epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Чырвоная маска (П’еса ў 7 абразках А. Луначарскага. Нядзеля, 15 лютага. У Беларускім дзяржаўным тэатры)

Шуканне новага, новых формаў, новага зместу, новых настрояў, — вось імкненне Бел[арускага] дзярж[аўнага] тэатра. На гэта выкарыстоўваюцца ўсе здольнасці яго працаўнікоў, усе яго тэхнічныя магчымасці.

Шуканне — правільны шлях нашага тэатра. Разумеецца, у гэтым шуканні яшчэ не выпуклена новая беларуская тэатральная школа, але задаткі ў гэтым кірунку ёсць грунтоўныя, дасягненні безумоўна вялікія.

«Кастусь Каліноўскі», «Мешчанін у шляхецтве» і інш. у справе дасягненняў нашага тэатра — яркі доказ.

Кожны год працы нашага тэатра — буйны крок наперад. Кожны тэатральны сезон разгортвае перад намі вялікую старонку поспехаў. Тэндэнцыя шуканняў з кожным сезонам больш энергічна выяўляецца.

— Рэпертуарны голад! Дайце новых сцэнічных твораў! — гарачыцца перад кожным новым тэатральным сезонам рэжысёр Б[еларускага] дз[яржаўнага] тэатра т. Міровіч.

Гэты крык, разумеецца, застаецца крыкам у пустэчы, і т. Міровіч (гэта ўжо ўвайшло ў традыцыю) бярэцца кожны раз сам пісаць новую п’есу або выбірае што-колечы з расійскага рэпертуару і стараецца ўлажыць у перакладную п’есу сваю творчасць і творчасць усяго тэатральнага калектыву. Гэта заўсёды прыкметна.

Наш рэпертуарны голад даўся ў знакі і сёлета. Каго тут вінаваціць? Беларускіх пісьменнікаў? Думаем, што не. Справа ў тым, што абставіны жыцця беларускіх пісьменнікаў такія, што яны займаюцца, наогул, не па сваёй спецыяльнасці (не літаратурай), а ў сэнсе драматургіі, мы адважымся сказаць праўду, што яны і не спецыялісты. Калі нават у каго з нашых пісьменнікаў і ёсць сцэнічны нахіл, дык гэты нахіл не выкарыстоўваецца, бо нашы пісьменнікі замурованы ў сценах Мінска і не маюць магчымасці быць у курсе справы ўсіх новых сцэнічных дасягненняў сталіцы РСФСР, не маюць магчымасці адукавацца ў драматургіі.

Але што гаварыць аб рэпертуарным голадзе ў нас, калі ён адчуваецца і ва ўсім СССР.

Так, рэпертуарны голад нервуе, непакоіць пастаянна т. Міровіча і ўвесь калектыў працаўнікоў нашага тэатра, якім прыходзіцца дзеля гэтай прычыны ўмудрацца на розныя лады, каб кожны раз даваць нешта новае і свежае.

Для нашага малога тэатра гэта заданне вельмі цяжкае. У бягучым тэатральным годзе тэатр справіўся з гэтым заданнем, калі можна так казаць, на 50 прац. «Панскі гайдук» вялікага поспеху не меў. «Савецкі чорт» — агітка, якая падходзіць для якога-колечы мястэчка ці нават вёскі, толькі не для нашага тэатра, дзе публіка вымагае больш высокіх мастацкіх каштоўнасцей.

Цяпер падыдзем бліжэй да тэмы — да п’есы Луначарскага «Чырвоная маска» («Поджигатели»).

Па змесце «Чырвоная маска» — адзін з ненайлепшых твораў Луначарскага. Па сваім сюжэце п’еса не розніцца ад любой з навейшых кінап’ес. Пінкертонаўскія матывы, бравурны тон, крыклівасць, пустыя эфекты нічога не кажуць на карысць гэтага твора. Дыяна (галоўная гераіня п'есы), вядомая артыстка ў Седміградзе, сталіцы Белаславіі, а разам з гэтым палюбоўніца міністра замежных спраў Белаславіі — звычайная шансанетка. Праўда, яна дачка рабочага, але «каючайся Магдаленай» і «гераіняй» у рэвалюцыйнай справе яе лічыць нельга. Яна кабета, якая захопліваецца рознымі інтрыгамі, — а разам з гэтым і палітычнымі. Паставіць побач з ёю Рудаліку — вядомага палітычнага дзеяча-камуніста — нельга. Гэта зараз жа напамінае інтрыгі французскага двара, сюжэтамі якога перапоўнены былі кінатэатры яшчэ колькі гадоў таму назад.

Словам, п'еса напамінае сваім зместам і апрацоўкай лёгкі кінафельетон: змест павярхоўны, не захопліваючы. Пазнаёміліся з ім — і нічога ў галаве не застаецца, ніякога ўражання не робіць.

Як падышоў да п’есы наш тэатральны калектыў з Міровічам на чале? У якую форму апрануты твор у нашым тэатры?

У форму дэкарацыйнага канструктывізму, але ажывіць гэту п’есу кінаэфектамі нельга было дзеля браку тэхнікі.

Дэкарацыі напамінаюць палітычныя карыкатуры на старонках сталічных газет або малюнкі да фельетончыкаў у «Крокодиле»: яны зроблены густоўна і ўдала. Рухі персанажаў, вопраткі і ігра наогул таксама добра вытрыманы ў гэтым стылі. Вытрыманасць стылю трэба лічыць вялікім дасягненнем нашага тэатра. Перапоўнены публікай тэатр быў захоплены дэкарацыямі, ігрой артыстаў, а не зместам.

Гэта паказвае толькі надзвычайную старанную працу ў тэхнічнай галіне п’есы.

Настраёва і прыгожа выйшлі гукі фабрык у 2-й карціне, якія вабілі сваёй магутнай, гарманічнай, творчай сілай і як бы падказвалі фантазіі дамалёўваць поўны жывы абраз працы.

Падняў настрой публікі і ажывіў усю п’есу мітынг рабочых у 4 карціне. Тут рэжысёр як бы ўчыніў цікавы эксперымент калектыўнай сцэны, дзе ў ігры прымае ўдзел уся публіка. На некалькі хвілін увесь тэатр зрабіўся сцэнай. Артысты, — рассеяныя сярод публікі, з усіх куткоў тэатра, прымаючыя ўдзел у мітынгу, галасуючыя, выкрыкваючыя і «за» і «супраць» прамоўцаў, — захапілі і глядзельнікаў, якія парываліся таксама прыняць удзел. Здаецца, яшчэ некалькі хвілін — і ўся публіка пачала б разам з артыстамі іграць.

Гэты эксперымент яскрава паказвае вялікае значэнне такой калектыўнай сцэнічнай творчасці, дзе няма паасобна артыстаў і публікі, а ўсе іграюць, усе твораць...

Гэта, можа, маленькі намёк на калектыўную сцэнічную творчасць у будучыні? — цяжка сказаць, але яно — пекна, захопліваюча і настраёва. З гэтым інстынктыўна згодзіцца кожны, хто нават мала знаёмы з мастацтвам.

З такой удалай спробай трэба вітаць наш тэатр!

Але з другога боку — вобраз з мітынгам адцяніў толькі незахопленасць публікі іншымі абразамі п’есы, якія, нягледзячы на дынамічнасць ігры, у агульнай кампазіцыі выглядалі манатоннымі і статычнымі...

Такое ўражанне яшчэ павялічвалася тым, што антракты цягнуліся па 20—25 хвілін, а абразы — 5—10 хвілін, што выглядала, нібы на экране паказваюцца малюнкі з тэкстам-тлумачэннем да іх...

Публіка ўтамлялася доўгімі антрактамі, траціла сувязь у змесце, не захоплівалася — і воплескі былі больш чым скупыя...

Ігра артыстаў была наогул адшліфаваная, вытрыманая ў стылі, у механічнасці і ўмоўнасці, якая запатрабавалася ў гэтай п’есе.

Вельмі ўдалымі былі ў сваіх ролях Ржэцкая (Дыяна), Грыгоніс (барон Салавейка), Крыловіч (Рудаліка) і Ф. Ждановіч (Мсціслаў Рагін).

Дэкарацыямі і касцюмамі мастак О. Марыкс паказаў сваю таленавітасць, размах задумаў і добры густ.

Агульны стыль ігры — паказвае гібкасць і размах таленту т. Міровіча, які, спадзяемся, у выніку сваіх шуканняў дойдзе да самабытнай беларускай тэатральнай школы.


люты 1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 453-456
Крыніца: скан