epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Гармонік плакаў

Гармонік плакаў...

Месяц толькі што ўзышоў над млынам. Блакітныя цені накрылі старую грэблю, возера, высокі чарот і пакрыўленую хату мельніка. Чуць-чуць зыбаліся чорныя галіны валікай вольхі... Людзі вячэралі ды адпачывалі пасля цяжкай працы летняга гарачага дня.

Гармонік плакаў...

На абшырным дзяцінцы каля паркана сядзеў дзяцюк без шапкі, у белай кашулі навыпуск, расхрыстаўшыся на грудзях, ды граў на гармоніку нейкую маркотную песню, такую маркотную, што здавалася, блізкі пахучы бярэзнік млеў і перарываў свае шаптункі... Гарачая жыжка поту капала з твару дзецюка, бо ён-ткі зазухаваўся і горача, у такт музыцы, і галавой трос, і нагамі дрыгаў, і плячамі варушыў, і увесь хінуўся ўніз; то выпінаў крэпкія грудзі, то з пагардай, як бусел, выцягваў загарэлую ад сонца шыю ды ўсё шырэй расцягіваў рукамі мех гармоніка.

На ганку сваёй хаткі, як крук, апусціўшы галаву, сядзеў мельнік «Крывы Саўка», як клікалі яго вясковыя, а побач яго кудлаты сабака.

………………………………………………………………………………………………...

Крывы Саўка быў яшчэ малады дзяцюк, але надта брыдкі: твар рабы, як мухамор, вочкі маленькія, як у мышкі, а ў прыдатак яшчэ аднаклубы і падхрамываў.

Ніхто цяпер гэтак, як ён, не прыслухоўваўся да песні гармоніка... Журба па каханай дзяўчыне гэтак церабіла яго маладое сэрца, што дзіўна было. Любоў рабіла яго чуткім, любоў, як вясенняя зарніца, гарэла ў яго душы ды панавала над ёй...

Меў няшчасце Крывы Саўка палюбіць маладую дачку свайго суседа, а для гэткага калекі, як ён, палюбіць — няшчасце вялікае...

І замарнеў чалавек без сну і без яды... Перад вачыма толькі адзін вобраз маладзенькай Ганулькі, і нешта ўсё смокчыць яго сэрца да крыві...

Чуе Крывы Саўка вокліч сваёй вялікай болі ў гармоніку, і працяглы стогн вырываецца ў яго:

...Толькі на слёзы бог мне вочы даў?..

...Толькі на боль ён мне грудзі даў?..

...На які чорт жыць на свеце гэткаму адзінокаму?.. Але каб Крывы Саўка ў гэты самы час паглядзеў, якія рахманыя, добрыя вочы кудлаты сабака на яго выставіў, як ён віляў хвастом і гэтак жаласна пішчаў, то ён бы не думаў, што ён гэткі адзінокі. Кудлаты сабака надта добра зразумеў боль свайго гаспадара.

…………………………………………………………………………………………………

У глыбі люстэрнага возера купаўся залаты круглы месяц. Гармонік даўно змоўк, бо дзяцюк той паехаў на начлег. Сумнай зрабілася ноч. Толькі адзін Крывы Саўка нават не крануўся з свайго месца... У гэты самы час думы, як грыбы, раслі ў яго сэрцы і з яго сухіх вуснаў часта вырывалася: цьфу! Каб цябе немач, каб цябе!

……………………………………………………………......……………………………….

Амаль не кожны чалавек мае сваё характэрнае слаўцо. Здаецца, адно слова, але не адно значэнне мае яно: трэба прыкмеціць, якім тонам вырываецца гэтае слова, калі ён гаворыць ад нуды, калі ад радасці, калі ад злосці і г. д.

………………………………………………………………………………………………...

— Цьфу! Каб цябе немач, каб цябе!..

— Ці-ткі Гануля не ведае, што я яе гэтак люблю?

О, яна ведае!

І ўспомніў ён, як адзін раз яна была ў яго на падзённай рабоце і жала жыта. Ён тады тайком пазіраў на яе круглыя белыя плечы, доўга пазіраў, пакуль яна гэтак усхапілася, быццам пчала ёй у плечы ўкусіла... і як зірнула яму ў вочы, дык аж дрыжака прабегла ў яго...

З таго часу яна ўцякае ад яго і надта яго баіцца.

Цьфу! Каб цябе немач, каб цябе...

І думы, як грыбы, павырастаюць у яго сэрцы; а над усімі думамі ўсё Гануля, як сонейка пад светам стаіць, усё Гануля.

………………………………………………………………………………………………...

Вось здаецца яму, што ў возеры нехта баўтыхаецца і крычыць.

— Яна... Божа мой, яна! — І ён пялёх з грэблі ў ваду... Выратаваў. Яна гэтак дзякуе, плача, а ён яе цалуе. О, як яму добра!..

— Цьфу! Каб цябе немач, каб цябе! — і брыкнуў сабаку ў бок за тое, што адагнаў яго фальшывыя мары, за тое, што жаласна забрахаў, пазіраючы яму ў вочы, у самую душу…

…………………………………………………………………………………………………

Да лесу схіліўся месяц. Зоркі гараць у небе, і здаецца яму, што гэта ўсё Ганулькі вочы на яго пазіраюць... вочы... вочы...

— О, Ганулька! Мілая! Сонейка маё! Адзін толькі раз вачамі яснымі з ласкай зірні на мяне!.. Скажы мне, што рабіць? Загадай! Я родную вёску падпалю! Я свайго старога бацьку зарэжу! Павешуся сам!

І корчыцца ён, і стогне, як ад нейкай страшэннай хваробы...

Сабака ліжа яго акалечаныя ногі.

Цьфу! Каб цябе немач, каб цябе!

...Чаму ж тады не прыйшла.

Як я цябе клікаў...

Запяялі ў лагчыне начлежнікі.

………………………………………………………………………………………………..

Доўга, доўга пазірае сабака ў вочы Крывому Саўку, доўга, доўга... Акамянеў мельнік.

— Гэтак, мусіць, і я на Ганулю пазіраю, як сабака на мяне?!

І кінуўся ён да сабакі, абхапіў дрыжачымі рукамі сваімі яго і пачаў цалаваць у морду, у вочы, і гарачыя слёзы яго пакрылі лахматую галаву сабакі, як расой…

 


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 55-57
Крыніца: скан