-сонцы, атуленым залатымі кудзерцамі сакавітых народых абраднасцей, аздобленых спевамі і скокамі.

Часам чуеш, што «На купалле» не мае зместу, што ігра прымітыўная. Тут гэтыя ўвагі заганай служыць не могуць.

Чаму?

Тут, іменна, у простым народным лірызме, у штрыхавым прымітыве — і змест і хараство. Факт відавочны. «На купалле» ўжо каторы год не зыходзіць са сцэны і кожны раз падабаецца. Падабаецца патаму, што ў гэтай п’есе ёсць якраз глыбокі змест — мнагабарнасць душы нашага народа, якая крышталізавалася ў сваёй першабытнай юнацкай свежасці.

Другая ступень — «Машэка», сказ магілёўскіх лірнікаў, апрацаваны Міровічам. Легенда — напаўгістарычнага і напаўрамантычнага зместу, маючая сацыяльна-класавую падкладку, зноў жа аздаблёная народнымі абраднасцямі.

«Машэка», — безумоўна, — добра апрацаваная для сцэны рэч. Гэты прымітыў зроблены тут зноў жа інстынктам мастака, бо ён і тут на месцы.

Трэцяя ступень — «Кастусь Каліноўскі» (п'еса ў дзевяці абразках, Міровіча) узбудаваны на гістарычным факце часоў знамянітага царскага ката Мураўёва, усмірыцеля польскага паўстання мінулага веку. Каліноўскі — рэвалюцыянер-беларус, які зарганізаваў тады «Чырвоны жонд», пісаў да нашага сялянства адозвы на беларускай мове. Тут ужо багаты змест і, трэба сказаць, багатая ігра нашых сцэнічных працаўнікоў. Аб дэталях гаварыць тут не будзем.

Чацвёртая ступень — гэта мальераўская п'еса «Мешчанін у шляхецтве», пастаўленая Міровічам у новым стылі.

Мы чулі ад некаторых і нават было ў друку (газ. «Звязда»), што гэта п’еса хоць і прыгожа пастаўлена, але не мае зместу...

Ды якога лепшага зместу яшчэ трэба? Высмейваецца просты чалавек, які, узбагацеўшы, захацеў жыць на панскую манеру. Хоць гэта рэч напісана толькі сто гадоў таму назад, але міжвольна геніяльны аўтар у агульным скутку кпіць з паноў і з тых людзей, якія не хочуць жыць натуральным здаровым жыццём, а хочуць быць панамі. Такіх мяшчан у шляхецтве можна знайсці вельмі шмат хоць бы ў нашым сучасным жыцці.

Але тут справа не ў змесце. Справа ў тым, што беларускі тэатр у асобе Міровіча на чале пачаў шукаць новых формаў. Беларускі тэатр пачаў тварыць сваю ўласную школу.

Тэндэнцыя шукання ўжо з’яўляецца вялікім дасягненнем для нашага сцэнічнага мастацтва.

Міровіч, праўда, не Меерхольд, але чалавек з багатай тэатральнай эрудыцыяй, з тонкім пачуццём хараства і ў дадатак надзвычайна працаздольны. Увесь свой творчы талент ён аддаў адраджэнню беларускага тэатра.

Гэта ён болей усяго паказаў у ператворанай ім па-новаму мальераўскай п’есе. Тут чуецца прагрэс ва ўсім, як у ігры актораў таксама ў хоры, балеце і дэкарацыі. Ва ўсім гэтым відаць кіраўнічая мастацкая рука рэжысёра.

Пастаноўкай Мальера Беларускі тэатр паказаў сваю свежую гібкасць. Гэта з’яўляецца ўжо шырокім узлётам, які прарочыць нашаму тэатру багатую будучыню.

Задаткі к гэтаму наш тэатр паказаў першай сваёй чатырохступнёвай лесвіцай.

А гэта лесвіца, мы пэўны, узвысіцца да дзесяткаў і соткаў ступеняў.


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 425-427
Крыніца: скан