epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Дэлегатка

Пара вачэй пільна ўглядалася ў печ. Гаспадыня зухавалася.

Вочы Аўгіні (так звалі гаспадыню) былі завяўшыся, з павуцінай зморшчынак вакол. Пламень з печы адбіваўся ў іх мутнаватым блескам, нібы ў затуманеным люстэрку.

Муць у вачах і павуціна вакол іх гаварылі, што Аўгіня ўжо доўгія-доўгія годы пазірае вось у гэту печ, стаіць так абаранкам скручаная і глядзіць-глядзіць на агонь, нібы бачыць у ім таямніцу жыцця свайго. Малінавыя кудзерцы агню расчэсваюцца залацістымі пальцамі, смяюцца пылаючыя вочы, з печы на Аўгіню гледзячы, і нібы кажуць без слоў:

— Навекі ты, Аўгіня, прыкута да нас, навекі.

Пуўх-пуўх-пуўх! — трашчыць загнет на гарачым гліняным подзе і смяецца-рагоча, абдаючы гаспадыню дымным жарам.

Варушыць Аўгіня вілачнікам гаршкі, чапялой патэльню совае да вуголляў і клапоціцца. Яна сур’ёзная, як той камандзір, які войска перакідвае з месца на месца, з фронту на фронт.

Твар гаспадыні асвечваецца агнём, зморшчыны на шчоках глыбеюць. І ўсё яе аблічча выглядае глінянай пасудзінай.

Кожны рух старой гаспадыні — руплівасць. Кожны яе паварот — заклапочанасць. Кожны ўзмах рукі — кемнасць, захапленне.

Пакаштуе Аўгіня страву з гаршка, па-майстэрску губы зморшчыць, і ўсе рухі яе на хвіліну застываюць — яна робіцца як бы з каменя.

Гэта яна ўважліва і крытычна прыслухоўваецца да смаку. Крутне галавой — значыць, яшчэ не ўсё ў парадку. Як той аптэкар, асцярожненька пусціць пару абцугоў — закарэлых пальцаў — у круглую бярэсціну, шчыпне некалькі драбінак солі і трусіць у страву. Так акуратненька сыпле, што ні пыліначка солі на бок не страсянецца.

Гэта яшчэ не ўсё. Гаспадыня выцягвае губы трубкай, бровы накасурыць на гаршчок і кемным вухам прыслухоўваецца да булькання вады ў гаршку. Нібы ў гаршку знаходзіцца ўсё яе жыццё, якое варыцца і кіпяціцца. Як нейкую музыку, гаспадыня любіць бульканне вады, прыслухоўваецца да малейшых перабояў і перазвонаў у гаршку і, паводлуг гутаркі стравы, угадае, у якую хвіліну яда будзе гатова.

Гаршкі — работа паміж іншым. У параўнанні з галоўнай работай гэта нават не работа, а так сабе — глупства.

Галоўнае — бліны.

Тут Аўгіня чуецца, як тая рыба ў вадзе.

Пякчы бліны Аўгіні надта прыемна, бо гэта рэч нялёгкая. А чым цяжэй, тым прыямней. Тут ад пачатку да канца патрабуецца вялікі спрыт, кемнасць і надзвычайная ўважлівасць, што выпрацоўваецца практыкай многіх гадоў. Гэту работу трэба ўмець. Аўгіня ўмее.

На шырокім жаўтаватым, патрэсканым тапчане ў начоўцы, нібы мёд ліпавы, залаціцца рошчына, ахопленая сеткай бурбалак-пузыркоў.

Аўгіня кідае на патэльню шматок сала, белага, як снег, з празрыста-ружовым адценкам колеру неба на заходзе сонца. Так падсмажыць, што і сала многа не выходзіць і блін не прыстае да патэльні. Сала распусціцца з лёгкім сквіргатаннем па дне патэльні, пакрые яе глянцам, нібы наваксаваны бот у франта. Пасля чабухне з вялікай дрыўлянай лыжкі рошчыны ў патэльню, пакруціць, паверне рукою патэльню ва ўсе бакі і — ж-жжух: расплываецца рошчына жоўтай паводкай, роўным круглым слоем.

Ад патэльні разыходзіцца густымі хвалямі смачны пах, які апетытна казытае ў носе, прыемна гладзіць горла і раскудзельваецца невідочным туманам па ўсіх кутках і шчылінах убогай хаткі.

Паставіць Аўгіня патэльню на под гарачы, воддаль ад агню, каб не прыпёкся блін, пакруціць да агню ўсімі краямі, потым спрытна пераверне блін на другі бок: блін робіцца пульхным, прымае ружовы колер, нібы круглы твар маладой дзяўчынкі.

У Аўгіні нават і першы блін комам не выходзіць.

Расце стопка бліноў на белым абрусе, засланым на зэдліку, падымаецца ўгору, як той стог на балоце. Соваецца ўверх бліновая байка, сытная казка смачнай яды.

Па блінах Аўгіня як бы чытае кнігу аднастайнага жыцця свайго, чытае моўчкі, нічога нікому не кажучы.

Усе дні тыдня Аўгіня з нецярплівасцю чакае нядзелі, каб займацца сваёй улюбёнай работай — пякчы бліны.

Дзяцей у Аўгіні няма — і першы пачастунак ад бліноў маюць кот і певень. Яны галоўныя ацэншчыкі яе таленту. Бярэ яна блін, рве папалам, і дзве палавінкі выходзяць роўненькія, нібы дно ад дайніцы, папалам разламанае. Кідае гаспадыня гэтыя палавінкі сваім гадунцам — кату і пеўню.

Кот есць спакойна, аблізваючыся, а певень хутка дзяўбе блін і робіць яго на рэшата. Аўгіня расчульваецца і... падлівае ім распушанага сала.

Глядзіць Аўгіня, як яны смакуюць бліны, і на яе твары ледзьве прыметна ўспыхвае ўсмешка. Не такая ўсмешка, як у большасці людзей, прыскаючая аганёчкамі і вабячая вясёлымі іскрамі — не.

Дзіўная ўсмешка ў Аўгіні — падобная да плачу. Твар нібы памылкова задумаў усцешыцца, але зараз жа папраўляецца, і ўсмешка пераходзіць у грымасу плачу, нават вочы туманяцца слязамі, толькі гукаў плачу не чуваць.

Твар Аўгіні мае на гэта пэўную прычыну: ён прывык штодня моршчыцца ад плачу, і іншы выгляд ён ужо прыняць не можа.

Прыйдзе Яўхім (муж Аўгіні) п’яны і зараз жа бярэцца біць жонку.

За што? Чаму?

Вось нешта скрабе сэрца, чэшуцца рукі — біцца самі лезуць. А як на чужых наступіш, дык яны,— дзіўная рэч,— як тая качарга, зараз жа назад на лоб Яўхіма наскочаць. Ён, хоць п’яны ўдрызг, а гэтага не любіць.

А жонку бі колькі ўлезе — ні словам не супярэчыць, бо такі закон сам поп ёй на лбе напісаў, каб слухалася мужа.

Аўгіня — маўклівая, пакорлівая істота — ні словам не супярэчыць. Яго рукі за жонку, каб пабіць, а яе рукі за хвартух, каб выціраць ціханька слёзы...

Гэтак адбываецца бадай штодня. Абодва да гэтага прывыклі. Гэта як бы запаўняе ўсё іх жыццё. Без гэтага — нудна.

Рэвалюцыя нібы абмінула іхнюю хатку. Вакол нешта шумела-мітусілася, а яны — як жылі, так і жывуць. Не надта што ўцяміш у тым, што робіцца вакол, калі Яўхіму трэба гойсаць па хутарах і засценках — самагонкі шукаць. Яго жонка ведае толькі хату, поле сваё і той блакітны блін неба, які вісіць над яе галавой. На парадкі ў хаце, на ўвесь нудны аднастайны быт жыцця свайго Аўгіня мае адзін адказ:

— Так трэба!

Жыццё Аўгіні было роўнымі шалямі, якія заўсёды стаялі на адным месцы і не зыбаліся ў бакі.

А вакол жыццё новае біла свежай крыніцай. Постаці людзей выпрасталіся. Вочы новым блескам гарэлі. У голасе адчувалася цвёрдасць, пэўнасць. У кожным руху відаць было, што ранейшы лапатнік адчувае сябе гаспадаром над сабою і над усім акружаючым. Кожны разумее вартасць, сэнс і радасць жыцця ў нейкім надзвычайным імпэце працы — працы не паасобку, дзе адзін на аднаго глядзяць, як на ваўка, а працы агульнай, дзе кожны з’яўляецца адным з вялікай кроўнай сям’і-грамады.

Нават акружаючае: хаты, поле і лес у сваім старым выглядзе набылі новы змест, тварылі новыя настроі. Вялікі бунтар-грамада сарвала с прыроды луску папоўскай і вядзьмарскай забабоннасці і страху. Усё апранулася ў сонечны блеск новых песень, новых разважанняў і новых учынкаў. Прастор вабіў зусім іншымі казкамі — гераічнымі казкамі барацьбы за лепшы лёс для людзей.

Па-іншаму шарэлі імшалыя скрыні вясковых будынкаў, па-іншаму звінела птушкамі даль палёў, па-іншаму ківаў цёмна-зялёным шаломам лес, бо людзі іншымі вачамі на ўсё пазіралі, палаючымі сэрцамі атулялі-спавівалі ўсё навакол.

Сяляне збіраліся на сходы, абгаворвалі розныя свае справы: гарачыліся, злаваліся, разважалі, сумавалі, радаваліся.

Новыя словы нейкімі невядомымі птушкамі мітусіліся вакол: арганізацыя, кааперацыя, выбары, узаемадапамога, трохполка, камсамол, хаты-чытальні, ліквідацыя непісьменнасці і г. д., і г. д.

Аўгіня чула гэтыя словы не на сходзе, дзе іх ясна тлумачылі, а з трэціх або чацвёртых вуснаў, дзе кожны па-свойму перарабляў гэтыя словы, калечыў іх, перакручваў — і словы ў вушах Аўгіні аддаваліся дзівоснымі незразумелымі водгаласкамі. Яны звінелі, як невідочны, але буйны град. Яны, словы гэтыя, блуталіся, як маток нітак. Кожнае з гэтых слоў Аўгіня прадстаўляла нейкай жывой істотай, надзвычайнай, невідочнай да гэтага часу. Аўгіня адчувала нават як бы асаблівы пах гэтых слоў: пах кажуха з махоркай, змешанае з потам. Гэтыя словы складваліся часам і ў рыфму, як «гарнізацыя» (арганізацыя), «капірацыя»; «лікадацыя» (ліквідацыя) і г. д. Гэтым яны яшчэ больш цікавы былі, набывалі таемную сілу, вабілі да сябе, як каляровыя пацеркі.

Вось як прабівалася рэвалюцыя ў сэрца Аўгіні праз той невідочны паркан, якім яна агарадзілася ад новага жыцця.

Але аднаго разу здарылася нешта такое, што ўзварухнула раўнавагу жыцця Аўгіні. Гэта было ў нядзелю, у дзень Аўгініных бліноў.

Яўхім быў учора на сялянскім сходзе мо ў першы раз за ўсе годы. Надзвычайны быў гэты сход: сяляне пастанавілі выдаць савецкай уладзе ўсіх самагоншчыкаў свайго сельсавета. Яўхіма гэта, што называецца, за жывое калупнула. Сягоння раніцай ён абегаў усю ваколіцу і ніводнай пляшкі сівухі не дастаў — баяліся даць.

Па скрыпе дзвярэй, па адрывістым шлёпанні лапцей па строга-адчайнаму выразу вачэй Яўхіма Аўгіня зразумела, што сягоння з яе мужыком нешта надзвычайнае чыніцца.

Жудасна ёй зрабілася ад таго, што Яўхім сягоння ўвайшоў у хату без п’яненькіх частушак-песень, без шорхання-хістання і гусінага перавальвання з боку на бок.

Неяк нязвычна...

Спачатку Яўхім сеў на лаву і дзікім зрокам уткнуўся ў падлогу. Потым ён падняўся, пабляднеў і давай, як воўк, бліскаць вачамі, намацваць імі ўсе куткі, нібы адчуваючы там нейкага страшнага ворага, схаванага пад старымі бэбахамі.

Потым Яўхім утаропіў вочы ў жонку, якая задрыжэла ад страху, як асінавы ліст.

У вачах і рухах селяніна было нешта такое пэўнае, рашучае і халодна-рэзкае, нібы раптам знайшоў таго, чаго ўсё жыццё сваё шукаў, нібы знайшоў свайго заядлага ворага, якога во зараз знішчыць...

Твар Яўхіма крывёй наліўся, на лбе, шыі выступілі жылы, нібы пляцёнкі кошыка: Яўхім пачаў біць вокны, пасуду, гаршкі, перавярнуў начоўкі з рошчынай і рабіў страшны садом у хаце.

Яўхім накінуўся на сваю жонку...

Аўгіня не рухалася з месца, разявіла рот, як бы паветра ёй не хапае, і вытарашчыла вочы...

Як на тлустага селядца, пасля ёмкай выпіўкі, Яўхім накінуўся на сваю жонку... Пачаў яе біць...

Біў яе як ніколі да гэтага часу. Валачыў па падлозе, ірваў за валасы, комкаў яе цела кулакамі з нейкім надзвычайным смакам, ажно пена выступіла на яго губах.

Гэты смак чуўся ў яго «г-г-ээ!», якое вырывалася хрыпла з яго грудзей пры кожным удары, нібы ў дрывасека, які рупна сякерай працуе.

Першы мо раз у сваім жыцці Аўгіня не вытрымала — падняла громкае галошанне-выццё.

Яўхім здзівіўся — ён не прывык да такога адказу на свае пастаянныя бойкі, і спыніўся раптам. Размяк і асеў.

У страшным выглядзе жонка вырвалася, выскачыла з хаты.

За ёю, як звыкла, пабеглі кот і певень, якія ніколі не разлучаліся з ёю.

З прычытаннямі і плачам ішла яна па вуліцы, ішла перавальваючыся з нагі на нагу, пакалечаная, вымазаная, у брудзе, у парваных вопратках.

Не заўважала, як на яе суседзі здзіўлена паглядалі, ківалі галовамі; не чула людскіх запытанняў: што? як? куды?

Сэрца Аўгіні кіпела, нібы вар у гаршку. Думкі разгортваліся, мо першы раз у жыцці, так моцна, так шырака, нібы тоўстая трубка кужалю, якая доўгімі гадамі ляжала на самым дне кубла, ляжала не выбеленая, вось толькі цяпер яе раскручваюць-раскладваюць на гумне пад сонцам.

Так Аўгіня ў думках сваіх разгортвала цяпер усё сваё жыццё. І першы раз ёй так крыўдна зрабілася на мужа, на сваю вечную пакорлівасць, на сваю цемнату...

Першы раз у жыцці яе вечнае «так трэба» змянілася на «так не трэба».

Аўгіня ішла ўсё шпарчэй і шпарчэй. У хаце за ўсе свае гады яна адвыкла думаць, была як нейкая нежывая рэч, прыстасаваная да печы, як вілачнік ці качарга, а тут, пры хадзьбе ў надзвычайным настроі, адчуваючы боль ва ўсім целе, думкі яе рваліся, нібы новы рой пчол з старога вулля, які шукае сабе новага месца.

Тут Аўгіня прыпомніла тыя незразумелыя словы, якія чула за апошнія гады рэвалюцыі.

Гэтыя словы мігнулі ёй цяпер, як раптоўныя праменні ў вочы. Словы гэтыя, таемныя і вабныя, нібы цапамі малацілі па яе сэрцы. Яна аж вочы зажмурыла і давай машынальна шаптаць гэтыя словы і пільна прыслухоўвацца да іх.

Аўгіня накіравалася раптам у тое страшнае месца, скуль рассейваліся гэтыя словы, «дзе чорту душу прадаюць», як гаварыў часта поп,— у хату-чытальню...

У гэтай вёсцы хата-чытальня была тым месцам, дзе збіраліся людзі на сходы, дзе чыталіся газеты, дзе «валаводзіў» камсамол, куды прыязджалі аратары з горада, якія (як Аўгіні казалі суседкі) гаварылі баечна-пекна аб розных простых сялянскіх справах. Словам, хата-чытальня была тым месцам, дзе можна гаварыць аб усім, нават аб сваіх крыўдах...

Крыўд у сэрцы Аўгіні было шмат, перапоўнілі яе грудзі, як той званец, які збожжа глушыць на полі: першым чынам, крыўда на «бога», які даў ёй такі горкі лёс (так тады думала Аўгіня); потым крыўда на мужа, што вечна здзекваўся над ёю; пасля на самае сябе, што дагэтуль маўчала; у канцы — на «ўвесь свет» (вёска і ваколіца) за тое, што не бараніў яе, што адносіўся да яе нібыта няўважліва.

Вострым крэменем гэта крыўда драпала яе горла, гарачай жыжай па жылах расцякалася, замыкала вусны жалезным замком, выціскала мутную расу з вачэй...

Вочы Аўгіні нібы дымам закурыліся. Яна была ў нейкім сне наяве. Кожнае сваё пачуццё, думку Аўгіня павінна была бачыць, ашчупваць — іначай гэта ёй было няясна. Такім чынам бачыла яна гэту крыўду...

Аб крыўдзе Аўгіня шмат цікавых старасвецкіх песень ведала, у якіх крыўда адмалёвана, як жывая, з галавы да ног...

Во, цяпер яна, крыўда, скаліць зубы вострыя з-пад гнілога, абросшага слізкімі губкамі, плота. Во, сіняй, касцістай рукою кліча Аўгіню. Во, урэпілася за яе лапці і не дае ісці. Во, хрыпла гавора да Аўгіні:

— А чаму ж ты гэтага часу са мною не ваявала? Я ж заўсёды была з табою — пры блінах у хаце, пры жніве на полі. Чаму не ваявала?

— Бо была сляпая і дурная! — адказвае Аўгіня на свае ўласныя думкі.

Аўгіня пры гэтым першы раз у жыцці сціскае рукі ў кулакі і з пагрозай махае імі перад сабою.

— А цяпер чуеш мяне?

— Чую, чую ў болі сваім,— адказвае Аўгіня зноў на свае думкі. Чую, што тут (яна ўжо падышла да хаты-чытальні) знімуць луску цемнаты з маіх вачэй.

Аўгіня адчыніла дзверы і бокам усунулася ў хату-чытальню.

— Людцы добрыя, ратуйце! — крыкнула Аўгіня.

Шмат моладзі было ў пакоі. Перад Аўгіняй замітусіліся маладыя твары, гарачыя вочы.

Усе з дзіўленнем кінуліся да яе.

— Якое няшчасце? Што здарылася?..

Розныя думкі, якія нядаўна жывымі ластаўкамі кружыліся ў галаве няшчаснай кабеты, цяпер заблыталіся, і яна не магла звязна апавядаць пра сваё гора.

Але людзі добра зразумелі, уцямілі, у чым рэч.

Галоўным чынам супакоілі цётку Аўгіню камсамолкі. Так лагодна з ёй гаварылі, так шчыра-ласкава на яе глядзелі, пранікаліся яе горам, ажно яе абдало нейкім надзвычайна-прыемным цяплом, і ўвесь боль яе сціх, прытаіўся...

 

*

Нібы ў казцы цудоўнай, перад Аўгіняй разгарнулася новае цікавае жыццё.

Па-першае, яе муж Яўхім пачаў менш піць і зусім перастаў біць яе, узяўся за наладжанне сваёй гаспадаркі. Па-другое, Аўгіня, як ні дзіўна, пачала вучыцца пісаць і чытаць.

Пальцы яе былі пакрыўлены, як сукі, у мазалях, пасмаленыя ў печы, патрэсканыя ад працы. Аўгінінае жыццё можна было чытаць па яе руках — найлепшы жыццёпіс працоўных людзей. У руках відаць была ўся душа вясковай гаротнай кабеціны.

Гэтыя рукі болей усяго вызначаліся, калі ў школе граматы для дарослых яны месца сабе не знаходзілі на белай, як снег, паперы. Дрыжэлі рукі ад шастання паперы маленькімі дрыгаткамі і як бы саромеліся, лезлі часта пад стол, каб іх папера не бачыла.

Гэтыя рукі, якія так спрытна ўвіваліся пры самай цяжкай сялянскай працы, тут страцілі сваю пэўнасць і сілу. Пальцы не складваліся добра, каб ручку трымаць; ручка здавалася Аўгініным пальцам стопудовай булавою.

Здавалася Аўгіні, што нічога на свеце няма мудрэйшага, як выводзіць атрамантам просценькія палачкі на паперы — вось такія рысачкі, як на аўсяным коласе... (Гэта здавалася тэй кабеціне, якая, апрача майстравання бліноў, яшчэ ўмела ткаць найпякнейшыя паяскі, з самымі хітра-мудрымі ўзорамі: з грабелькамі, падкоўкамі, васількамі. Яна славілася гэтым на ўсю ваколіцу.) Ёй здавалася, што малюнкі вывадзіць куды лягчэй і жывей, чым простыя палачкі ставіць. Вось яна малюнкамі цэлую кнігу напісала б...

Аўгіня пацела над літарамі. Аркуш паперы здаваўся ёй велізарным жытнім полем, якога яна не здолее зжаць. Але гэта было толькі першымі днямі. Пасля яна звыклася і навучылася так-сяк пісаць і чытаць.

У хату-чытальню Аўгіня прыходзіла штодня. Наслухалася шмат цікавых рэчаў. Выступала на сходах з гутаркамі-прамовамі, і зусім іншым чалавекам зрабілася.

Думкі яе выходзілі паўзверх яскравымі, ядранымі словамі, як тая рунь, што відавочна ў цяплыні вылазіць на свет з чорных грудзей тлустай глебы. Ранейшая маўклівасць павялічвала запас яе думак і слоў. Яе талент да бліноў і паяскоў і наогул да сялянскай працы пераліўся цяпер у яе новую грамадзянскую працу. А разам з гэтым яна не менш, чым раней, працавала і ў хаце.

Аўгіня набыла да сябе павагі не толькі ў роднай вёсцы, але ва ўсім сельсавеце. Калі хто з бяднячак была чым пакрыўджана — ішла за парадай да Аўгіні. Дзе ладзяцца чырвоныя хрэсьбіны ці вяселле — там Аўгіня рэй вядзе. Трэба сказаць, што набожнай яна ніколі не была. Ніводнай папоўскай малітвы не ведала. Аўгіня выкрывала самагоншчыкаў — іх лічыла сваімі заядлымі ворагамі, знахароў лаяла і будзіла цёмных, як яна раней, сялянак да лепшага жыцця.

Аўгіня як бы нанова на свет нарадзілася, яе заўсёды выбіралі дэлегаткай на з’езды кабет-працаўніц. На з'ездах яна вельмі трапна ўмела гаварыць аб гаротным жыцці сялянак на вёсцы.

Сотні вясковых хустак мітусіліся перад яе вачамі, лавілі кожнае яе слова, і сэрцы ўсіх дэлегатак біліся ў тахт з яе сэрцам. Паводлуг яе прамоў, заўсёды вынасіліся практычныя рэзалюцыі аб арганізацыі і працы кабет на вёсцы.

Шмат такіх Аўгінь бывала на з’ездах, і Аўгіня там бачыла сваю праўдзівую сям’ю.

У ваколіцы ўсе звалі Аўгіню «дэлегаткай» і шмат аб ёй гаварылі, калі ў часопісу пабачылі яе партрэт.

Яе новае жыццё, цікавая праца знялі з яе твару вечны выраз плачу: вочы былі спакойныя, задумлёныя і смелыя, зморшчыны згладзіліся. Відаць было, што Аўгіня добра разумее, што яна адна з тых тысяч і мільёнаў, якія будуюць новае светлае жыццё для ўсіх працоўных.

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 219-228
Крыніца: скан