epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Думкі к часу (Аб нашай літаратуры і нашых літаратарах)

І
ІІ
IV


І

Няма крытыкі.

У нас да гэтага часу яшчэ няма крытыкі на творы нашых пісьменнікаў. Няма поўных і пэўных разглядаў твораў як старых, так і маладых тварцоў нашага прыгожага пісьменства.

У нас ёсць толькі бібліяграфічныя нататкі альбо выпадковыя, канспектнага характару артыкулікі аб тым ці іншым пісьменніку.

Проста гора. Хоць ты знекуль спецыяльна выпішы крытыка-спецыяліста.

Гэты крызіс адчуваюць вельмі самі нашыя пісьменнікі і арганізуюцца ў групы (як, напр., «Маладняк») і займаюцца самакрытыкай.

Займацца самакрытыкай — рэч, безумоўна, вельмі карысная і неабходная як для літаратурнай групы пэўнага напрамку, таксама для кожнага пісьменніка паасобку. Але... але крытыкі пастаронняй, бестэндэнцыйнай, строгай, якая аналізавала б усебакова літаратурныя творы, якая служыла б пасрэднікам між пісьменнікам і чытачом, якая грунтоўна знаёміла б у школах з нашай літаратурай — няма.

Гэты крызіс адчуваўся за ўвесь працяг развіцця новай беларускай літаратуры перыяду «Нашай нівы» да апошніх часоў.

Гэтага пуцяводнага маяка-крытыка ўвесь час чакалі і чытачы і самі нашыя пісьменнікі.

— Калі ніхто аб нас, дык мы самі аб сабе!

Так разважалі беларускія пісьменнікі. Імі кіравала не пачуццё самарэкламы і сябеўсхвалення. Не, нашыя пісьменнікі вельмі скромныя ў гэтым кірунку.

Тут проста справа вымагала.

І вось першым з нашых пісьменнікаў, які пачаў займацца крытыкай, быў нябожчык Максім Багдановіч. Яго крытычныя нарысы, праўда, вельмі сціслыя, але меткія, пападаючыя якраз у кропку. Ён даваў характарыстыкі кожнаму пісьменніку ў некалькіх радках, двума-трыма штрыхамі; але гэтыя характарыстыкі такія трапныя, што пазнейшыя аглядальнікі нашай літаратуры іх і па сённяшні дзень цытуюць.

Пісьменніку так-сяк можна пісаць аб сваім таварышу-пісьменніку (хоць таксама часам прыкравата, каб не вінавацілі ў тэндэнцыйнасці), але як пісаць аб самім сабе?

Зусім не пісаць аб сабе нельга — адным пісьменнікам у літаратуры менш будзе. Пісаць зноў жа як бы нялоўка.

І вось М. Багдановіч, не ацэньваючы сябе з боку мастацкага, у сваіх артыкулах гаварыў аб сабе прыблізна так:

«М. Багдановіч у сваіх вершах стараўся даваць старакласічныя формы розных еўрапейскіх літаратур».

Гэта пісаць было неабходна, бо ў кірунку стылізацыі розных формаў вершаў ад старагрэцкіх да навейшых французскіх уключна Багдановіч быў адзіным. Каб ён аб сабе гэтых некалькіх слоў не пісаў — быў бы вялікі прабел у яго крытычных аглядах нашай літаратуры...

Наш таленавіты празаік Максім Гарэцкі дзеля школьных патрэбаў напісаў у 1920 г. «Гісторыю беларускай літаратуры».

Не будзем тут удавацца ў крытыку гэтай працы. Факт застаецца фактам, што іншага і лепшага твора ў гэтым кірунку для нашых школаў пакуль што няма. У нашых школах гэта кніжка — рэч неабходная.

М. Гарэцкаму выпала вельмі цяжкае заданне: даць акрасленне і пэўнае месца на беларускім Парнасе кожнаму з нашых пісьменнікаў. Гэта было лягчэй рабіць з тымі пісьменнікамі, якія ўжо адышлі ў нябыт, як Д.-Марцінкевіч, Багушэвіч, А. Гарун і іншыя. А тыя пісьменнікі, якія знаходзяцца ў перыядзе развіцця, якія выявілі свой твар, але яшчэ маюць многа казаць і выяўляць новыя рысы ў сваёй бягучай творчасці, — які падход рабіць да іх?

Праўда, заданне цяжкае.

М. Гарэцкі цытаваў крытычныя агляды Багдановіча аб некаторых з гэтых пісьменнікаў, даваў і ад сябе і — такім чынам — стварыў дзеля школ першы падручнік аб беларускай літаратуры.

Але выйшаў адзін вялікі недахват — аб празаіку М. Гарэцкім (у той час, калі ў нас празаікаў вельмі мала) М. Гарэцкі ні слова не сказаў.

І, праўда, трэба мець надзвычайную адвагу пісьменніку самому аб сабе гаварыць.

У гэтым кірунку мы маем яшчэ адзін прыклад: Цішка Гартны, якому таксама прыходзіцца рабіць агляды беларускай літаратуры. У сваіх крытычных аглядах («Зажынкі» — зб., «Беларусь» — зборнік) Цішка Гартны ўспамінае і аб сабе, даючы невялічкі агляд сваіх твораў, і зусім рацыянальна. Бо без гэтага артыкул быў бы няпоўны, тым болей што Ц. Гартны займае ў нашай літаратуры асобнае месца як пачынальнік пралетарскіх матываў у нашай паэзіі яшчэ шмат гадоў таму да вялікай рэвалюцыі.

Вось у якім трагікамічным становішчы знаходзіліся тыя з нашых пісьменнікаў, якія браліся пісаць крытычныя нарысы аб нашай літаратуры.

За апошнія гады ў нашых перыядычных часопісах з’явіліся новыя крытыкі, мільгнулі новыя прозвішчы: Ігнатоўскі, Чаржынскі, Пятуховіч, Каравайчык і Байкоў.

Але тут зноў жа іхнія працы носяць выпадковы характар: альбо артыкул напісан аднабакова («Лірыка ў творах М. Чарота», Ігнатоўскі), альбо носіць чыста бібліяграфічны характар (артыкулікі Байкова ў «Полымі»).

А крытыкі ў нас усё ж такі няма. Яшчэ ніводнага слова не было сказана аб новых напрамках, аб новых формах у нашай паэзіі. Яшчэ не было ў нас прызываў-клічаў да пісьменнікаў пісаць вялікія творы як прозай, таксама і вершам. А такія прызывы маюць вялікае значэнне. У гэтым кірунку можа служыць прыкладам адзін маленькі ліст у газеце «С. Б.» ад групы «Маладняк» да нашых пісьменнікаў аб тым, каб пісалі аб Леніне. Зараз жа з’явіўся ў нашым прыгожым пісьменстве цэлы цыкл твораў у гэтым кірунку.

Каб у свой час і паралельна з развіццём нашага прыгожага пісьменства ішло развіццё і нашай крытыкі, дык мы пэўны, што творы нашых літаратараў і па якасці, і па ліку куды вышэй сталі б, чымся дагэтуль.

Шмат з капітальных твораў нашых пісьменнікаў, можна сказаць, праходзяць зусім моўчкі. Мала хто аб іх словам адгукнецца. Узяць, напр., ранейшыя творы Я. Купалы, як «Сон на кургане», «Раскіданае гняздо» і інш., Коласа — «Новая зямля», «У палескай глушы», «Сымон-музыка», таксама і іншых аўтараў, дык, апрача няпоўных бібліяграфічных аглядаў, аб іх нічога не сказана.

Вось яшчэ прыклад. Ужо каторы раз выходзяць у свет нашы часопісы «Полымя», «Маладняк», і ніхто аб іх, хоць бы ў нашай газеце, і словам не адгукнецца, апрача заметкі характару звычайнай кнігарскай абвесткі.

А чаму?

Таму, што пісьменнікі не могуць пісаць — яны самі супрацоўнічаюць у гэтых часопісах, так што тут з'яўляецца звычайная, зразумелая нялоўкасць. А болей ніхто з пісьменнікаў не дадумваецца пісаць. Праўда, адзін раз Я. Дыла адважыўся даць некалькі слоў.

Выходзіць так, што чытачы «Полымя» ці «Маладняка» не маюць да часопісаў крытычнага ўводу, той электрычнай лямпачкі, якая асвятляла б чытачу (масаваму, бо мы тут ужо не кажам аб беларускім інтэлігенце) радкі вершаў і прозы ў новым стылі.

А крытыка — гэта трыбуна, з якой чытач чуе тлумачэнне аб творах, якія ён чытае. Крытыка дапамагае чытачу арыентавацца ў прачытаным, навучае яго ўдумвацца ў творы.

Пасля чытання добрых крытычных нарысаў чытач сам робіцца крытыкам і свядома глядзіць на творы розных аўтараў.

Беларуская літаратура ў канчатковым скутку сваім яшчэ не мае крытыкі, якая вельмі патрэбна як пісьменнікам, таксама і чытачам.

Як выйсці з гэтага становішча?

 

 

ІІ

Няма друкаванай крытыкі, дык дайце публічнай масавай крытыкі!

Вось яшчэ ў мінулым годзе пачалі ладзіцца літаратурныя вечары «Полымя», потым і «Маладняка».

Як мы прыпамінаем, вечары былі жывыя, шумныя, прыходзіла шмат вучнёўскай моладзі.

Але немаведама, дзеля якой прычыны гэтыя вечары, не расцвіўшы, адцвілі...

А такія вечары, на якіх робіцца жывая сувязь між літаратарам і чытачом, надзвычайна патрэбны. Моладзь вельмі пільна прыслухоўваецца к новаму прыгожаму беларускаму слову. Моладзь вучнёўская нават прабавала ладзіць літаратурныя суды над некаторымі творамі беларускіх пісьменнікаў (як, напр., суд над паэмай «Босыя на вогнішчы» М. Чарота ў Белпедтэхнікуме).

Але ўсялякія такія парыванні-спробы ажывіць беларускую літаратуру праз жывую крытыку на публічных выступленнях у далейшым працягу як бы замёрлі.

Што служыць гэтаму прычынай?

Першым чынам, кожны з нашых пісьменнікаў заняты іншымі працамі дзеля здабывання сродкаў на пражыццё, і ён не мае часу рыхтавацца да такіх вечароў. Літаратурнай творчасцю нашы пісьменнікі займаюцца ў вольны ад працы час, выпадкова. А па-другое — гэткія літаратурныя выступленні патрабуюць кожны раз усё ж такі крытычнага ўводу, разгляду твораў, якія маюць чытацца на даным вечары.

Кожны раз спачатку патрэбна лекцыя аб напрамку твораў, аб мастацкіх дасягненнях аўтара ў новых шукальнях і г. д. А ўжо пасля такой лекцыі літаратурныя творы чытаюцца як ілюстрацыі к памянёнай лекцыі.

Але наогул літаратурныя вечары ў нашым беларускім абхваце маюць і свае адмоўныя бакі.

Не кожны аўтар умее добра чытаць свае творы. Такім чынам вельмі часта добры твор у кепскім чытанні траціць 80 працэнтаў сваёй вартасці.

Таксама большасць слухачоў не можа адразу ўлавіць усе адценні твора, каб потым мець магчымасць зараз жа экспромтам сказаць сваю крытыку. А калі хто і кажа на такіх вечарах сваё мімалётнае ўражанне, дык гэта крытыкай поўнай і сур’ёзнай лічыцца не можа.

І зноў жа большасць публікі пасля такога вечара не выносіць поўнага ўражання. Большасць бачыць абразцы літаратурнай творчасці як бы праз туман.

На наш погляд, такія вечары вельмі патрэбны, і не толькі ў Мінску, але па розных гарадах Беларускай рэспублікі. Толькі гэтыя вечары павінны ладзіцца болей арганізавана, з добрай да іх падгатоўкай.

Перш-наперш спачатку павінна быць прачытана лекцыя, добра апрацаваная, якая характарызуе даных аўтараў у іхніх творах, якія дэманструюцца на даным вечары. Лекцыя павінна быць вельмі папулярна вылажана. У ёй павінна быць указана і аб форме, і аб змесце, і аб агульным настроі даных твораў, і аб тым, што аўтар у гэтым творы хацеў сказаць, насколькі яму гэта ўдалося і г. д.

Тыя аўтары, якія самі добра чытаюць, павінны чытаць самі, а рэшта — няхай чытаюць дэкламатары-спецыялісты.

Што тычыцца крытыкаў, дык, не лічачы выпадковых асобаў, якія выступяць з публікі, некалькі крытыкаў павінны заўчас прачытаць творы, добра прадумаўшы свой крытычны агляд, а потым ужо выступаць публічна.

Абавязкова хоць два крытыкі павінны да гэтага быць падрыхтаваны, адзін — за, другі — проціў. Гэтыя два крытыкі — пракурор і абаронца, якраз дадуць повад іншым, выступіўшым экспромтам, выявіць сабе цалкам сэнс твораў з усіх бакоў.

Тады, можна быць пэўным, літаратурны вечар дасягае сваёй мэты. Масы будуць знаёміцца з беларускай літаратурай, будуць мець аб ёй жывое выяўленне.

Магчыма, што пасля такіх вечароў апрацуецца, выкрысталізуецца сталая крытычная думка аб нашай літаратуры. Такія вечары, магчыма, дадуць вам у канцы аднаго-двух і болей сапраўдных крытыкаў, якія возьмуцца спецыяльна у гэтым кірунку пастаянна працаваць.

Нашым маладым крытыкам трэба раз назаўсёды ведаць, што пісаць крытыку — гэта тое самае значэнне мае ў літаратуры, як пісаць паэму ці повесць. Трэба мець той жа самы мастацкі талент — трэба быць самому мастаком. Трэба часам разумець аўтара з паўслова, з няўдачнага часам слова трэба ўгадаць, што аўтар хацеў сказаць. Крытык павінен уцяміць нахілы аўтара, яго моцныя і слабыя бакі і пакіраваць яго туды, дзе ён чуецца моцным. Калі часам аўтар сам сябе не знаходзіць у сваіх творах — крытык павінен яго вышукваць, знайсці, паказаць аўтару яго праўдзівы твар. Інтуітыўная, часам падсвядомая творчасць аўтара павінна быць навукова разложана крытыкам на псіхалагічныя, калі можна так казаць, атамы. Псіхалогія творчасці дадзенага твора павінна быць высветлена крытыкам усебакова, якія ўплывы, якія абставіны, якія настроі дыктавалі аўтару дадзены твор. Часам, калі твор надзвычайна выдатны, аб ім прыходзіцца куды болей пісаць, па колькасці, чымся сам твор займае. Гэта патрэбна. Гэта найлепшая літаратурная студыя і для чытачоў і для аўтараў.

Але, разумеецца, крытык павінен быць надзвычайна адукаваным чалавекам, павінен ведаць хоць некалькі еўрапейскіх моў і грунтоўна быць знаёмым з сусветнай літаратурай усіх часоў.

Шмат хто пакладзе надзеі ў гэтым кірунку на наш Дзяржаўны універсітэт.

З беларускай студэнцкай моладзі выйдзе некалькі крытыкаў нашай літаратуры. Шмат хто з іх піша рэфераты аб нашым прыгожым пісьменстве і г. д.

Мы таксама спадзяёмся, але пакуль што — чакай у мора пагоды.

Гэта шмат залежыць ад таго, якую падгатоўку ў гэтым кірунку дадуць студэнтам прафесары.

Цяпер колькі слоў аб прадмеце беларускай літаратуры ў нашых школах. Як вам вядома, кожны настаўнік па-свойму выкладае гэты прадмет. Кожнаму настаўніку прыходзіцца капацца ў розных матэрыялах, рассеяных па часопісах чуць не 20-гадовага перыяду.

Чаму? — Таму, што яшчэ не выдрукавалі Поўных збораў твораў нашых пісьменнікаў.

Калі нават каму-небудзь з настаўнікаў і ўдасца азнаёміцца на 50 працэнтаў з творамі нашых пісьменнікаў, дык усё роўна вучні (сярэдніх і вышэйшых школ) гэтага чытаць не маюць доступу. Значыць, якія бы сабе лекцыі ні былі, а ў вучняў у галаве вельмі мала астаецца аб беларускай літаратуры. Мы ўжо тут не кажам аб выкладанні прадмета народнай творчасці па нашых школах, а ён у большасці зусім не выкладаецца. А калі дзе і знаходзіцца такі працавіты настаўнік, які бярэцца і за гэты прадмет, дык яму прыходзіцца доўга капацца па многа цёмных працах нашых этнографаў. Пры гэтым такому настаўніку прыходзіцца яшчэ тварыць сваю тэорыю. Словам, кожнаму настаўніку беларускай літаратуры прыходзіцца, як таму Рабінзону Круза, тварыць, пачынаючы ўсё спачатку.

Крытыка нашай літаратуры — гэта пытанне дня, адна з важнейшых спраў нашай адраджаючайся культуры.

Над гэтым трэба не адкладваючы пачаць працу. [...]

 

 

IV

Для нашых пісьменнікаў, якія ў большасці выйшлі з сям'і працоўнага сялянства і не мелі магчымасці скончыць нават сярэднюю школу, абавязкова трэба адчыніць у Мінску літаратурную студыю. Пішучай братыі па ўсёй Беларусі набярэцца некалькі дзесяткаў чалавек. Некаторыя з іх жывуць у глухіх вёсках і не маюць магчымасці нават добрую кніжку пачытаць.

Такая студыя для нашых пісьменнікаў надзвычайна патрэбна. Студыйцы павінны праходзіць агульныя навукі ў абхваце сярэдніх школ. Пасля патрэбна вывучэнне некалькіх еўрапейскіх моваў, марксізма і, галоўным чынам, тэорыі і практыкі літаратурнай творчасці і азнаямленне з сусветнай літаратурай. Гэты прадмет павінен быць шырока пастаўлены.

Такая студыя пашырыць гарызонт думак пісьменніка, узвысіць яго светагляд і дасць яму магчымасць разгарнуць свой прыродны талент.

Літаратурную студыю трэба арганізаваць у гэтым жа годзе.

Пры якіх варунках нашы пісьменнікі пішуць свае творы?

Кожны з іх працуе на звычайнай дзяржаўнай службе. Кожны з іх мае шмат розных абавязкаў, якія адымаюць у пісьменніка найлепшы час. Спецыяльна літаратурай ніхто з беларускіх пісьменнікаў не займаецца. Сваёй замілаванай працы — літаратурнай творчасці — ён аддае вельмі скупыя гадзіны, піша ўрыўкамі і тады, калі ён вызваляецца ад сваёй будзённай працы дзеля здабывання кавалка хлеба.

Гэта значыць, што наш пісьменнік бярэцца за літаратурную працу тады, калі ён ужо змучаны, калі ўся энергія аддадзена той рабоце, якую за яго маглі б выпаўняць іншыя.

Мы пэўны, што, калі б нашаму пісьменніку даць патрэбныя варункі для творчасці, гэта творчасць і па ліку, і па якасці павысілася б болей, чым на сто працэнтаў.

Большасць нашых пісьменнікаў знаходзіцца альбо ў Мінску безвыездна, альбо дзе-небудзь у вёсцы ці павеце. Гэтак некалькі гадоў падрад: службовыя абавязкі іх звязваюць па руках і нагах, яны прыкуты да аднаго месца.

З'яўляецца пытанне: якім чынам пры такіх абставінах беларускія пісьменнікі могуць у сваіх творах даваць жывыя абразкі новага быту нашай рэспублікі?

І не могуць, і не даюць.

Нашыя пісьменнікі дзеля гэтага выключна заняты цяпер пісанінай дробных вершыкаў. Некаторыя з іх (як, напр., Я. Пушча) проста захварэлі на ясеніншчыну1. Жыўцом вырываюць ясенінскія вобразы і рыфмы. І цікава, калі пачытаць некалькі вершаў розных аўтараў гэтага гатунку, дык адразу прыкмеціш, што яны вельмі падобны адны да адных і да прыкрасці паўтараюцца.

Гэта з’явішча ў нас ненармальнае. Гэтаму прычынай служыць тое, што пісьменнікі мала звязаны з рабочымі сялянскімі масамі Беларусі і, седзячы на адным месцы, варацца ў саку маскоўскіх журналаў, знаходзячыся ў палоне маскоўскіх паэтаў.

Галоўная каштоўнасць беларускай новай літаратуры якраз у тым, каб даваць сваё самабытнае, каб не быць падобным да кагосьці, а быць самім сабою.

У гэтым кірунку трэба браць прыклад з украінскіх пісьменнікаў, якія ідуць у творчасці сваім уласным шляхам і твораць свае ўласныя літаратурныя школы.

Дзеля таго, каб некаторыя з нашых маладых пісьменнікаў вызваліліся з палону маскоўскіх пісьменнікаў, трэба ім наладзіць сувязь з беларускімі працоўнымі масамі.

Нашыя пісьменнікі павінны вывучыць новую беларускую вёску і там чэрпаць свае настроі — з жывых крыніц нашага народа.

Наша Савецкая Беларусь займае вялікі абшар. У любой з нашых вёсак можна ўгледзець проблескі новага жыцця, каванне новага быту. Вось тут і трэба шукаць матэрыялу для сваёй творчасці беларускаму пісьменніку.

Цяпер ва ўсіх галінах навукі і мастацтва прыняты метад экскурсій. Экскурсіі — жывая наглядная школа, якая не можа быць заменена ніякімі кніжкамі, ніякімі лекцыямі.

Экскурсіі патрэбны нашым пісьменнікам як хлеб, а яны засядзеліся праз меру на адным месцы. Такія экскурсіі могуць быць дваякія: экскурсіі па Беларусі і СССР і — за граніцу.

Кожны беларускі пісьменнік павінен добра выведаць свой родны край і ўвесь Саюз ССР.

Кожны беларускі пісьменнік павінен пабываць у еўрапейскіх дзяржавах.

Украінскія пісьменнікі, як нам вядома з газет, сёлета ўжо ладзяць сваю першую экскурсію за граніцу. Пара і нам аб гэтым падумаць!

1 Але трэба заўважыць, што ў той час, калі ў Ясеніна сапраўды мастацкія творы, у нашых ясенінцаў яны туманныя і часам з'яўляюцца наборам недарэчных слоў.


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 427-436
Крыніца: скан